Пошук

19.10.2023 11:14   Pio.by / Catholic.by

З 10 кастрычніка пры касцёле святога айца Піо ў Маладзечне (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Маладзечанскі дэканат) распачаў працу праект «Век жыві, век вучыся», арганізатарамі якога сталі валанцёры мясцовага парафіяльнага Caritas.

Як адзначаецца на сайце маладзечанскай парафіі святога Казіміра Pio.by, у межах праекта арганізатары запланавалі шэраг разнастайных заняткаў, майстар-класаў, псіхалагічных трэнінгаў, лекцый аб здаровым ладзе жыцця, гістарычных вандровак.

17 кастрычніка адбылася чарговая сустрэча, якая наўпрост закранула праблемы людзей пажылога ўзросту: занятак на тэму «Кожны можа аздаравіць свой арганізм без сур’ёзных матэрыяльных выдаткаў» правяла урач-герыятр паліклінікі №1 г. Маладзечна Таццяна Скрабіна.

Герыятр — гэта спецыяліст, які аказвае медыцынскую дапамогу пажылым людзям. Яна заключаецца ў дыягностыцы, лячэнні і папярэджанні захворванняў з улікам асаблівасцяў пажылога ўзросту.

Доктар расказала, як аздаравіць свой арганізм без сур’ёзных матэрыяльных выдаткаў, каб папярэдзіць шматлікія захворванні. Спецыяліст сцвярджае, што для гэтага неабходна павялічыць фізічную актыўнасць: прагулкі на свежым паветры спрыяюць паляпшэнню стану суставаў, умацаванню цягліц, паляпшэнню крывацёку.

Герыятр распавяла, што паводле даследаванняў у дзень пажылому чалавеку неабходна рабіць 5–8 тыс. крокаў, у тыдзень — 150 хвілін хады. Гэта можа быць скандынаўская хада, пры якой вельмі важна навучыцца правільна дыхаць. Па меркаванню спецыяліста, таксама карысная дыхальная гімнастыка як выдатная прафілактыка і лячэбна-аздараўленчая фізкультура.

Асаблівую ўвагу спецыяліст надала правільнаму харчаванню.

«Сутачны рацыён павінен утрымоўваць дастатковую колькасць бялкаў, тлушчаў, вугляводаў, вітамінаў, мінеральных рэчываў. Гародніны і садавіны павінна быць не менш за аб’ём, які змяшчаецца ў вашу далонь. Абавязкова прысутнасць у рацыёне нішчымнага, або нятлустага, мяса (ялавічына, цяляціна, трусяціна, індычка), рыбы, яек, малака і кісламалочных прадуктаў. Хлеб абавязкова павінен прысутнічаць у рацыёне, лепш за ўсё збожжавы, з вотруб'ем, бялкавы. Неабходна сачыць за вагой, ціскам і ўзроўнем халестэрыну. Безумоўна, людзям ва ўзросце неабходна адмовіцца ад шкодных звычак — курэння, алкаголю.

Пастаянныя стрэсы, адзінота, дэпрэсіі, дрэнны сон могуць стаць прычынамі заўчаснага старэння і розных хвароб.

Галоўнае для чалавека — не адчуваць сябе адзінокім»,— лічыць Таццяна Скрабіна.

Спецыяліст парэкамендавала выходзіць у соцыюм, знайсці хобі, напаўняць сваё жыццё пазітывам і радавацца кожнаму дню.

Арганізатары праекта «Век жыві, век вучыся» запрашаюць усіх ахвотных на заняткі, якія будуць праходзіць у касцёле святога айца Піо кожны аўторак і пятніцу.

З праграмай сустрэч можна пазнаёміцца на сайце парафіі святога Казіміра.

Абноўлена 19.10.2023 11:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.