Пошук

01.10.2024 16:41   Catholic.by

У Міжнародны дзень пажылых людей, які па ініцыятыве ААН адзначаецца 1 кастрычніка, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, кіруе свае віншаванні.

Дарагія браты і сёстры!

Зноў прыйшла ў наш край восень, залатая восень. Так мы называем пару года, якая ўпрыгожвае золатам дрэвы. Прыходзіць восень і з іншым колерам, калі срэбрам упрыгожвае жыццё чалавека ў яго трэцім «сезоне». Менавіта сёння адзначаецца Міжнародны дзень пажылых людзей. З гэтай нагоды дазвольце звярнуцца да вас, мае дарагія бабулі і дзядулі, з пажаданнямі і словамі падзякі.

Вы прайшлі праз гады вайны, рэлігійнага пераследу, гіперінфляцыі і іншых палітычных і эканамічных выпрабаванняў, але пры гэтым не згубілі веру, пабудавалі дамы, загаілі раны вайны, нарадзілі і выгадавалі дзяцей і сёння маеце чым падзяліцца з маладым пакаленнем. За гэта вам дзякуем.

Наконт гэтага Папа Францішак адзначае: «Карысна дазваляць пажылым людзям расказваць доўгія аповеды, якія часам здаюцца міфічнымі, фантастычнымі: гэта мары пажылых людзей, вельмі часта поўныя каштоўнага досведу, яскравых сімвалаў, схаваных пасланняў» (пар. Апостальская адгартацыя Christus vivit, 194).

Далей Папа піша: «Існаванне сувязі паміж пакаленнямі азначае, што супольнасць можа мець калектыўную памяць, бо кожнае пакаленне пераймае досвед сваіх папярэднікаў, пакідаючы тым самым спадчыну сваім нашчадкам» (пар. ChV, 191).

Браты і сёстры, маю надзею, што вы таксама будзеце згодныя з гэтым. Таму размаўляйце з бабулямі і дзядулямі, запытайцеся ў іх пра іх мары аб нас яшчэ да нашага нараджэння. Можа, гэта акурат тое, пра што вы самі не адважваецеся сказаць сваім бацькам. У асобе бабулі і дзядулі юнакі і дзяўчаты могуць мець аднадумцаў і нават хадайнікаў у сваіх жыццёвых інтарэсах.

Дарагія сябры, перад намі — вялікія выклікі, і мы зможам іх пераадолець толькі сумесна, аб’яднаўшы вопыт і энтузіязм: усё лепшае, што маюць розныя пакаленні. Нездарма народная мудрасць гаворыць: «Калі б малады ведаў, а стары мог, не было б нічога, чаго б чалавек зрабіць не змог».

Любыя бабулі і дзядулі, трымайцеся! Вы нам патрэбныя.

Гэта нічога, што вы ўжо не можаце самі схадзіць па хлеб у краму ці прыбраць у кватэры. Вашая ўсмешка, якую мы бачым у вакне ў пахмурны дзень, вяртаючыся дамоў, — гэта моцная падтрымка для нас. Часам адна ваша лагодная ўсмешка можа стварыць атмасферу любові ў доме.

Скажыце маладым людзям, якія носяць у сэрцы спалучаныя між сабою гераічныя амбіцыі і страх, што жыццё без любові пазбаўлена плоднасці. Падтрымайце іх і дайце ім упэўненасць у тым, што яны могуць перамагчы сваю трывогу за будучыню і даць адказ на ўсе жыццёвыя выклікі. Навучыце маладых, што больш радасці ў тым, каб даваць, чым у тым, каб браць, і што любоў праяўляецца не ў словах, а ва ўчынках (пар. ChV, 197).

Жыццядайная сіла чалавецтва — у сувязі пакаленняў, таму давайце паклапоцімся пра свае «карані».

Жадаю ўсім Божага благаслаўлення, апекі Маці Божай і падтрымкі святых Яўхіма і Ганны — апекуноў пажылых людзей.       Здароўя вам і пагодных восеньскіх дзён!

Ад усяго сэрца благаслаўляю на восеньскім шляху.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця