23 верасня ў парафіі святога Казіміра ў Маладзечне (Мінска-Магілёўская архідяцэзія) адзначаўся адпуст у гонар святога айца Піо з П’етрэльчыны, тытул якога мае парафіяльная святыня, што на Вялікім Гасцінцы.
У гэты дзень вернікаў гэтай маладзечанскай парафіі, дзе нясуць служэнне Меншыя Браты Капуцыны і Сёстры Місіянеркі Святой Сям’і, наведаў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.
Парафіяне сардэчна прывіталі заслужанага іерарха, разам з якім да святкавання далучыліся таксама святары, сёстры законныя і госці з суседніх парафій і дыяцэзій.
З нагоды ўспаміну святога айца Піо парафіяльная тэатральная група пад кіраўніцтвам сястры Кацярыны Грынчык MSF зладзіла прадстаўленне аб жыцці гэтага славутага італьянскага капуцына. Акцёры прадставілі розныя этапы жыцця святога: пакліканне, цяжкасці, спакусы на шляху да святасці.
Пасля такога тэатралізаванага ўступу адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Кандрусевіч.
У прамоўленай гаміліі іерарх напачатку зазначыў, што сёлетняя ўрачыстасць супадае з дзвюмя гадавінамі з жыцця святога Піо: 105 гадоў з часу з’яўлення ў яго першых стыгматаў і 55 гадоў з часу яго адыходу ў дом нябеснага Айца.
Звяртаючыся да духоўнай спадчыны італьянскага капуцына, іерарх падкрэсліў, што яго прыклад заклікае вернікаў прызнаць грэх у нашым уласным сэрцы і ў Касцёле.
«Мы павінны каяцца, а не асуджаць іншых. Асуджэнне іншых і апраўданне саміх сябе — гэта вельмі небяспечная форма хрысціянства, якая стварае хлуслівае ўражанне духоўнай чысціні і дасканаласці. Спакуса граху была ў мінулым, ёсць цяпер і будзе ў будучыні, і мы часта паддаемся ёй. <…>
Адзін з пасылаў жыцця і служэння святога Піо — гэта прызнаць свой грэх і пайсці да споведзі, ачысціцца ад яго. Бог даруе нам нашыя правіны, і таму мы не з’яўляемся вязнямі граху», — сцвердзіў арцыпастыр.
Іерарх дадаў, што служэнне паяднання з Богам і Касцёлам, якому прысвяціў сваё жыццё святы Піо, заклікае не апраўдваць памылкі мінулага, але іх прызнаваць, каяцца і выпраўляцца.
«Прыклад малітоўнага жыцця святога Піо сведчыць аб тым, што вера, якая вядзе да камфортнага жыцця, не мае нічога супольнага з Езусам, з Евангеллем. Ён ведаў, што хрысціянская духоўнасць выводзіць нас за межы зоны камфорту.
Вера заклікае ісці за Хрыстом <…>; вера — гэта крыж, а не спроба пазбегчы яго», — сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч, заахвоціўшы вернікаў, каб жыццёвы прыклад святога Піо, малітва, праўда і крыж сталі праграмай іхняга жыцця дзеля збаўлення.
Пасля благаслаўлення пробашч парафіі брат Ігар Колзун OFMCap падзякаваў арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу за прысутнасць і скіраванае настаўленне. Словы падзякі святар скіраваў тэатральнай групе, хору і службе алтара за іх актыўны ўдзел, які ўпрыгожыў парафіяльнае свята.