21 верасня член кананічнай рады Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз Францішак Рудзь сумесна са студэнтамі гістарычнага факультэта БДУ ў межах праекту «Дыялог культур і рэлігій» наведаў мінскую саборную мячэць.
Святар і студэнты, якія напярэдадні былі гасцямі ў сталічным касцёле Маці Божай Будслаўскай, наведалі бібліятэку і музей, пазнаёміліся з экспазіцыямі, якія адлюстроўваюць гісторыю будаўніцтва і развіцця мячэці, атрымалі інфармацыю аб мусульманскай культуры, асаблівасцях яе развіцця і месцы ў сучасным грамадстве. Гутарку са студэнтамі і экскурсію таксама правёў імам Хатыб Бекір Мурзіч.
Студэнтаў цікавіла ўзаемадзеянне мусульманскай супольнасці з іншымі канфесіямі Рэспублікі Беларусь.
У прыватнасці, ксяндзу Францішку былі зададзены пытанні аб правядзенні сумесных мерапрыемстваў паміж мусульманскай супольнасцю і Касцёлам у Беларусі, аб сумеснай праектнай дзейнасці, аб навуковых дасягненнях у галіне даследавання гісторыі рэлігіі, аб абмене бібліятэчнымі фондамі, аб абмене вопытам функцыянавання рэлігійных школ па падрыхтоўцы моладзі.
Ксёндз Францішак расказаў пра вопыт арганізацыі сумесных круглых сталоў, пра ўдзел прадстаўнікоў мусульманскай канфесіі ў канферэнцыях, экскурсійнай дзейнасці Касцёла ў Беларусі. Між іншым, святар падкрэсліў значэнне праекту Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта «Дыялог культур і рэлігій» у выхаванні ў студэнцтва добрасуседскіх адносін у дачыненні да прадстаўнікоў розных канфесій. Адной з найбольш важных падзей ксёндз Францішак Рудзь лічыць сустрэчу прадстаўнікоў канфесій у Беларускім дзяржаўным універсітэце.