16 верасня ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску прайшла сустрэча катэхетаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Мерапрыемства арганізаваў катэхетычны аддзел Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, які ўзначальвае Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, у супрацоўніцтве з сястрой Любамірай Кругавой ОР і сястрой Чаславай Навіцкай USJK.
У сходзе ўзялі ўдзел больш за 70 чалавек, сярод якіх былі біскупы, святары, сёстры законныя і свецкія катэхеты.
На пачатку мерапрыемства біскуп Яшэўскі падкрэсліў, што сустрэча мае не толькі арганізацыйны характар, але і духоўны аспект, каб дзякуючы адарацыі і Эўхарыстыі ўсе ўмацаваліся Божай ласкай і з Божай дапамогай распачалі сваю евангелізацыйную місію.
Іерарх нагадаў пра неабходнасць зваротнай сувязі паміж катэхетамі і катэхетычным аддзелам, каб эфектыўна і хутка знаходзіць адказы на бягучыя пытанні.
З прывітальным словам да сабраных звярнуўся Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Ён зазначыў, што сёння звяртаецца да ўсіх прысутных не як арцыбіскуп, а як звычайны катэхет.
«„Ідзіце і навучайце ўсе народы“, — чытаем у Евангеллі паводле святога Мацвея. Гэта наказ Езуса Хрыста. І гэты наказ адрасаваны не толькі апосталам, але звернуты да кожнага з нас»,
— звярнуў увагу іерарх.
«Кожны катэхет з’яўляецца місіянерам у той ступені, у якой ён сустрэў Бога ў Езусе Хрысце. Таму вельмі важна на катэхезе гаварыць пра Езуса, якога мы сустрэлі ў сваім жыцці <…>. Ад вас залежыць будучыня нашага Касцёла, будучыня нашых дзяцей, нашай моладзі», — нагадаў арцыпастыр.
У 2021 годзе Папа Францішак падкрэсліў ролю катэхетаў, прыраўнаваўшы іх дзейнасць да паслугі. Афіцыйна гэтае служэнне было ўстаноўлена ў Касцёле Апостальскім лістом Antiquum ministerium ад 10 мая 2021 года, у якім яно вызначалася як неадкладная неабходнасць для евангелізацыі ў сучасным свеце.
«Быць катэхетам азначае навучыць мастацтву хрысціянскага жыцця. І вельмі важна радасць Евангелля абвяшчаць радасна»,
— падкрэсліў арцыбіскуп.
Напрыканцы свайго прывітальнага слова ён заклікаў катэхетаў маліцца за сваіх вучняў і благаславіў усіх прысутных на новы навучальны і катэхетычны год.
Падчас сустрэчы ксёндз доктар Андрэй Лысы прадставіў даклад на тэму «Сінадальнасць у Касцёле і для Касцёла: рэчаіснасць і прылада рэформы». У сваім паведамленні ён акрэсліў сінадальнасць як прыладу для прыўнясення зменаў у касцёльную рэчаіснасць і прадставіў некаторыя думкі Папы Францішка на гэтую тэму.
«Паводле Пантыфіка, дарога сінадальнасці — гэта тое, чаго Бог чакае ад Касцёла трэцяга тысячагоддзя. Касцёл павінен станавіцца ўсё больш сінадальным, гэта значыць здольным да супольнага памкнення ў гармоніі разнароднасці, у якую кожны можа нешта ўнесці і ў якой кожны можа прыняць актыўны ўдзел»,
— падкрэсліў ксёндз Андрэй.
Адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту распачалася духоўная частка сустрэчы, падчас якой катэхеты маглі скарыстаць з сакрамэнту споведзі, мелі час для медытацыі і малітвы.
Святую Імшу пасля адарацыі ўзначаліў біскуп Яшэўскі.
Праз прыклады двух сведчанняў ён заахвоціў прысутных быць моцнымі ў веры, маліцца аб патрэбных ласках для кожнага свайго вучня і выхоўваць іх у сталасці веры.
Пасля святой Імшы сястра Любаміра Кругавая ОР і дырэктар выдавецтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі «Pro Christo» Аліна Новікава праінфармавалі катэхетаў пра падрыхтаваныя дапаможнікі і катэхетычныя матэрыялы.
Напрыканцы сустрэчы біскуп Аляксандр Яшэўскі ўручыў дэкрэты аб кананічнай місіі тым катэхетам і катэхеткам, якія распачынаюць ці працягваюць сваю евангелізацыйную дзейнасць у архідыяцэзіі.