Пошук

18.09.2023 11:11   Тэкст: кс. Януш Чарнамораў / Фота: Таццяна Ефіменка / Catholic.by

15 і 16 верасня з удзелам біскупа Казіміра Велікасельца адбыліся юбілейныя ўрачыстасці з нагоды 25-годзя з часу пасвячэння касцёла Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Грушаўцы і касцёла Узвышэння Святога Крыжа ў Нароўлі (Пінская дыяцэзія, Мазырскі дэканат).

Юбілейная ўрачыстасць распачалася 15 верасня ў вёсцы Грушаўка на Гомельшчыне. Надвячоркам парафіяне і госці сабраліся ў святыні, каб узнесці падзяку Богу за касцёл. Ва ўрачыстым распачацці святкавання юбілейных урачыстасцяў узялі ўдзел святары, парафіяне і госці, сярод якіх былі таксама прадстаўнікі мясцовай улады: старшыня Нараўлянскага райвыканкама Уладзімір Антоненка і начальнік аддзела па ідэалагічнай рабоце Марына Альховік.

Цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы ўзначаліў біскуп Казімір Велікаселец.

Літургія завяршылася Эўхарыстычнай працэсіяй вакол касцёла.

 

16 верасня святкаванне адбывалася ў Нароўлі. З самай раніцы ў тутэйшай святыні пачалі збірацца вернікі як з самога райцэнтра, так і з іншых мясцін. На ўрачыстасць прыбылі прадстаўнікі парафій з Брынёва, Гомеля, Грушаўкі, Ельска, Калінкавічаў, Лагішына, Мазыра, Петрыкава і Пінска. Прыбылі святары з розных мясцін Беларусі, у тым ліку былыя душпастыры нараўлянскай парафіі, а таксама сёстры місіянеркі міласэрнасці святой Маці Тэрэзы з Калькуты, якія нясуць служэнне ў Гомелі.

Напачатку пробашч мясцовай парафіі ксёндз Януш Чарнамораў прывітаў усіх удзельнікаў урачыстасці і коратка пазнаёміў іх з гісторыяй каталіцкай веры ў гэтым рэгіёне Палесся.

Душпастыр перадусім падкрэсліў даўнюю і глыбокую сувязь дзвюх каталіцкіх супольнасцяў: у Грушаўцы, якая была гістарычным цэнтрам каталіцтва ў раёне, і ў Нароўлі

Святар прывёў сведчанне адной жанчыны, каталічкі з Грушаўкі, якая адзначала, што, хоць касцёла ў вёсцы не было, аднак у Бога тут верылі і маліліся з даўніх часоў. Мясцовыя жыхары збіраліся на супольныя малітвы каля крыжа і ў сваіх дамах нават у цяжкія часы пераследу веры.

Між тым у Нароўлі да кастрычніцкай рэвалюцыі была прыгожая капліца, якая належала сям’і Горватаў, уладальнікаў горада. У кожную нядзелю сюды прыязджаў ксёндз дэкан з Мазыра, каб цэлебраваць святую Імшу і займацца душпастырствам. Падчас рэвалюцыі капліца была знішчана, а многія вернікі сталі ахвярамі сталінскіх рэпрэсій.

У пасляваенныя часы ацалелыя мясцовыя католікі для атрымання святых сакрамэнтаў былі вымушаны ездзіць за сотні кіламетраў: у Пінск, Кіеў і Жытомір.

Часам патаемна прыязджалі святары, каб, нягледзячы на пераслед і пакаранні, духоўна ўмацоўваць тутэйшых вернікаў.

26 красавіка 1986 года здарылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС, якая знаходзіцца ўсяго ў 40-а кіламетрах ад вёскі. Многія суседнія вёскі былі выселеныя. Шмат хто з’ехаў таксама з Грушаўкі і з Нароўлі, якія былі моцна забруджаныя ў выніку выкіду радыёактыўных рэчываў.

Між тым нешматлікім католікам, якія засталіся ў Грушаўцы, 25 снежня 1989 года, акурат на Божае Нараджэнне, удалося зарэгістраваць каталіцкую парафію. Вернікам быў перададзены стары медыцынскі пункт, дзе яны абсталявалі капліцу, куды да іх рэгулярна прыязджалі святары з іншых мясцін.

У Нароўлі 12 верасня 1991 года ўжо зарэгістраваная супольнасць вернікаў атрымала будынак, дзе раней змяшчалася вязніца і пашпартны стол. 14 верасня таго ж года быў благаслаўлёны крыж на прыкасцёльнай тэрыторыі, а ў 1994 годзе пад кіраўніцтвам тагачаснага душпастыра абедзвюх супольнасцяў ксяндза Станіслава Салаты ў Нароўлі і ў Грушаўцы распачалося будаўніцтва касцёлаў. У верасні 1998 года кардынал Казімір Свёнтак пасвяціў касцёл Сэрца Езуса ў Грушаўцы і касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Нароўлі.

Да юбілею вернікі Нароўлі духоўна рыхтаваліся на працягу дзевяці месяцаў.

Кожную першую пятніцу месяца тут праходзіў дзень духоўнага засяроджання, а на пачатку Вялікага посту ў парафіі адбыліся першыя святыя Місіі, якія ўжо прынеслі свае добрыя плады.

Вернікі паклапаціліся і аб аздабленні святыні. Да юбілею ў прэзбітэрыі былі ўсталяваныя дубовыя алтарныя панэлі з абразамі Найсвяцейшага Сэрца Езуса, Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся, і святых апосталаў Пятра і Паўла.

Благаслаўленне алтарных панэляў і абразоў здзейсніў біскуп Казімір Велікаселец напрыканцы святой Імшы.

Пасля цэлебрацыі адбылася Эўхарыстычная працэсія вакол касцёла, а потым на прыкасцёльнай тэрыторыі мясцовыя вернікі частавалі гасцей нараўлянскімі прысмакамі.

 

Абноўлена 18.09.2023 11:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа