Пошук

15.03.2022 10:17   Тэкст і фота: кс. Януш Чарнамораў / Catholic.by

13 сакавіка, у Другую нядзелю Вялікага посту, Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец наведаў памежныя з Украінай каталіцкія парафіі, дзе маліўся аб міры ва Украіне і літасці Божай для нашай зямлі.

Едучы з Гомеля ўздоўж беларуска-украінскай граніцы, біскуп увесь час маліўся Ружанец за братнія народы.

У межах візіту пастыр наведаў парафію святога Якуба ў Ельску, Узвышэння Святога Крыжа ў Нароўлі і Сэрца Пана Езуса ў Грушаўцы, дзе сабраныя вернікі віталі яго хлебам-соллю.

У кожнай з гэтых супольнасцяў найстарэйшы беларускі іерарх цэлебраваў святую Імшу.

У Божым слове біскуп Велікаселец перадусім засяродзіў увагу на запаведзі любові да Бога і бліжняга, якую Езус Хрыстус пакінуў усім людзям як падмурак братэрскіх узаемаадносін.

«Калі чалавек перастае шанаваць свайго Нябеснага Айца, прыходзіць грэх. І мы бачым сёння, дарагія браты і сёстры, да чаго даходзіць, калі людзі не шануюць Бога Айца. Бог даў чалавеку запаведзі, даў сваё збаўчае слова ў Святым Пісанні, каб чалавек мог жыць і ўзрастаць у святасці. Аднак, спакусіўшыся „быць як Бог“, людзі адышлі ад Адзінага і сапраўднага Бога, пачалі ствараць сабе ўласнае жыццё, у якім няма ўжо месца для Бога.

Жыццё без Божай ласкі пазбаўляе чалавека дару мудрасці, які так неабходны, каб прымаць правільныя рашэнні, каб імкнуцца вырашаць усе канфлікты шляхам дыялогу і супакою. Малітва і пакаянне — вось дарога да сапраўднага жыцця, калі ўсе людзі пачнуць любіць і шанаваць Бога Айца і жыць па Яго запаведзях. Тады на бліжняга свайго чалавек будзе глядзець з любоўю, бо ў яго сэрцы ўжо не будзе месца для нянавісці», — разважаў пастыр.

Напрыканцы святой Імшы ў Нароўлі біскуп пасвяціў стацыі Крыжовага шляху і заахвоціў вернікаў да яшчэ больш частага разважання над збаўчай мукай, смерцю і ўваскрасеннем Езуса.

Мясцовыя вернікі разам са сваім пробашчам, узгадаўшы Дзеі Апосталаў, выказалі шчырую падзяку наступніку апосталаў, біскупу Казіміру Велікасельцу, за прысутнасць і малітву, а таксама за ўмацаванне ў веры, надзеі і любові жыхароў памежнага з Украінай усходняга Палесся.

За 10 дзён да візіту біскупа ў гэтых парафіях прайшла перэгрынацыя копіі абраза Маці Божай Юравіцкай, Міласэрнай Апякункі Палесся, а таксама фігуры святога Арханёла Міхала, Апекуна Касцёла ў Беларусі. Ініцыятарам малітоўнай ініцыятывы ў падтрымку міра, згоды і братэрства стаў кусташ фігуры святога Міхала ў Беларусі ксёндз канонік Ігар Лашук.

Абноўлена 15.03.2022 10:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа