3 сакавіка ў каталіцкіх парафіях, якія знаходзяцца непадалёк ад мяжы з Украінай, адбылася адмысловая малітва за мір.
З гэтай нагоды на поўдні Пінскай дыяцэзіі прайшла перэгрынацыя копіі абраза Маці Божай Юравіцкай, Міласэрнай Апякункі Палесся, а таксама фігуры святога Арханёла Міхала, Апекуна Касцёла ў Беларусі. Ініцыятарам малітоўнай ініцыятывы ў падтрымку міра, згоды і братэрства стаў кусташ фігуры святога Міхала ў Беларусі ксёндз канонік Ігар Лашук.
Малітва распачалася ў парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў вёсцы Грушаўка (Мазырскі дэканат).
Тутэйшыя вернікі разам з ксяндзом Ігарам Лашуком маліліся аб хутчэйшым спыненні вайны ва Украіне, дараванні грахоў, у інтэнцыі перапрашэння Бога за знявагі, а таксама даручылі Божай Міласэрнасці ўсіх загінулых, параненых і бежанцаў.
Малітва завяршылася працэсіяй з абразом Маці Божай Юравіцкай і фігурай Арханёла Міхала і благаслаўленнем ў бок мяжы з Украінай.
З Грушаўкі малітоўнае падарожжа скіравалася ў парафію Узвышэння Святога Крыжа ў Нароўлю. Па дарозе вернікі не пераставалі маліцца праз заступніцтва Маці Божай і Арханёла Міхаіла.
У Нароўлі адбылася цэлебрацыя святой Імшы.
Пасля Эўхарыстыі сабраныя ў касцёле перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам узносілі малітвы перапрашэння Бога за знявагі і прасілі аб спыненні вайны ва Украіне.
Пад спеў суплікацыі «Святы Божа» прысутныя святары паклаліся крыжам перад Езусам, прысутным у белай Гостыі на алтары.
Пробашч парафій ксёндз Януш Чарнамораў ад імя вернікаў падзякаваў ксяндзу Ігару Лашуку за адвагу і гатоўнасць разам з усімі тымі, чые сэрцы поўняцца горыччу і болем, разам маліцца праз заступніцтва Маці Божай і святога Арханёла Міхала за братнюю Украіну і за нас саміх.