Пошук

03.03.2023 15:13   Тэкст: кс. Януш Чарнамораў / Фота: Дар’я Брышцель / Catholic.by

Упершыню ў гісторыі каталіцкай парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Нароўлі, што на Гомельшчыне (Пінская дыяцэзія, Мазырскі дэканат), адбыліся Святыя місіі.

Парафіяльная супольнасць амаль што цэлы год рыхтавалася да гэтай важнай духоўнай падзеі. У парафіі арганізоўваліся адмысловыя малітвы і набажэнствы. Былі надрукаваныя буклеты з праграмай Місій і запрашэннем, якое даслалі вялікай колькасці мясцовых каталіцкіх сем’яў.

Праводзіў першыя ў гісторыі парафіі Святыя місіі ксёндз Юрый Жэгарын з Навагрудка, які на працягу тыдня прапаведваў Божае Слова, даў прыгожае сведчанне веры, дзяліўся вопытам адносін з жывым Богам. Кожная канферэнцыя была насычана шматлікімі прыкладамі з уласнага досведу святара, што дапамагала слухачам глыбей увайсці ў таямніцу пазнання Бога Айца.

Парафіяльныя Місіі дапамагалі многім вернікам Нароўлі аднавіць тое, што было знішчана грахом, што занядбоўвалася праз абыякавасць альбо духоўную ляноту.

Гэта быў час асабістага навяртання, умацавання ў веры, надзеі і любові.

Святыя місіі распачаліся 24 лютага з абраду перадачы ключэй ад касцёла і стулы як знак духоўнай улады. Нягледзячы на працоўныя дні, нараўлянскія католікі пасля працы спяшаліся ў касцёл, каб удзельнічаць у Святых місіях. Кожны дзень з’яўляліся новыя людзі, якія жадалі пачуць Божае Слова.

2 сакавіка адбылося ўрачыстае завяршэнне Святых місій у парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Нароўлі.

У гэты дзень парафіяне віталі ўсіх святароў Мазырскага дэканата і свайго былога пробашча ксяндза Юрыя Пракапюка. Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў ксёндз місіянер Юрый Жэгарын. Напрыканцы Эўхарыстыі святары і вернікі з запаленымі свечкамі ў руках працэсійна скіраваліся да місійнага крыжа, на якім была ўсталявана памятная таблічка пра Святыя місіі. Прысутныя вернікі разам з душпастырамі ўзнеслі малітву аб шматлікіх пладах місій у парафіяльнай супольнасці Нароўлі.

Пасля вяртання ў касцёл місіянер падвёў вынікі Святых місій і ўдзяліў прысутным Божае благаслаўленне.

Са шчырымі словамі падзякі звярнуліся прадстаўнікі парафіяльнай супольнасці і пробашч парафіі да ксяндза місіянера, з якім правялі цэлы тыдзень, шчодра напоўнены Божай ласкай.

Вернікі ад радасці не стрымлівалі слёз, калі распавядалі пра тое, якім чынам перажылі гэты незвычайны духоўны досвед.

На заканчэнне пробашч парафіі ксёндз Януш Чарнамораў падзякаваў ксяндзу Юрыю Жэгарыну за тое, што той згадзіўся прыехаць на Нараўлянскую зямлю, каб правесці Святыя місіі, а таксама выказаў словы падзякі прысутным святарам Мазырскага дэканата на чале з ксяндзом дэканам Віталіем Мысонавым і усім вернікам, якія дапамагалі ў арганізацыйных справах і ўдзельнічалі ў Святых місіях.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця