12 верасня, ва ўспамін Найсвяцейшага Імя Марыі, у вёсцы Хоўхлава (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Маладзечанскі дэканат) адзначылі ўрачыстасць тытулу касцёла, пабудаванага тут 285 гадоў таму.
Быццам узняўшы вежы-рукі, як доўгачаканага госця, сустракае кожнага касцёл Найсвяцейшага Імя Марыі ў Хоўхлаве.
За амаль тры стагоддзі свайго існавання пабудаваная з дрэва святыня была сведкам розных падзей, перажывала перыяды страт і адраджэння, прыходзіла ў заняпад і ўздымалася, напаўнялася людзьмі і пусцела, нават пабыла праваслаўнай царквой у часы Расійскай імперыі і калгасным складам у савецкія часы, але ніколі не была пазбаўлены шчырых вернікаў, якія, як маглі, клапаціліся пра яе стан.
І хоць цяпер гэты касцёл і парафія перажываюць складаныя часы, калі большасць моладзі выехала ў гарады і засталася толькі невялікая рэшта мясцовых вернікаў, святыня жыве.
У парафіяльную ўрачыстасць Найсвяцейшага Імя Марыі касцёл напоўніўся людзьмі: мясцовымі парафіянамі, вернікамі з суседніх вёсак і з Маладзечна. Парафіяне сардэчна віталі дарагіх гасцей: Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага, Маладзечанскага дэкана ксяндза прэлата Эдмунда Даўгіловіча-Навіцкага і святароў капуцынаў: брата Ігара Колзуна, брата Андрэя Жылевіча, брата Уладзіслава Мінько.
Напачатку Таццяна Шумель, настаўніца гісторыі і даследчыца, падзялілася з удзельнікамі ўрачыстасці вынікамі сваёй працы па гісторыі хоўхлаўскай парафіі і касцёла.
Касцёл ў Хоўхлаве — гэта найстарэйшы касцёл у Маладзечанскім дэканаце, адзін з самых старых драўляных касцёлаў на тэрыторыі Беларусі. Гэта адна з дзвюх святынь, якія мелі гонар быць размешчанымі на вокладцы школьных падручнікаў.
У часы росквіту, да сярэдзіны ХІХ стагоддзя, тут гучаў арган на адзінаццаць галасоў, касцёл быў багата аздоблены, выкарыстоўвалася пазалочанае і срэбнае начынне. У алтары змяшчаўся цудадзейны абраз Найсвяцейшай Панны Марыі з Дзіцяткам Езусам у срэбнай з пазалотай шаце і дзвюмя срэбнымі каронамі, які цяпер захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі ў Мінску.
На парафіяльнае свята зазвычай тут збіралася так шмат людзей, што не толькі сцены касцёла не маглі змясціць усіх, але і плошча каля святыні была запоўненая. Усе вуліцы і двары былі застаўлены фурманкамі, на якіх прыязджалі людзі з аддаленых вёсак і мястэчак.
Яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя парафія налічвала больш за дзве тысячы вернікаў, а цяпер не набярэцца, бадай што, і дзясятка.
Часлава Кандратовіч, Валянціна Федаровіч, Ірына Лобач, Станіслава Сянько, Лідзія Давідзёнак, Лілія Захарык, Ядзвіга Яблонская, Ганна Шпілеўская, дачка Вацлава Шпілеўскага, дзякуючы энтузіязму якога ў 90-я гады мінулага стагоддзя касцёл быў вернуты вернікам, і яе муж, Ян Брадзінскі, а таксама некаторыя іншыя. Дзякуючы адданай працы гэтых людзей на карысць святыні на працягу дзясяткаў гадоў яна дагэтуль мае дагледжаны від, а тэрыторыя вакол касцёла ўпрыгожана кветкамі. Ян Брадзінскі з дапамогай некаторых мужчын уласнаручна зрабіў канфесіянал, алтар, лаўкі, дарожкі вакол святыні. Вядома, працы заўсёды хапае, ужо патрэбныя сродкі на рамонт, бо апошні раз сцены касцёла былі пафарбаваныя каля дзесяці гадоў таму, і фарба ўжо ў многіх месцах аблупілася.
Біскуп Касабуцкі, які ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы з нагоды парафіяльнага свята, узгадаў, што не раз бываў у хоўхлаўскай святыні разам з ксяндзом Эдмундам, які займаўся аднаўленнем касцёла і рэлігійнага жыцця ў гэтай парафіі ў 90-я гады. Іерарх падзякаваў парафіянам за іх клопат пра касцёл і падкрэсліў, што ў сценах гэтай святыні яму заўсёды цёпла, нават у маразы, бо ў ім гучыць шчырая малітва і цэлебруецца Эўхарыстыя, бо касцёл жывы.
У прамоўленай гаміліі біскуп падкрэсліў, што гэты касцёл не проста прыгожы будынак, які мае сваю гісторыю. Гэта перадусім гісторыя парафіі, вернікаў, якія збіраліся тут на малітву, каб прасляўляць Бога, перажывалі моманты радасці і смутку. На першым месцы ў гісторыі стаіць чалавек, бо гэта ён творыць гісторыю.
«Вы — прыгожыя, бо на вашых тварах усмешкі, а ў вачах напісаны словы „Бог“, „вера“, „дабрыня“, „надзея“, таму што вы тут дакранаецеся да Бога, а Бог ёсць любоў.
І хоць сёння не тая ікона ў алтары, і няма той велічы і ўпрыгожванняў, але тое, што ажыўляе святыню і надае сапраўдную прыгажосць касцёлу, — гэта дух малітвы, вера людзей», — падкрэсліў біскуп Касабуцкі.
Іерарх пажадаў усім прысутным вернікам любіць Бога і Касцёл і ніколі іх не раздзяляць.
«Розныя матэрыяльныя каштоўнасці — прамінальныя. Але ёсць тое, што не прамінае: вера, давер Богу, надзея, каштоўнасці любові і добразычлівасці. Калі будзе гэты фундамент, то касцёл будзе адраджацца і жыць. І калі з часам у будынку касцёла будуць заменены нават усе дошчачкі, галоўнае, каб былі людзі і малітва. Інакш у гэтых дошчачках не будзе сэнсу», — падсумаваў бісукуп Юрый Касабуцкі.
На заканчэнне святой Імшы адбылася Эўхарыстычная працэсія вакол касцёла, пасля якой усіх гасцей чакаў пачастунак, рупліва прыгатаваны хоўхлаўскімі парафіянамі.