Пошук

18.09.2024 08:30   Паводле: Pio.by / Фота: Эрык Савянок / Catholic.by

У нядзелю 15 верасня Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі падчас святой Імшы здзейсніў благаслаўленне драўлянага касцёла Найсвяцейшага Імя Марыі ў Хоўхлаве (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Маладзечанскі дэканат).

Адна з найстарэйшых драўляных святынь Маладзечаншчыны была нядаўна адноўлена валанцёрамі па ініцыятыве «Радыё Марыя» Беларусь і Братоў Меншых Капуцынаў, якія здзяйсняюць душпастырскую апеку над хоўхлаўскімі вернікамі.

Неабыякавыя вернікі з трох дыяцэзій — Мінска-Магілёўскай, Віцебскай і Пінскай — разам з калектывам каталіцкага радыё за тры жнівеньскія дні пафарбавалі сцены касцёла, а таксама добраўпарадкавалі тэрыторыю і капліцу-пахавальню.

Пасля гэтага заставалася навесці парадак таксама ў справе тытулу святыні, які ў розных крыніцах гучаў па-рознаму. Гэта і было зроблена ў абрадзе благаслаўлення касцёла ў Хоўхлаве, які здзейсніў біскуп Касабуцкі. Іерарх таксама падпісаў адпаведны Дэкрэт, паводле якога касцёл быў благаслаўлёны ў гонар Найсвяцейшага Імя Марыі.

Усіх сабраных на нядзельнй святой Імшы прывітаў настаяцель супольнасці братоў капуцынаў у Маладзечне брат Андрэй Жылевіч OFMCap. Ён падкрэсліў, што аднаўленне касцёла стала магчымым дзякуючы супрацоўніцтву добрых людзей: калектыва «Радыё Марыя» і мясцовых парафіянаў, многіх прысутных і ахвярадаўцаў.

Біскуп Касабуцкі падзякаваў усім людзям добрай волі, якія адгукнуліся на ініцыятыву аднавіць святыню і сабраліся разам у Імя Божае, адтрымаўшы ад Езуса і Марыі ўнутраны імпульс і любоў, каб зрабіць гэтую справу.

«Часам не патрэбныя вялікія ўкладанні, каб рабіць такія рэчы. Можна проста сабрацца ў Імя Божае і штосьці зрабіць, а Бог сам пакіруе, каб гэтая справа ішла далей. Таму падзяка і нізкі паклон усім людзям, у якіх сапраўды загарэўся ў сэрцы гэты агонь. Кожная дробная праца на сваім месцы і намаганні былі вельмі патрэбнымі. Імкнемся рабіць дабро, рэалізуючы вучэнне Езуса Хрыста пра любоў да Бога і бліжняга. Няхай гэтая іскрынка распаўсюджваецца далей па святынях Беларусі», — выказаў пажаданне іерарх.

Праспяваўшы на заканчэнне Імшы старажытны хрысціянскі гімн «Цябе, Бога, праслаўляем», усе прысутныя на чале з біскупам прайшлі працэсіяй да капліцы-пахавальні, дзе адбылася малітва за памерлых святароў, фундатараў, вернікаў хоўхлаўскай парафіі і іх дзяцей, пахаваных у крыпце касцёла і капліцы.

Пасля малітвы ўдзельнікі ўрачыстасці сабраліся на прыкасцёльнай тэрыторыі, дзе мясцовыя парафіяне падрыхтавалі для ўсіх пачастунак, каб разам адсвяткаваць аднаўленне святыні.

 

Абноўлена 18.09.2024 08:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця