З 8 па 10 жніўня ў Хоўхлаве (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Маладзечанскі дэканат) валанцёры з розных мясцін Беларусі і калектыў «Радыё Марыя» Беларусь фарбавалі драўляны касцёл Найсвяцейшага Імя Марыі і парадкавалі прыкасцёльную тэрыторыю.
Супольнымі намаганнямі яны ачысцілі капліцу-пахавальню і пафарбавалі будынак старадаўняй святыні, якой ужо амаль тры сотні гадоў. Апошнім часам стан сакральнага будынка пагоршыўся, бо пра яго фактычна няма каму паклапаціцца.
Вернікаў у некалі вялікім мястэчку амаль не засталося: толькі некалькі жанчын пенсійнага ўзросту, якія на свае сілы і сродкі, як могуць, утрымліваюць і даглядаюць святыню.
Акцыя па аднаўленні драўлянага касцёла была арганізавана братамі капуцынамі з Маладзечна на чале з братам Андрэем Жылевічам OFMCap, якім даручаны душпастырскі клопат пра хоўхлаўскіх вернікаў, а таксама калектывам «Радыё Марыя».
Нягледзячы на тое, што акцыя ладзілася сярод працоўнага тыдня, у ёй сабралася паўдзельнічаць шмат людзей з розных куточкаў Беларусі. Акрамя жыхароў самога Хоўхлава і суседняга Маладзечна, сюды прыбылі валанцёры з Баранавічаў, Вілейкі, Глыбокага, Гомеля, Заслаўя, Мінска і Удзела.
Такім чынам, на запрашэнне аднавіць святыню адгукнуліся прадстаўнікі трох дыяцэзій Касцёла на Беларусі.
Перад пачаткам працы адбылася святая Імша, на заканчэнне якой брат Андрэй Жылевіч падбадзёрыў і натхніў прысутных, а таксама благаславіў іх на добрую і плённую працу. А праца знайшлася кожнаму: і вялікаму, і малому: кожнаму па яго магчымасцях і па сілах.
Запланаваныя на тры дні працы былі паспяхова выкананы, але трэба зрабіць яшчэ шмат. Арганізатары дзякуюць усім, хто фізічна, матэрыяльна і малітоўна далучыўся да акцыі. Яны плануюць працягваць аднаўленне касцёла ў Хоўхлаве і запрашаюць усіх ахвотных падтрымаць гэтую добрую справу.