Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
ХРЫСТУС — АДЗІНЫ НАСТАЎНІК І ВЫХАВАЦЕЛЬ
Слова на катэхетычны год 2023/2024
Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, катэхеты, дарагія дзеці і бацькі, браты і сёстры!
1. Распачаўся новы навучальны год, а з ім і катэхетычны. На яго пачатку мы дзякум Богу за магчымасць адпачынку і аднаўлення нашых сіл. Адначасова просім аб ласцы не марнаваць часу, які перад намі. Таму разам з псальмістам паўтараем: «Пане, навучы нас так лічыць дні нашыя, каб мы здабылі мудрае сэрца» (пар. Пс 90 (89), 12).
Распачынаючы гэты новы навучальны год, мы ўсе: біскупы, святары, кансэкраваныя асобы, катэхеты, бацькі і дзеці, дарослыя і моладзь, павінны пераняць выказанае аўтарам Кнігі мудрасці Саламона стаўленне да Бога: «Хто б спазнаў Твой намер, калі б Ты не даў мудрасці і не спаслаў Святога Духа звыш?» (Мдр 9, 17).
З распачаццем новага навучальнага года распачынаецца катэхізацыя ў нашых парафіях.
Слова «катэхізацыя» мае грэцкае паходжанне і азначае пераказ веры дзецям і моладзі, а таксама ўсім, хто рыхтуецца да хрысціянскага ўтаямнічэння або хоча ўзрастаць у веры.
2. Мы павінны пазнаваць Божае вучэнне і жыць паводле яго, што, як паказвае штодзённае жыццё, нялёгка, асабліва ў наш час адыходу ад Бога і моцных секулярных тэндэнцый.
Сёння дзякуем Богу за дар і магчымасць правядзення катэхезы ў нядзельных школах, што было немагчыма ў часы ваяўнічага атэізму. Тры дзесяцігоддзі таму катэхеза нанава знайшла сваё месца ў нашым грамадстве. Паціху адыходзяць успаміны пра часы выключэння з грамадскага жыцця Бога, калі рэлігія лічылася «опіюмам для народа». Аднак удзячнасць за гераічныя намаганні ў справе навучання праўдаў веры нашымі продкамі ў сем’ях і прыватных дамах не можа знікнуць з нашых сэрцаў і памяці.
Людзі, якія на працягу многіх дзесяцігоддзяў клапаціліся пра рэлігійнае выхаване маладога пакалення і нярэдка плацілі за гэта коштам пераследу і адміністрацыйных пакаранняў, маюць права на нашу падзяку і малітву.
Мы павінны нізка схіліць свае галовы перад імі: памерлым прасіць радасці неба, а жывым — Божага благаслаўлення.
У кантэксце тых змрочных часоў ваяўнічага атэізму мы дзякуем Богу за ўзгаданыя тры дзесяцігоддзі сістэматычнай катэхезы. Яна закладае фундамет рэлігійнага жыцця, якое неабходна для нармальнага функцыянавання грамадства. Тут дарэчы прыгадаць словы Езуса: «Калі вы будзеце трываць у слове Маім, то сапраўды будзеце вучнямі Маімі і пазнаеце праўду, а праўда вызваліць вас» (Ян 8, 31–32).
Таму нельга прапускаць ці марнаваць заняткаў па катэхізацыі дзяцей, моладзі і дарослых. Катэхізацыя — гэта вялікі дар і адначасова заданне. У такім духу яна павінен быць прынята. Тут патрэбна добрая воля, шмат намаганняў і зычлівасць з боку ўсіх зацікаўленых.
Трэба большую ўвагу звярнуць на катэхізацыю дзяцей пасля Першай Камуніі, падрыхтоўку да сакрамэнту канфірмацыі і сужэнства, а таксама катэхізацыю дарослых.
Лацінскі выраз кажа: Qui non progredit — regredit, што азначае: «Хто не ўдасканальвацца, той дэградуе». Прыдатнай здаецца таксама і іншая лацінская прымаўка: Repetitio est mater studiorum: «Паўтарэнне — маці вучэння». Калі старажытныя рымляне заклікалі жыць паводле гэтых правілаў, то чаму мы не хочам?! Бо сапраўды, пасля Першай святой Камуніі вельмі мала дзяцей прымае ўдзел у далейшай катэхізацыі.
3. Каб лепш зразумець занепакоенасць Касцёла праблемай катэхізацыі, прадставім яе асноўныя элементы. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла вучыць, што ў самым цэнтры хрысціянскага вучэння знаходзіцца перш за ўсё асоба Езуса Хрыста. Катэхізаваць азначае адкрываць у асобе Хрыста ўвесь спрадвечны Божы намер і весці чалавека да еднасці з Ім. Гэта імкненне зразумець значэнне ўчынкаў і словаў Хрыста, а таксама знакаў, якія Ён учыніў (пар. ККК 426).
Катэхізаваць азначае даць магчымасць людзям пазнаць Хрыста як уцелаўлёнае Слова і Сына Божага. Кожны катэхізатар павінен памятаць словы Езуса: «Маё вучэнне — не Маё, а таго хто паслаў Мне» (Ян 7, 16). Гэта азначае, што неабходна аддаць свой голас Езусу, каб Ён прамаўляў праз нас (пар. ККК 427). Нарэшце, такое пазнанне Хрыста нараджае жаданне евангелізаваць і весці іншых да веры (пар. ККК 429).
Катэхізацыя, якая нясе духоўныя і агульначалавечыя каштоўнасці, узбагачае ўвесь працэс выхавання чалавека.
Навучанне рэлігіі таксама носіць у сабе фармацыйную каштоўнасць. Для паўнавартаснага выхавання чалавека неабходна звяртаць увагу і на рэлігійны элемент гэтага працэсу. Адкрыццё на рэлігію, хрысціянскія і этычныя каштоўнасці ўзбагачае працэс выхавання і спрыяе фармаванню правільных поглядаў у маладых людзей.
4. З мэтай удасканалення працэсу катэхізацыі неабходна супрацоўніцтва біскупаў, святароў, кансэкраваных асоб, катэхетаў, бацькоў, дзяцей і моладзі. Актуальным застаецца клопат пра добрую падрыхтоўку катэхетаў, падручнікаў, наяўнасць Святога Пісання і іншых рэлігійных кніг, а таксама ўзбагачэнне ўрокаў дзякуючы актыўнаму ўдзелу ў іх вучняў. Аднак ёсць два сутнасныя элементы, якія істотна ўплываюць на якасць перадачы і прыёму евангельскага паслання.
Першы — гэта сям’я як хатні Касцёл, асяроддзе веры і месца сустрэчы і пазнання Бога. Ніхто не можа пазбавіць бацькоў права на рэлігійнае выхаванне і адукацыю сваіх дзяцей. Сям’я не можа цалкам перадаць гэтае права Касцёлу. Тое, што дзеці пазнаюць на катэхезе, павінна быць замацавана ў сям’і. Сямейная катэхеза — гэта штодзённая малітва, спосаб перажывання нядзелі і святаў, шчырая зацікаўленасць усім, чаму дзеці навучыліся на занятках рэлігіі, а таксама клопат пра правільныя адносіны ў выхаванні.
Другі элемент — гэта сама катэхізацыя. Ніхто з катэхетаў не робіць гэтага ад свайго імя, а ад імя Езуса. Для гэтага атрымлівае адмысловую кананічную місію ад Касцёла — дазвол і благаслаўленне. Гэта вялікая адказнасць — працягваць працу Хрыста!
Такім чынам, сутнасць і эфектыўнасць катэхезы заключаецца ў будаванні найглыбейшай асабістай сувязі з Езусам.
5. Касцёл выказвае сваю ўдзячнасць шматлікім катэхетам, у тым ліку свецкім, за іх адданасць катэхетычнай працы ў парафіях. Пры гэтым ён заклікае іх да пастяннай тэалагічнай, пастырскай і адукацыйнай фармацыі. Для гэтага неабходна больш выкарыстоўваць магчымасці, якія даюць каталіцкія навучальныя ўстановы: Мінскі тэалагічныя каледж імя святога Яна Хрысціцеля, Гродзенскі тэалагічны каледж імя святога Казіміра і Баранавіцкі катэхетычны каледж імя Зыгмунта Лазінскага, а таксама адмысловую літаратуру як для падрыхтоўкі катэхетаў, так і для павышэння іх кваліфікацыі.
Касцёл таксама заахвочвае бацькоў да цеснага супрацоўніцтва як з катэхетамі, якія павінны падтрымліваць іх у выкананні абавязку рэлігійнага выхавання дзяцей. Неабходна карыстацца дапамогай катэхетаў і цесна супрацоўнічаць з імі з мэтай гарманічнага развіцця дзяцей.
6. У імя Бога мы распачынаем новы катэхетычны 2023/2024 год. З пастырскай любоўю і адказнасцю Касцёл звяртаецца да ўсіх, хто клапоціцца пра дабро Касцёла і Айчыны, і просіць маліцца за катэхетаў. Няхай узрастае грамадскае разуменне катэхетычнай місіі Касцёла.
Святы Ян Павел ІІ вучыць, што катэхеза, якая ўводзіць вернікаў у свядомы ўдзел у боскім жыцці і жыцці Касцёла, павінна спрыяць развіццю веры і паказваць сэнс чалавечага жыцця, каб весці да святасці праз умацаванне сувязі з Хрыстом у Духу Святым на шляху да Айца. Яе мэта — весці да Хрыста, адзінага нашага Настаўніка і Выхавацеля.
На паспяховы шлях катэхізацыі, даручаючы апецы Марыі ўсіх адказных за яе, у першую чаргу катэхетаў, бацькоў, дзяцей, моладзь і дарослых, ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца і Сына, і Духа Святога.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Старшыня Камісіі агульнага душпастырства
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Мінск, 8 верасня 2023 г., свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі