З 26 ліпеня з Друі ў Росіцу (Віцебская дыяцэзія) ужо трэці дзень ідзе пешая пілігрымка, якую ў чарговы раз арганізавалі кяндзы марыяне.
Як паведамляецца на сайце Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мёрах (Віцебская дыяцэзія) Kascelmery.by, за тры дні пілігрымы пераадолеюць шлях амаль у 90 кіламетраў, каб аддаць хвалу і пашану росіцкім мучанікам, благаслаўлёным святарам марыянам Юрыю Кашыру і Антонію Ляшчэвічу, якія 80 гадоў таму, падчас Другой сусветнай вайны, аддалі сваё жыццё з любові да Бога і бліжніх.
У гэтым годзе пешкі ў росіцкі санктуарый з Друі — духоўнай «калыскі» кангрэгацыі марыянаў — скіраваліся 85 пілігрымаў з розных куточкаў Беларусі пад кіраўніцтвам ксяндза Іллі Саўчанкі МІС з Оршы.
Як адзначаецца на парафіяльным рэсурсе, пілігрымка — гэта не проста шлях, гэта сведчанне веры ў Пана Бога і прыклад любові да бліжняга. Гэта таксама магчымасць перамяніць сябе, выйсці з «зоны камфорту», каб несці Хрыста тым, хто Яго чакае. Пілігрымка — гэта ўзаемадапамога, спевы, супольная малітва. Пілігрымка з’яўляецца адной сям’ёй, дзе асаблівым чынам адчуваецца супольнасць Божых дзяцей, братоў і сясцёр у Хрысце.
Да гэтай сям’і далучаюцца таксама і тыя, хто вітае, частуе, прымае пілігрымаў на начлег, а гэта вернікі друйскай, ідолтаўскай, мёрскай, павяцкай, верхнядзвінскай і іншых парафій, праз якія праходзіць пілігрымка.
У пятніцу пілігрымы прыходзяць у Росіцу, дзе возьмуць удзел у святкаванні ўрачыстасцяў у 80-ю гадавіну мучаніцкай смерці благаслаўлёных Юрыя і Антонія, мучанікаў Другой сусветнай вайны.