Пошук

18.07.2023 15:15   Catholic.by

Ужо зусім хутка беларуская моладзь вырушыць у дарогу ў Лісабон, дзе з 1 па 6 жніўня пройдуць Сусветныя дні моладзі. У Партугалію плануюць адправіцца некалькі груп з нашай краіны.

Дата гэтага моладзевага форуму, які збярэ каталіцкую моладзь з усяго свету, некалькі разоў пераносілася з-за пандэміі каранавірусу. У студзені 2021 года арганізатары прадставілі гімн гэтай доўгачаканай сустрэчы.

Гімн СДМ у арыгінале мае назву Há Pressa no Ar, якую можна перакласці «У паветры — паспешнасць», што сугучна з тэмай моладзевага форуму «Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну» (Лк 1, 39).

Гімн напісалі ксёндз Жуан Паўлу Вас і Пэдру Фэрэйра, якія паходзяць з партугальскай дыяцэзіі Каімбры. Іх музычны твор перамог у конкурсе, на які было даслана каля 100 іншых спеваў. Гімн СДМ 2023 быў прадстаўлены ў партугальскай і міжнароднай версіях. Зазвычай яго перакладаюць таксама на іншыя мовы.

За месяц да пачатку дзён моладзі была запісана версія гімна на беларускай мове. Каардынатар праекта Алена Кот адзначае, што адной з ідэй было аб’яднаць розных таленавітых маладых людзей, падтрымаць іх і натхніць далей развіваць свае таленты.

«У рэалізацыю відэа таксама лягла тэма еднасці. Сусветныя дні моладзі ў Лісабоне аб’ядноўваюць вялікую колькасць маладых людзей, а Будслаў аб’ядноўвае беларусаў.

Захацелася паказаць свету і нагадаць беларусам, што, нягледзячы ні на што, ёсць месца, якое аб’ядноўвае ўсіх: наш Будслаў. Месца, у якім сустракаюцца веруючыя католікі, і не толькі, з ўсёй краіны, і дзе кожнага чакае Маці», — кажа каардынатар праекта.

Аліна Залатар, клавішы

— Для мяне гэта быў першы досвед запісу ў студыі. Адчувала сябе сапраўдным прафесійным музыкам, хоць ім і не з’яўляюся.

Дзякую Богу і арганізатарам праекта за магчымасць паслужыць сваім музычным талентам і дзякую ўсёй камандзе, якая прычынілася да стварэння такога неверагоднага і цудоўнага гімна. Вельмі рада, што змагла паўдзельнічаць у такой падзеі і проста знаходзіцца побач з таленавітымі людзьмі, прагнучымі ствараць якасны прадукт на хвалу Пана, бо калі рабіць для Бога, то толькі самым найлепшым чынам. Я таксама збіраюся на СДМ і ўжо амаль вывучыла афіцыйны гімн на партугальскай мове, але цяпер можна не хвалявацца, што забуду словы, таму што буду з радасцю спяваць на беларускай мове. І заахвочваю ўсіх таксама вучыць словы нашага гімна СДМ, каб нашы беларускія галасы былі чутны на ўвесь Лісабон. Хто ведае, можа заспяваем яшчэ разам з Папам. Да сустрэчы ў Лісабоне!

«Яшчэ месяц таму мы стаялі ў студыі і толькі пачыналі працу. Сёння прадстаўляем яе вынік.

Слухайце, натхняйцеся, вучыце словы, запамінайце мелодыю і спявайце!» — запрашае каардынатар Алена Кот ад імя ўсіх, хто працаваў над праектам.

Кожны хай пачуе голас наш,
Хай рук нашых мора ў паветры шуміць.
Езус — Бог жывы, Ён любіць нас,
І мы будзем жыць, каб любіць.

Рук мора шуміць | WYD Lisbon 2023 | Official Belarusian Version

Гімн СДМ 2023 (беларуская версія) (МР3):

Мінусоўка гімна СДМ 2023 (беларуская версія):

Тэкст: Жуан Паўлу Вас

Музыка: Пэдру Фэрэйра, Карлуш Гарсія

Пераклад: Павел Бранавец

Каардынатар праекта: Алена Кот

Гукарэжысёр: Вікенцій Ашэйчык, «СелахМедыя» студыя

Мантаж відэа: Вольга Свірыдава

Аператары: Станіслаў Валаховіч, Раман Рыбак

У відэа выкарыстаны матэрыялы Віталя Жартуна, Віктара Малышчыца

Асаблівая падзяка Але Шаранковай за падрыхтоўку вакалістаў

Сола: Марыя Барыла, Яна Дзяўго, Маргарыта Пятліцкая, Ягор Шаранкоў

Бэк-вакал: Ала і Ягор Шаранковы

Клавішы: Аліна Залатар

Гітара (акустыка, электра): Мікіта Кулінковіч

Бас-гітара: Павел Прыемка

Барабаны: Вікенцій Ашэйчык

Рук мора шуміць

Шляхам розным крочым з розных мясцін,
Каб разам далей крочыць шляхам адным,
Каб з Марыяй верна «так» усклікаць.
Вось мы, Твае слугі, будзь воля Твая, Ойча наш, Ойча наш!
Нас кліча Хрыстос, нас Езус вядзе, каб шукаць, каб даваць,
Адважнае «так», як Маці, казаць.

Рэфрэн: Кожны хай пачуе голас наш,
Хай рук нашых мора ў паветры шуміць.
Езус — Бог жывы, Ён любіць нас,
І мы будзем жыць, каб любіць.

Ты, што шлях уласны хочаш знайсці,
Прыйдзі, каб убачыць, што бачылі мы.
З намі кроч, шукай адважна адказ,
Што ўзносіць твой лёс, што ў ім гасіць усмешку тваю і любоў.
Назад не глядзі і «не» не кажы, сэрца голас прымі,
Без страху сваёй дарогай ідзі.

Рэфрэн

Вось Марыя першай цуд прыняла —
Яе захапіў дар жыцця без канца.
Так і я з даверам прагну прыняць
Хрыста таямніцу — Ён тут назаўжды сярод нас, сярод нас.
Маўчаць не магу і ўсцяж не ўсклікаць: «Пане мой, я ўвесь Твой!
Пайду за Табой, не буду маўчаць».

Рэфрэн

Без сумневаў у дарозе сваёй
Дзяўчына Марыя ў дні тыя пайсці паспяшыла
Ў край горны з дома свайго
Альжбету наведаць, быць разам, пачуць прывітанне яе:
«Твой плод бласлаўлёны — мой Пан і мой Бог!» Кожны прагне пачуць:
«Паверыўшы Пану, навек шчасны будзь!»

Рэфрэн

Абноўлена 18.07.2023 16:38
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця