Пошук

17.07.2023 22:55   Фота: Ірэна Ахрамовіч / Catholic.by

Увечары ў суботу 15 ліпеня ад санктуарыя Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі (Астравецкі дэканат) сотні вернікаў вырушылі на набажэнства Крыжовага шляху па самай вялікай у Беларусі кальварыі.

Перад яго пачаткам пробашч гудагайскай парафіі і кусташ санктуарыя, якім апякуюцца манахі з ордэна кармэлітаў босых, айцец Аркадзь Куляха OCD нагадаў, што гэтая кальварыя была створана ўзор віленскай. Мясцовыя вернікі раней часта пілігрымавалі ў Вільню, і там наведвалі кальварыю, праходзячы па ёй Крыжовым шляхам.

Гэтая даўняя каталіцкая традыцыя натхніла іх стварыць кальварыю таксама ў Гудагаі, якая расцягнулася на тры з паловай кіламетры па наваколлі мястэчка.

Айцец Аркадзь заўважыў, што шлях распачынаецца ад касцёла, дзе чалавек прымае хрост, што становіцца пачаткам яго хрысціянскага жыцця. Святар дадаў, што тут таксама благаслаўляюцца сужэнствы і дзеці прымаюць Першую Камунію.

«Далей Крыжовы шлях вядзе праз палі і лес, і той, хто ідзе па ім разам з Хрыстом, не будзе баяцца зла, — адзначыў кармэліт. — Дарога завяршаецца на могілках, але там мы разважаем не пра смерць, а пра ўваскрасенне Хрыста і пра жыццё вечнае, якое нас чакае ў Нябесным Валадарстве».

Айцец Аркадзь Куляха нагадаў, што Крыжовы шлях — гэта таксама набажэнства пакаяння, падчас якога ёсць магчымасць паяднацца з Богам у святой споведзі. З гэтай мэтай напрыканцы калоны ідуць святары, якія спавядаюць ахвотных.

Распачаў набажэнства ўступнаю малітваю Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Пазней іерарх таксама служыў сакрамэнтам паяднання. На чале працэсіі вернікі па чарзе неслі крыж, змяняючы адно аднаго. Некаторыя ўдзельнікі ішлі па кальварыі сем’ямі, былі нават зусім маленькія дзеці.

Перад трыма крыжамі на лясным пагорку — стацыяй, якая нагадвае пра крыжовую смерць Збаўцы, — многія вернікі кленчылі, перапрашаючы Бога за грахі і давяраючы Яму ў малітве свае самыя глыбокія памкненні.

Крыжовы шлях працягваўся каля дзвюх гадзін і ўжо ў прыцемку завяршыўся малітваю за памерлых перад апошняй стацыяй на парафіяльных могілках. 

Абноўлена 17.07.2023 22:59
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця