Пошук

10.07.2023 11:21   Фота: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by

8 ліпеня, падчас урачыстасцяў у гонар Маці Божай, Каралевы нашых сем’яў, у санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі ў Тракелях (Радунскі дэканат) адбылося традыцыйнае аднаўленне сужэнскіх абяцанняў.

У прыгожым і кранальным абрадзе ўзялі ўдзел дзясяткі сужэнскіх пар: як тыя, што толькі распачалі свой супольны шлях, так і тыя, якія ўжо маюць за плячыма шмат гадоў сямейнага жыцця.

Сужэнцаў, якія прыбылі на фэст у Тракелі з розных мясцін, благаславіў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Да ўдзельнікаў, якія як быццам нанава перажылі момант шлюбу, іерарх скіраваў словы настаўлення, у якім асаблівым чынам заахвоціў мужоў і жонак да супольнай малітвы.

«Калі вы будзеце рэгулярна маліцца разам, у вашай сям’і будуць панаваць любоў і згода. А калі раптам паміж вамі ўзнікнуць нейкія непаразуменні, звярніцеся ў малітве да Бога. Можа, нават не гледзячы адзін на аднаго, проста памаліцеся, і ў той момант, калі скажаце „Амэн“, вы зможаце зноў паглядзець адно аднаму ў вочы і падаць руку на знак прымірэння», — параіў сужонкам іерарх.

Абрад аднаўлення сужэнскіх абяцанняў суправаджаўся бальнымі танцамі, а на завяршэнне пары, якія сёлета адзначаюць юбілей супольнага жыцця, разам з біскупам Юрыем Касабуцкім выпусцілі ў блакітнае сонечнае неба над Тракельскім санктуарыем белых галубоў.

Гэтыя птушкі здаўна сімвалізуюць каханне, якое сужонкі абяцаюць адно аднаму захоўваць ажно да апошніх дзён свайго жыцця.

Абноўлена 10.07.2023 11:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа