30 чэрвеня падчас сямейнай пілігрымкі ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай адбудзецца прэзентацыя настольнай гульні «Гранат з Будслава».
Натхненнем для стварэння гульні стала выява граната на цудадзейным абразе Маці Божай Будслаўскай, які з’яўляецца сімвалам еднасці Касцела.
Ілюстратар Кацярына Фільмановіч выбрала для гульні яскравыя колеры, каб гульня змагла зацікавіць не толькі школьнікаў, але і дашкалят. Маці з маленькімі дзецьмі могуць выкарыстоўваць гульню у якасці сортэра.
Гульня «Гранат з Будслава» была распрацавана з мэтай стварыць альтэрнатыву гаджэтам у падарожжах.
Яна распрацавана такім чынам, каб яе камфортна было браць з сабою не толькі ў паездкі на аутамабілі, але таксама на цягніку і самалеце.
Набыць гульню ў Будславе можна будзе ў кіёску «Радыё Марыя». Усе сродкі, якія атрымаецца сабраць, будуць перададзены на аднаўленне будслаўскай святыні, пашкоджанай пажарам.
Пілігрымка, арганізаваная рухам сужэнскай духоўнасці Equipes Notre-Dame, аб’ядноўвае цэлыя сем’і.
Пілігрымы выходзяць 30 чэрвеня з вёскі Пузыры Мядзельскага раёна, што прыблізна ў пятнаццаці кіламетрах ад Будслава.
Па дарозе ўдзельнікі пілігрымкі таксама будуць разважаць над тэмай «Быць у Тваіх руках», а самыя малодшыя удзельнікі прымуць удзел у забаўляльнай праграме ў вёсцы Вераб’і.
Актуальную інфармацыю пра пілігрымку можна знайсці на сайце рухy Equipes Notre-Dame.
Тэлефоны для даведак:
- +375 (25) 987 29 28
- +375 (44) 719 82 43 — Аліна і Максім Угорычы