З 2 па 4 чэрвеня ў рэкалекцыйным доме «Голас Айца» пры парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Росі (Гродзенская дыяцэзія, Ваўкавыскі дэканат) адбыліся духоўныя практыкаванні для мужчын на тэму «Малітва ў жыцці мужчыны».
Рэкалекцыі, арганізаваныя супольнасцю «Мужчыны святога Юзафа», праводзілі айцец Віталь Сапега, дамініканін, і псіхатэрапеўт Іван Пузанаў. У духоўных практыкаваннях бралі ўдзел мужчыны і юнакі з трох дыяцэзій: з Браслава, Ваўкавыска, Гродна, Мінска, Ліды і Росі.
«Кожны дзень мужчына выходзіць на „духоўную вайну“. Для таго, каб супрацьстаяць спакусам і граху, „ваяру“ патрэбныя дары Святога Духа, а таксама малітва. Малітва як індывідуальная, так і з усёй сям’ёй, сам-насам з жонкай, а таксама ў супольнасці вернікаў. Кожны павінен выпрацаваць і выбраць для сябе пэўны рытм малітвы на працягу дня, які будзе ўключаць чытанне Евангелля і разважанне над Божым Словам. Было б нядрэнна, калі б вячэрняя малітва складалася з агляду дня, калі вернік правярае сябе, ці ва ўсіх сітуацыях ён дзейнічаў у духу любові, і дзякуе Стварыцелю за атрыманыя ласкі. Мужчынам таксама рэкамендуецца выбраць святых, чый прыклад яны будуць наследаваць і якіх будуць прасіць аб заступніцтве», — адзначыў айцец Віталь.
Псіхолаг Іван Пузанаў правёў канферэнцыю на тэму: «Адрозненні мужчыны і жанчыны», у якой на прыкладах паказах, чым адрозніваецца праца ворганаў пачуццяў і іх рэакцыя на раздражняльнікі ў мужчын і жанчын.
Адзін з удзельнікаў рэкалекцый, прадпрымальнік Алесь Квіткевіч, падзяліўся сваімі ўражаннямі.
«Рады, што трапіў на мужчынскія рэкалекцыі ў Росі. Сустрэча з іншымі мужчынамі, якія таксама знаходзяцца на шляху духоўнага развіцця, і шчырыя размовы з імі дапамаглі глыбей зірнуць на некаторыя з’явы штодзённага жыцця, лепш у іх разабрацца. У тым ліку, адносіны паміж сябрамі мужчынамі, адданасць сваёй справе і шчырая праца, стасункі ў сям’і, з жонкаю, дзецьмі. Карысна было даведацца досвед іншых людзей, пабачыць, што на некаторыя рэчы мы глядзім па-іншаму. Але ёсць і тое, у чым мы сыходзімся. Удзячны арганізатарам і тым, хто нас прыняў і на працягу гэтых дзён пра нас клапаціўся. Дзякуй вам вялікі за гасціннасць і дай вам Бог далейшых поспехаў!»