Пошук

01.06.2023 08:48   Тэкст і фота: Мікола Гракаў / Catholic.by

31 мая ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай адзначылі адпустовую ўрачыстасць Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі.

Першы касцёл, пабудаваны ў Будславе ў XVII стагоддзі, быў пасвячаны пад тытулам Адведзінаў Найсвяцейшай Паннай Марыяй святой Альжбеты. Гэтая святыня з унікальным разблёным алтаром — так званы «стары касцёл» — сёння з’яўляецца часткай Нацыянальнага санктуарыя, непасрэдна злучанай з асноўным касцёлам, дзе ў галоўным алтары знаходзіцца цудадзейны абраз Маці Божай Будслаўскай.

Успамін Адведзінаў святой Альжбеты традыцыйна святкуецца ў будслаўскай парафіі як адпуст.

Увечары ў сераду ў будслаўскай базыліцы адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч у 42-ю гадавіну святарства. Заслужаны іерарх прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне 31 мая 1981 года.

На пачатку сятой Імшы пробашч будслаўскай парафіі ксёндз Дзмітрый Дубовік коратка растлумачыў значэнне адпустовай урачыстасці і папрасіў арцыбіскупа Кандрусевіча ўзначаліць цэлебрацыю, у якой узялі ўдзел ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк, святары з суседніх парафій і вернікі. Да супольнай малітвы з дапамогай прамой трансляцыі на YouTube-канале Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай духоўна далучыліся некалькі соцень людзей з розных куткоў Беларусі і з-за мяжы.

Распачынаючы Імшу, арцыбіскуп Кандрусевіч сказаў, што цэлебруе яе перад цудадзейным абразом Маці Божай Будслаўскай, дзякуючы Пану Богу і Багародзіцы за дар паклікання і нястомную дапамогу на шляху служэння Богу і людзям у Хрыстовым святарстве.

У прамоўленай гаміліі іерарх нагадаў, што Марыя пасля Звеставання скіравалася ў дом Альжбеты, якая чакала нараджэння папярэдніка Езуса — святога Яна Хрысціцеля.

«Сказаўшы сваё „так“ Богу і назваўшы сябе „Слугой Пана“, Яна хацела стаць „Слугой бліжняга“.

Такім чынам Марыя дала прыклад усім нам: служыць Богу і бліжняму. А служыць азначае любіць. Яна нібы апярэдзіла Езуса, які сказаў, што ўвесь Божы Закон змяшчаецца ў дзвюх запаведзях: любіць Бога і бліжняга», — падкрэсліў арцыпастыр.

Ён дадаў, што Марыя прыйшла ў дом Захарыі і Альжбеты не адна, але з Езусам ва ўлонні і з Ягонай ласкай. Арцыбіскуп заўважыў, што гэта была сустрэча не толькі дзвюх благаслаўлёных жанчын, але і яшчэ ненароджаных Езуса і Яна Хрысціцеля.

«Натхнёная Духам Святым Альжбета назвала Марыю „Маці свайго Пана“. Марыя ж на гэтае прывітанне адказала сваім славутым гімнам Magnificat — „Велічае душа мая Пана“.

Па прыкладу Марыі мы не павінны быць нерухомымі ў сваім хрысціянскім жыцці. Неабходна ісці і служыць Богу і бліжняму, каб сваім хрысціянскім сведчаннем несці Евангелле ў сучасны свет, які ліхаманкава шукае вырашэння шматлікіх праблем, але без праўды Евангелля не зможа гэтага зрабіць», — адзначыў арцыпастыр, заахвоціўшы вернікаў выбрацца ў падарожжа, якое вядзе да сэрцаў людзей, каб ім занесці Езуса і Ягоную ласку. На заканчэнне гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч выказаў пажаданне, каб так, «як з маленькага касцёла Адведзінаў Марыяй Альжбеты паўстала велічная будслаўская базыліка, таксама няхай з нас — маленькіх слугаў Марыі — паўстане велічная духоўная святыня Божага Народа».

Пасля Імшы на алтары перад цудадзейным абразом Маці Божай Буслаўскай быў выстаўлены Найсвяцейшы Сакрамэнт і адбылося апошняе ў гэтым годзе Маёвае набажэнства, на заканчэнне якога арцыбіскуп удзяліў усім Эўхарыстычнае благаслаўленне.

На выхадзе са святыні арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сардэчна паразмаўляў з дзвюмя пажылымі парафіянкамі, адной з якіх споўнілася 93, а другой — 92 гады.

Варта адзначыць, што ў Будславе традыцыйна адзначаюцца тры адпусты: Адведзінаў Найсвяцейшай Паннай Марыяй святой Альжбеты (31 мая); Маці Божай Будслаўскай (2 ліпеня; апошнім часам — першая субота ліпеня); Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (тытул будслаўскай базылікі, 15 жніўня).

 

Абноўлена 01.06.2023 09:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця