Пошук

31.05.2023 12:30   Catholic.by

Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка

Пастырскі ліст
на летні перыяд Года Надзеі ў Пінскай дыяцэзіі

Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі

«Прапаведуй слова, будзь настойлівы ў спрыяльны і неспрыяльны час, аспрэчвай, папраўляй, заахвочвай з усёй цярплівасцю ў навучанні» (2 Цім 4, 2).

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

Усёй супольнасцю мясцовага Касцёла ў нашым рэгіёне мы перажываем час трохгадовай падрыхтоўкі да юбілею сотай гадавіны Пінскай дыяцэзіі, які з Божай ласкі будзем перажываць у 2025 годзе. Бягучы літургічны год у нашай дыяцэзіі мы адзначаем як Год Надзеі.

У межах трохгадовай падрыхтоўкі да юбілею жадаем нанава адкрыць і ацаніць багацце вялікай спадчыны Касцёла, якую нам пакінулі папярэднія пакаленні вернікаў на нашай зямлі. Сэрцам гэтай спадчыны з’яўляецца скраб каталіцкай веры, які знайшоў свой вельмі вымоўны выраз у каштоўных старых касцёлах і капліцах, санктуарыях, цудоўных абразах і прыдарожных крыжах. Да гэтай спадчыны належаць таксама святыні, адноўленыя пасля дзесяцігоддзяў атэізацыі, пабудаваныя касцёлы і капліцы ў новых мікрараёнах гарадоў, якія імкліва развіваюцца. Усе гэтыя святыні — старыя і новыя — з’яўляюцца для нас дарам Божага Провіду, каб кожны чалавек меў доступ да асаблівага месца, дзе ён зможна перажыць сустрэчу з Богам не толькі ў малітве, але таксама ў Эўхарыстыі, у іншых сакрамэнтах, заглыбіцца ў адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту і памаліцца ў прысутнасці Хрыста, які прабывае ў цішыні табернакулюма.

Дарагія браты і сёстры!

У гэтым лісце на пачатак летняга перыяду хачу звярнуць вашую ўвагу на адзін з важных спосабаў напаміну пра Пана Бога, які чакае нас у святынях. Ім з’яўляюцца гукі касцёльных званоў.

Узгадайма, што яны значаць і якую важную ролю адыгрываюць у духоўным жыцці людзей. Традыцыйна лічыцца, што званы выконваюць патройную функцыю. Па-першае, яны выражюць хвалу, якую мы аддаем Пану Богу праз іх мелодыю. Па-другое, звон вельмі моцна і выразна нагадвае людзям пра касцёл і заклікае на малітву. Па-трэцяе, такі выраз усхвалення Пана з’яўляецца моцным спосабам выгнання злых духаў з месцаў, дзе чалавек чуе, з дапамогай званоў, голас Касцёла ў малітве, і звяртае свае думкі і сэрца да Бога.

Традыцыя ўжывання касцёльных званоў бярэ пачатак у біблійных часах. У Старым Запавеце чытаем, як Майсей, навучаны Панам, загадаў вырабіць срэбныя трубы, з дапмогай якіх святары заклікалі людзей на малітвы раніцай, удзень і ўвечары (гл. Зых 28, 33–35). Таксама на вопратку святара вешаліся званочкі, калі той уваходзіў у Святое Святых Ерузалемскай святыні. Гэта быў спосаб абвяшчэння вернікам важнага моманту набажэнства і закліку іх на малітву. Голас трубы таксама клікаў выбраны народ у пустыні, каб яны наблізіліся да гары Сінай на сустрэчу з Богам (гл. Зых 19, 13). «Сінаем» Новага Запавету ёсць Хрыстус, прысутны сярод нас у Найсвяцейшым Сакрамэнце ў кожным касцёле. Таму званы сталі важным атрыбутам кожнай хрысціянскай святыні і кожнага набажэнства.

У традыцыі Касцёла званы заклікаюць вернікаў на малітву ў адпаведныя гадзіны: раніцай, днём і вечарам. Перадусім голас званоў нагадвае аб часе святой Імшы. Акрамя таго, голас звону апоўдні заахвочвае, каб сярод разнастайных справаў і штодзённай працы вернікі на хвіліну затрымаліся і, узносячы малітву «Анёл Панскі», праславілі Пана за дар Уцелаўлення, тым самым асвяцілі свае заняткі і з Божай перспектывы перажывалі кожны дзень. Таксама званы заклікаюць памаліцца за памерлых, асабліва тады, калі чуем іх сумную мелодыю з нагоды пахавання ці набажэнства за памерлых. Перадусім жа званы абвяшчаюць важныя і ўрачыстыя падзеі ў жыцці парафіі.

У традыцыі нашага народа званіца і касцёльныя званы заўсёды былі месцам асаблівай пашаны.

Часта вызначалася спецыяльная асоба — званар, які меў дазвол, абавязак і прывілею званіць у касцёльныя званы. Кожная парафія старалася сабраць ахвяраванні, каб набыць і мець свае званы ў мясцовым касцёле або капліцы.

Як ведаем з гісторыі, падчас розных войнаў званы часта знішчаліся. Часам іх забіралі і як матэрыял выкарыстоўвалі на патрэбы вайны. Напрыклад, ксёндз Гжэгаж Каласоўскі, шматгадовы пробашч у Нясвіжы, прыгадваў, як у цяжкія часы Другой сусветнай вайны нацысты пагражалі яму смерцю або турэмным зняволеннем, калі ён не перадасць ім касцёльныя званы. Таксама ў гады атэізму званы знішчаліся або забаранялася ў іх званіць. Дзякуем Богу, што ў нашыя часы мы можам свабодна пачуць голас касцёльных званоў, якія запрашаюць нас на малітву і праслаўленне Пана.

У літургіі Касцёла ёсць спецыяльная цырымонія пасвячэння званоў. Варта заўважыць, што Касцёл надае гэтаму настолькі вялікую ўвагу, што дазваляе выконваць гэтую чыннасць толькі біскупам (гл. Інструкцыя Inter Oecumenici, 77). Падчас спецыяльнага абраду пасвячэння званам надаюцца імёны святых апекуноў. Гэта падзея для ўсёй парафіі. Ведаем, што званы з’яўляюцца высілкам вялікай ахвярнасці парафіянаў, якія складаюцца, хто колькі можа, каб іх набыць для ўласнага касцёла. Наяўнасць званоў і ўдзел у іх набыцці становіцца вялікай заслугай для кожнага парафіяніна, бо такім чынам праз набыты для касцёла звон, які заклікае людзей на сустрэчу з Богам, вернік прычыняецца да збаўлення ўсіх тых, хто на голас гэтага звону ступіць на шлях збаўлення.

Апавядаў адзін місіянер, які служыць сярод эскімосаў на далёкай поўначы, як ён прыехаў да іх узімку. Ён убачыў у касцёле печ з вялікі комінам, выведзеным высока над дахам, і падрыхтаваныя дровы. Калі печ была напаленая і дым высока ўзносіўся над ваколіцай, людзі пачалі зыходзіцца да касцёла на набажэнства. Здалёк быў бачны дым і чутны яго пах як знак для мясцовых католікаў, што прыехаў місіянер-святар і будзе цэлебравацца святая Імша. Гэтая сітуацыя паказвае, як людзі карыстаюцца рознымі знакамі, каб сігналізаваць запрашэнне на малітву, у касцёл, на супольную цэлебрацыю і праслаўленне Пана. Ці будзе гэта дым з коміна, як у старадаўніх эскімосаў, ці гранне на бубне, ці біццё молатам аб шыну, ці рассылка смс-паведамленняў, ці нейкі іншы спосаб званення, як, напрыклад, сучасныя электронныя званы — усё гэта мае адну і тую ж галоўную мэту: нагадаць, што Бог чакае, што касцёл адчынены, што адбываецца нешта важнае, каб дапамагчы чалавеку на шляху збаўлення (гл. Другі Ватыканскі Сабор, Канстытуцыя пра святую Літургію Sacrosanctum Concilium, 37).

Усведамленне значэння касцёльных званоў нараджае шматгранную культуру карыстання імі і дбання пра іх. Наяўнасць касцёльных званоў — гэта ў нейкім сэнсе абавязак парафіі.

Таму заахвочваю вернікаў і душпастыраў, каб паклапаціліся пра выгляд і стан касцёльнай званіцы, аднаўленне і ўстанаўленне новых званоў у сваіх святынях. Важна, каб у парафіі была адпаведна падрыхтаваная асоба, якая паклапоціцца пра званы, будзе іх абслугоўваць, рамантаваць. У месцах, дзе ёсць такая патрэба, варта паклапаціцца пра тое, каб парафія аддзячвала за працу пастаяннага званара. Тое самае адносіцца да працы электрыка ці іншага майстра, які пастаянна абслугоўвае электронныя званы, каб яны добра функцыянавалі. Гэта будзе ахвярай парафіі, каб штодня ў адпаведную пару мелодыя званоў нагадвала ўсім пра Пана Бога. Будзем жа ўдзячныя і ахвярна паклапоцімся пра званы і асоб, якія аб іх дбаюць.

Нашая дыяцэзія рыхтуецца да стагоддзя яе ўстанаўлення. У межах падрыхтоўкі да гэтага значнага юбілею заахвочваю ўсе парафіяльныя супольнасці на чале з душпастырамі, каб паклапаціліся аб аднаўленні святыняў і касцёльных званоў. Няхай гэты традыцыйны выраз нашай веры загучыць адноўленым голасам званоў ва ўсіх касцёлах і капліцах. Часам гэты звон можа стаць для некаторых імпульсам, каб знайсці дарогу да Касцёла. Ведаем, што ў сувязі з міграцыяй людзей у новыя месцы жыхарства і працы часта нават веруючыя асобы губляюцца: ім цяжка знайсці святыню ў новым месцы. А голас звону можа ім дапамагчы, каб успомніць пра касцёл, знайсці яго ў кожным месцы жыхарства (гл. Sacrosanctum Concilium, 23).

Калі парафія становіцца перад заданнем набыцця новых касцёльных званоў, разумеем, што яно патрабуе значных фінансавых выдаткаў. Але калі ўсвядомім, колькі духоўнага дабра атрымае парафія і ўся мясцовасць праз гэтыя званы, то варта пра гэта паклапаціцца. Колькі ж гісторыя ведае выпадкаў, калі голас касцёльнага звону выратаваў нейкую асобу ад самагубства, розных цяжкіх грахоў, нагадаў аб малітве за памерлых. Як моцна гэты гук адганяе злых духаў і звяртае думкі чалавека да Бога. Колькі ж людзей ступіла на шлях збаўлення, пачалі маліцца, калі пачулі голас касцёльнага звону.

Цяжка палічыць і назваць усе духоўныя даброты, якія зыходзяць на парафію праз гэты такі важны традыцыйны спосаб яднання чалавека з Панам Богам.

Дарагія браты і сёстры! Летні перыяд для многіх веруючых людзей з’яўляецца часам актыўнага ўдзелу ў разнастайных пілігрымках, рэкалекцыях, духоўных сустрэчах. Гэта важна і збавенна. Дадайма ж да гэтай актыўнасці таксама высілак, каб задбаць пра нашыя святыні, а таксама пра званіцы і касцёльныя званы. Адшукайма нашыя старыя званы: можа, яны дзесьці захваліся. Іх вяртанне дазволіць выкарыстоўваць іх па прызначэнні згодна з воляй ахвярадаўцаў. Асабліва дапамагайма малым парафіяльным супольнасцям, якія маюць абмежаваныя магчымасці. Няхай салідарная дапамога іншых парафій будзе для іх падтрымкай у належным утрыманні касцёла, капліцы і званоў. Няхай кожная парафіяльная супольнасць добра выкарыстае гэты час, каб мы змаглі належна падрыхтавацца да стагоддзя Пінскай дыяцэзіі.

На плённы перыяд летняга адпачынку, аднаўлення сілаў, а таксама духоўнага і фізічнага высілку няхай добры Бог благаслаўляе.

Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі

Пінск, 20 мая 2023 г.

Абноўлена 31.05.2023 12:47
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа