Пошук

30.05.2023 12:26   Тэкст: Ірэна Ахрамовіч / Фота: Мікіта Яфрэмаў / Catholic.by

У суботу 27 мая ў Ракаве (Мінска-Магілёўская архідыяэцзія, Валожынскі дэканат) адбылася інтэграцыйная сустрэча для моладзі на заканчэнне навучальнага года.

На пачатку сустрэчы, у якой узялі ўдзел каля пяцідзесяці чалавек, усіх прысутных прывіталі адказны за моладзь у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз Андрэй Бурак і пробашч мясцовай парафіі ксёндз Дзмітрый Чупрын. Пробашч пажадаў моладзі добра правесці час разам і быць радаснымі і жвавымі, як святы Філіп Нэры, успамін якога адзначаўся напярэдадні ў Касцёле.

Ксёндз Андрэй Бурак распавёў моладзі пра багатую гісторыю мястэчка Ракаў, адкуль паходзяць яго карані, і заахвоціў маладых людзей атрымліваць асалоду ад прабывання ў гэтым надзвычай атмасферным месцы.

Забавы для моладзі падрыхтавалі душпастыры з моладдзю з парафіі Божага Цела з Мінска, дзе нясуць служэнне айцы кармэліты босыя. У супольных гульнях і танцах удзельнікі сустрэчы знаёміліся паміж сабой, размаўлялі, жартавалі і добра бавілі час.

Напрыканцы сустрэчы адбыўся «аўкцыён», на якім за адмысловую валюту — «ракаўскі грош» — можна было набыць прысмакі. Удзельнікі актыўна змагаліся за перамогу і шчыра радаваліся адзін за аднаго.

Сустрэча завяршылася супольнай малітвай у ракаўскім касцёле Маці Божай Ружанцовай і святога Дамініка, якую правялі юнакі і дзяўчаты з Душпастырства моладзі Хрыста са сталічнай парафіі святога Яна Евангеліста і святога Макасімільяна Кольбэ, дзе нясуць служэнне ксяндзы хрыстусоўцы.

Маладыя людзі дзякавалі Богу за навучальны год, за сваіх сяброў і душпастыраў, а таксама за цудоўны час, праведзены разам у мястэчку Ракаў.

 

Абноўлена 30.05.2023 23:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.