17 чэрвеня, ва ўспамін Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі, у Тэалагічным каледжы імя святога Казіміра ў Гродне адбылася ўрачыстая цырымонія заканчэння навучальнага года.
Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, з гэтай нагоды на малітве ў гродзенскім рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкім) сабраліся адміністрацыя, выкладчыкі і навучэнцы каледжа.
З вялікай удзячнасцю ўдзельнічалі ў святочнай цырымоніі таксама сёлетнія выпускнікі каледжа.
Чатыры выпускнікі пасля некалькіх гадоў навучання, паспяховай здачы ўсіх экзаменаў і напісання заліковых прац атрымалі дыпломы і, магчыма, у будучыні стануць дапамагаць дзецям і моладзі пазнаваць і любіць Езуса Хрыста і Ягоны Касцёл.
Узначаліў цэлебрацыю Эўхарыстыі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, ахвяруючы яе ў інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае супольнасць каледжа: адміністрацыі, выкладчыкаў і навучэнцаў, у тым ліку выпускнікоў.
У гаміліі біскуп засяродзіў увагу на літургічным успаміне, які адзначаўся ў гэты дзень. Іерарх нагадаў, што адразу пасля заканчэння актавы Божага Цела Касцёл у літургіі ўказвае на два Сэрцы: Пана Езуса і Маці Божай, у якіх чалавек заўсёды знойдзе разуменне і прытулак.
Як падкрэсліў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне, пашана Беззаганнаму Сэрцу Марыі аддаецца таму, што яно — сімвал нястомнай малітвы і ўслухоўвання ў Божае слова. «Сэрца Марыі напоўнена любоўю да Бога і да чалавека», — сказаў іерарх.
Біскуп заахвоціў да таго, каб, ушаноўваючы Сэрца Марыі, «прасіць Яе матчынай дапамогі, каб Божая ласка пастаянна асвячала і перамяняла нашыя сэрцы».
Таксама іерарх заклікаў падзякаваць Найсвяцейшай Маці за скончаны год вучобы ў Тэалагічным каледжы, а асабліва за выпускнікоў, якія прайшлі ўвесь курс фармацыі.
«Няхай усе набытыя веды, увесь змест веры, які вы пачулі, над якім разважалі і ў які паглыбляліся, набліжаюць кожнага з вас да Пана Бога і служаць найважнейшай мэце — вашаму асабістаму асвячэнню», — пажадаў біскуп.
Пасля Імшы пастыр дыяцэзіі разам з намеснікам дырэктара па вучэбнай частцы ксяндзом канонікам Андрэем Шчупалам CSsR уручылі сёлетнім чатыром выпускнікам дыпломы, якія сведчаць, што яны паспяхова скончылі навучанне.
Біскуп выказаў словы ўдзячнасці адміністрацыі каледжа за клопат аб функцыянаванні гэтай установы, аб адпаведнай і ўсебаковай фармацыі навучэнцаў, забеспячэнні як мага лепшых умоваў для набыцця ведаў.
Таксама ён падзякаваў выкладчыкам, сярод якіх духоўныя і свецкія асобы, за сістэматычнае перадаванне ведаў на працягу года на лекцыях, правядзенне практычных заняткаў і асабістае сведчанне веры.