Пошук

26.05.2023 13:00   Тэкст і фота: Таццяна Мацкевіч / Catholic.by

20 мая навучэнцы трэцяга курса Мінскага тэалагічнага каледжа і некалькі навучэнцаў паслядыпломнай ступені здзейснілі падарожжа па шэрагу святынь Гродзенскай дыяцэзіі. Паездка была арганізавана ў межах заліковага іспыту па прадмету «Рэлігійны турызм».

Маршрут, распрацаваны выкладчыкам каледжа Дзмітрыем Монічам, пралягаў праз Крэва, Баруны, Гальшаны, Трабы, Суботнікі, Ліпнішкі, Іўе і Дуды.

Крэва

Навучэнцы наведалі крэўскі касцёл Перамянення Пана, даведаліся пра яго гісторыю, якая распачалася ў ХІV стагоддзі.

Пасля гэтага вандроўнікі скіраваліся на Юр’еву гару, адкуль палюбаваліся маляўнічымі відамі мястэчка і пагушкаліся на арэлях, а потым наведалі яшчэ адну тутэйшую славутасць — Крэўскі замак, дзе ў 1385 годзе была заключана Крэўская унія паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Польшчай. Навучэнцы не толькі пазнаёміліся з гісторыяй замка, але нават зрабілі замер таўшчыні замкавых сцен і пераканаліся, што яна складае ажно тры метры.

Баруны

Наступным пунктам падарожжа стала мястэчка Баруны. Галоўнай мясцовай славутасцю з’яўляюцца былы базыліянскі кляштар і касцёл святых Апосталаў Пятра і Паўла, якія захаваліся з сярэдзіны ХVІІІ стагоддзя.

У велічнай святыні зберагаецца вялікая хрысціянская рэліквія — цудадзейны абраз Маці Божай Барунскай.

Побач з касцёлам захаваўся будынак «студэнцкай» капліцы. Сябра Адама Міцкевіча Ігнат Ходзька прыгадваў, што ў капліцы захоўвалася школьная харугва, на якой на белым атласе з аднаго боку быў вышыты абраз Маці Божай, Апякункі школы, з другога — сноп збожжа: сімвал пладоў вучэння, што вучні з гумарам тлумачылі па-свойму: «Вучыся, асёл, добра — будзеш мець хлеб». «Турысты» з тэалагічнага каледжа ўзялі гэта да ўвагі, асабліва перад выпускным экзаменам.

Даведаўшыся пра гісторыю і цуды аздараўлення, выпрашаныя перад абразом Маці Божай Барунскай, навучэнцы спусціліся ў былую крыпту-пахавальню, дзе наталілі смагу вадой са святой крыніцы, якая прабілася ў гэтым месцы. Мясцовая парафіянка распавяла гасцям пра цуды, атрыманыя яе сям’ёй праз шчыры давер і малітву перад цудадзейным абразом.

Вандроўнікі такасама памаліліся перад ім і зрабілі фота на памяць з пробашчам барунскай парафіі ксяндзом Паўлам Паўлюкевічам.

Гальшаны

Знаёмства з Гальшанамі пачалося з наведвання касцёла святога Яна Евангеліста. У святыні навучэнцаў каледжа гасцінна сустрэў мясцовы пробашч, айцец Багуслаў Вуйтовіч OFMConv, які распавёў пра гісторыю святыні, а таксама пра абразы, якія ў ёй знаходзяцца.

Сярод іх найбольш адметныя абраз Панны Марыі з Яе бацькамі — Ганнай і Яўхімам, а таксама абраз Маці Божай Балеснай. З гэтай выявы Маці Божая пазірае заплаканымі чырвонымі вачыма, а па Яе шчацэ сцякае сляза. Яна выглядае настолькі рэалістычна, што, па словах пробашча, некаторыя нават спрабавалі выцерці слязу, думаючы, што гэта кропля вады.

Побач з касцёлам захаваліся будынкі францішканскага кляштара, у сцяну якога, паводле паданняў, была жыўцом замуравана жанчына, што пасля таго нібы з’яўляецца ў выглядзе прывіду — Белай Панны. Пробашч пажартаваў, што ўжо некалькі гадоў спрабуе з ёй сустрэцца, каб папрасіць грошай на рэстаўрацыю, але ні ў сутарэннях, ані пад скляпеннямі нікога так і не ўбачыў.

Будучы ў Гальшанах, немагчыма не наведаць яшчэ адну тутэйшую славутасць — Гальшанскі замак, які ў свой час з’яўляўся рэзідэнцыяй роду Сапегаў.

Замак можа прэтэндаваць на статус першай на нашых землях… станцыі метро: дагэтуль жывуць паданні пра лёхі — падземныя ходы, якія нібы злучалі замак з кляштарам. Кажуць, што яны былі настолькі вялікімі, што нават брычкі з коньмі маглі там раз’ехацца: дык чым не метро?..

Трабы

Далей па плану вандроўкі было мястэчка Трабы і касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі — велічны будынак у неагатычным стылі пачатку ХХ стагоддзя. Адна з навучэнак каледжа распавяла пра гісторыю касцёла, назву мястэчка, а таксама пра выдатных людзей, якія адсюль паходзяць.

Вандроўнікі даведаліся, што некалькі гадоў у трабскай парафіі служыў ксёндз Аляксандр Астрамовіч, які пачаў прамаўляць казанні па-беларуску.

На беларускай мове гучалі і словы яго надмагільнай прамовы на пахаванні князя Мікалая Радзівіла 26 лістапада 1914 года. Ксёндз Аляксандр быў таксама паэтам і друкаваў свае вершы пад псеўданімам Андрэй Зязюля. Яшчэ адзін цікавы факт: Освальд Ян Бекіш, выдатны навуковец, прозвішча якога цяпер ведае, напэўна, кожны студэнт-медык, нарадзіўся менавіта ў Трабах.

Было цікава даведацца, што ў касцёле знаходзіцца першы ў Беларусі пнеўматычны арган. Сам касцёл, нягледзячы на гатычныя формы, усярэдзіне даволі светлы, з прыгожымі роспісамі скляпенняў. Роспіс з выявай Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі над алтарнай часткай выклікае неверагодна светлыя пачуцці.

Суботнікі

Касцёл святога Уладзіслава, пабудаваны на пачатку мінулага стагоддзя з чырвонай цэглы, захоўвае ў сабе гісторыю свайго фундатара, графа Умястоўскага. Групу навучэнцаў каледжа ветліва сустрэў пробашч суботніцкай парафіі ксёндз Аляксандр Лебядзевіч, які падрабязна расказаў і пра фундатара, і пра яго сям’ю, і, канечне, пра сам касцёл.

Моцнае ўражанне ў гасцей выклікалі мазаічныя пано ў крыпце касцёла, дзе знаходзіцца пахавальня роду Умястоўскіх, а таксама прылада, якой карыстаюцца для апускання жырандолей. Пробашч таксама ці то жартам, ці ўсур’ёз распавёў пра тое, чаму блішчаць бэлькі, якія з’яўляюцца часткай мяхоў аргана. Даўней, маўляў, некаторыя вернікі за пакуту павінны былі падаваць паветра ў музычны інструмент, апускаючы і ўздымаючы гэтыя бэлькі. Так арган радаваў парафіянаў прыгожымі гукамі падчас святой Імшы.

Ліпнішкі

Будынак касцёла святога Казіміра 1910 года, пабудаваны з камянёў у стылі неаготыкі, звонку выглядаў даволі сувора, але ўсярэдзіне аказаўся светлым, з пабеленымі сценамі. Над уваходам размясціліся хоры з прыгожым белым арганам.

У гэтым касцёле навучэнцы даведаліся ад брата Вітальда Жыльветры OFMCap пра «лекі з Божай аптэкі», а таксама атрымалі з яго рук «рэцэпт маладосці».

Іўе

Гэты гарадок аказаўся вельмі ўтульным і прыгожым. Перад пабудаваным у XVIIІ стагоддзі касцёлам святых Апосталаў Пятра і Паўла гасцей «сустрэў» Езус с распасцёртымі рукамі. Гэтая фігура з’яўляецца амаль дакладнай копіяй той, што стаіць у Рыа-дэ-Жанэйра, толькі меншага памеру. Побач з касцёлам часткова захаваўся кляштар бэрнардынаў. Усярэдзіне касцёла знаходзяцца абразы канца XVIII стагоддзя: Укрыжаванне Хрыста і Найсвяцейшая Тройца. Ёсць яшчэ адна ікона, якая літаральна зышла з неба: гэта адзін з 60-і абразоў Казанскай Божай Маці, якія ў 2004 годзе пабывалі ў космасе і больш за 100 разоў абляцелі Зямлю.

Мястэчка Іўе з’яўляецца яскравым прыкладам добрасуседства чатырох традыцыйных на нашай зямлі веравызнанняў: католікаў, праваслаўных, мусульманаў і юдэяў.

Гэта сімвалічна выяўляе ўсталяваны на плошчы ўнікальны помнік, кожны з чатырох бакоў якога скіраваны да адпаведнай святыні.

Дуды

Апошнім пунктам падарожжа навучэнцаў тэалагічнага каледжа стала вёска Дуды, якая сустрэла гасцей прыгожым і вельмі ўтульным драўляным касцёлам Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. Будынак святыні захаваўся да нашых дзён з 1772 года. У савецкія часы ў ім размясцілі спачатку збожжасховішча, а пасля склад угнаенняў.

У алтары касцёла знаходзіцца цудатворны абраз Маці Божая Адзігітрыя Дудская (згодна з заключэннем навукоўца, які неяк зайшоў у святыню, доўга глядзеў і потым менавіта так «па-навуковаму» класіфікаваў абраз).

У касцёле вельмі прыгожая драўляная столь з роспісам і размешчаны на «даху» канфесіянала драўляны амбон. Падчас наведвання святыні вандроўнікі даведаліся, дзе жывуць кажаны: за абразамі на сценах касцёла ў Дудах.

Навучэнцы і выпускнікі Мінскага тэалагічнага каледжа вельмі удзячныя свайму выкладчыку Дзмітрыю Монічу за цікавыя заняткі, дырэктару каледжа, ксяндзу каноніку Яну Крэмісу — за ўвядзенне прадмета «Рэлігійны турызм» і арганізацыю паездкі, а таксама Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму арцыбіскупу Юзафу Станеўскаму за магчымасць атрымаць дадатковую спецыяльнасць выпускнікам гэтай унікальнай навучальнай установы.

Абноўлена 26.05.2023 13:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа