Пошук

03.04.2023 11:09   Тэкст: Іна Грыб / Фота: Ганна Грыб / Catholic.by

2 красавіка, у Пальмовую нядзелю, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў жодзінскім санктуарыі Маці Божай Фацімскай.

Вітаючы сабраных на ўрачыстасмці вернікаў, арцыпастыр нагадаў, што Пальмовай нядзеляй, або нядзеляй Мукі Пана, распачынаецца Вялікі тыдзень — час, калі хрысціяне ў літургічных цэлебрацыях святкуюць Пасхальную таямніцу смерці і ўваскрсення Хрыста — цэнтральныя падзеі гісторыі збаўлення.

Перад Імшой на пляцы перад санктуарыем адбылася ўрачыстая працэсія, у якой вернікі з упрыгожанымі вербамі віталі Езуса, у вобразе якога выступіў юнак на восліку.

Традыцыйна такая працэсія адбываецца ў Пальмовую нядзелю на ўспамін таго, як больш за дзве тысячы гадоў таму Езус на асляняці пад прывітальныя воклічы вялікага натоўпу: «Гасанна!» Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана!» — увайшоў у Ерузалем, каб там прынесці Нябеснаму Айцу дасканалую ахвяру за збаўленне свету.

На гэтым засяродзіў увагу арцыбіскуп Кандрусевіч у прамоўленай гаміліі.

«Літургія Пальмовай нядзелі спалучае два супрацьлеглыя моманты: адзін — хвалы, другі — пакуты, аб чым распавядаюць евангельскія тэксты пра трыумфальны ўваход Езуса ў Ерузалем і пра драму Яго цярпенняў, укрыжавання і смерці», — падкрэсліў заслужаны іерарх.

Ён заўважыў, што тыя самыя людзі, якія з радасцю віталі Езуса, праз некалькі дзён патрабавалі ўкрыжаваць Яго, і дадаў, што «біблейская гісторыя Пальмовай нядзелі заклікае нас прааналізаваць нашае ўласнае жыццё на прадмет таго, з якога боку „барыкады“ змагання дабра са злом мы знаходзімся». У сувязі з гэтым арцыбіскуп Кандрусевіч прыгадаў адну афраамерыканскую песню, у якой ёсць такія прыгожыя словы: «Ці быў ты там, калі яны праслаўлялі майго Пана? Ці ты быў там, калі яны Яго крыжавалі? Так, абодва разы я быў там у натоўпе. Спачатку крычаў „Гасанна!“, а пазней — „Укрыжуй Яго!“».

«Да якой катэгорыі хрысціянаў адносімся мы: да першай ці да другой? — прапанаваў адказаць на пытанне арцыпастыр. — А можа, да абедзвюх, бо паступаем згодна з жыццёвай сітуацыяй: і Богу, і д’яблу? Можа, з’яўляемся гэткімі „духоўнымі хамелеонамі“, якія змяняюць колер скуры ў залежнасці ад сітуацыі?

Мы не можам быць людзьмі, якія практыкуюць сітуацыйную этыку, калі ў залежнасці ад жыццёвай сітуацыі верым у Бога або адракаемся ад Яго, захоўваем Яго запаведзі або не», — настаўляў сабраных у жодзінскім санктуарыі арцыбіскуп. Ён дадаў, што «Бог чакае нашага адказу. Ад яго будзе залежаць не толькі тое, як мы адсвяткуем Пасху, але і наша вечнасць».

Гамілію арцыпастыр завяршыў пажаданнем: «Няхай разважанне над урачыстым уваходам Езуса ў Ерузалем і Яго збаўчай Мукай схіліць нас стаць на баку Бога, каб на Вялікдзень мы з чыстымі сэрцамі спявалі радаснае Аллелюя як песню хвалы Уваскросламу Пану і нашага ўваскрашэння з магілы граху да радасці жыцця ў Божай ласцы.

Благаслаўлёныя сёння пальмы няхай стануць сімвалам нашай любові да Езуса і імкнення наследаваць Яго ў час спрыяльны і неспрыяльны, каб заўсёды заставацца вернымі нашаму хрысціянскаму пакліканню», — сказаў заслужаны іерарх.

Пасля святой Імшы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сардэчна падзякаваў жодзінскім парафіянам і кусташу санктуарыя ксяндзу Міхаілу Цвячкоўскаму МІС за супольную малітву і за малітвы ў яго інтэнцыі падчас знаходжання ў шпіталі, а таксама павіншаваў вернікаў з надыходзячым святам Пасхі.

 
Абноўлена 03.04.2023 11:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.