Пошук

20.03.2023 10:55   Тэкст і фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

3 16 па 19 сакавіка ў парафіі Маці Божай Ружанцовай і святога Дамініка ў мястэчку Ракаў (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) прайшлі велікапосныя рэкалекцыі на тэму «Будзь воля Твая».

Пасля нечаканага адыходу ў вечнасць былога пробашча з Ракава ксяндза каноніка Дзмітрыя Барылы, пахаванне якога адбылося тут 2 сакавіка, часова душпастырскую апеку над асірацелымі мясцовымі вернікамі ажыццяўляюць святары са сталічнай парафіі святога Сымона і святой Алены, якая засталася без сваёй святыні.

Велікапосныя духоўныя практыкаванні для ракаўскіх парафіянаў распачаў у чацвер ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк. Перадусім святар адзначыў, што тэмай рэкалекцый невыпадкова былі выбраныя словы «будзь воля Твая» з малітвы «Ойча наш», якой Езус Хрыстус сам навучыў сваіх паслядоўнікаў.

Паводле ксяндза Уладзіслава, той цяжкі досвед, які напаткаў як ракаўскіх парафіянаў, так і вернікаў парафіі святога Сымона і святой Алены, дапамагае ў больш глыбокім пошуку Бога.

«Рэкалекцыі — гэта час разважанняў, пераацэнка нашага жыцця. Час, каб спыніцца і паглядзець на сябе звонку. Спытаць у самога сябе, куды я іду? У якім кірунку я імкнуся? Ці я сапраўды выбраў добры шлях, які прывядзе мяне да паўнаты шчасця?» — прапанаваў пытанні для разважання падчас духоўных практыкаванняў ксёндз Уладзіслаў Завальнюк.

У пятніцу рэкалекцыйную канферэнцыю для ракаўскіх вернікаў правёў ксёндз Станіслаў Станеўскі CSsR, які нясе служэнне вікарыя ў Чырвоным касцёле. Святар запрасіў удзельнікаў рэкалекцый скіраваць позірк на Езуса Хрыста, які дае вернікам прыклад поўнага і безумоўнага прыняцця Божай волі, калі бярэ крыж на свае плечы і аддае жыццё за збаўленне чалавецтва. «Ён вучыць нас, каб мы таксама ў нашым жыцці прымалі Божую волю», — падкрэсліў рэдэмптарыст.

Узгадаўшы жыццё і душпастырскае служэнне ксяндза Дзмітрыя Барылы, рэкалекцыяніст адзначыў, што спачылы ракаўскі пробашч заўсёды кіраваўся любоўю да Бога і бліжняга.

«Ксёндз Дмітрый у сваім жыцці імкнуўся выконваць Божую волю. Калі Бог яму сказаў „ідзі за Мной“, ён без ваганняў падпарадкаваўся і цяпер прыбывае ў Доме Айца. Мы ж застаемся тут, на зямлі, каб далей распазнаваць і выконваць Божую волю, хоць яна часта здаецца для нас чымсьці незразумелым і цяжкім», — заўважыў ксёндз Станіслаў.

У дзень, калі Збаўца аддаў сваё жыццё на крыжы, пасля святой Імшы адбылося набажэнства Крыжовага шляху ў інтэнцыі спачылага ксяндза Дзмітрыя.

Разважаючы над пакутамі, смерцю і уваскрасеннем Хрыста, святар нагадаў, што зямное жыццё чалавека — гэта пілігрымка, а наша адвечная Радзіма — у нябесным Валадарстве.

У суботу рэкалекцыі ў Ракаве праводзіў ксёндз Валерый Даўгуль, а завяршыліся велікапосныя духоўныя практыкаванні ў нядзелю. Цэлебрацыі з рэкалекцыйнай навукай у Чацвёртую нядзелю Вялікага посту — Нядзелю радасці — праводзіў ксёндз Дзмітрый Чупрын, вікарый парафіі святога Юзафа ў Маладзечне.

Абноўлена 20.03.2023 10:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця