На пачатку Вялікага посту моладзь сталіцы, па добрай традыцыі, сабралася на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту.
Сёлета адарацыя прайшла ў першы чацвер месяца, 2 сакавіка, у Новай Баравой, у парафіі святога Францішка Азізскага, дзе нясуць служэнне меншыя браты капуцыны.
У супольнай малітве перад Езусам у Эўхарыстыі ўзялі ўдзел каля 70-і юнакоў і дзяўчат з розных парафій Мінска.
Перад адарацыяй са словам прывітання да сабраных звярнуўся малады святар брат Ян Садоўскі OFMCap, пробашч парафіі. Ён распавёў пра гісторыю паходжання ордэна, яго назвы, а таксама пазнаёміў з тым, як вялося будаўніцтва святыні, у якой сабраліся маладыя людзі.
Таксама да моладзі звярнуўся ксендз Андрэй Бурак, адказны за душпастырства моладзі ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Святар распавёў пра ход адарацыі і пажадаў удзельнікам плённа перажыць гэты час у прысутнасці Езуса.
Адарацыйныя разважанні і малітвы былі на тэму «Кайцеся і верце ў Евангелле». Гэтыя словы кожны вернік пачуў у Папяльцовую сераду падчас абраду пасыпання галоваў попелам.
Цудоўным музычным суправаджэннем адарацыю аздобіла моладзь з парафіі святога Францішка Асізскага.
Сама малітва перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам складалася з дзвюх частак. Напачатку маладыя людзі разважалі пра пакаянне, пра грахі і заганы, якія перашкаджаюць сустрэцца са Збавіцелем. Кожны мог запісаць на лістку паперы свае слабасці, ад якіх хоча пазбавіца, і перад манстранцыяй, у прысутнасці Бога, знішчыць гэты запіс, каб з Божай дапамогай пазбаўляцца ад грахоў і быць гатовым выйсці насустрач прыходзячаму Пану.
Акрамя таго, праз малітву Вяночка да Божай Міласэрнасці моладзь перапрашала за грахі ўсяго свету, ахінаючы асаблівай малітвай Беларусь, Украіну, а таксама пацярпелыя ад землятрусу Турцыю і Сірыю.
У другой частцы моладзь разважала пра веру ў Евангелле, каб адказаць на пытанне, ці мы не толькі чытаем Божае слова, але сапраўды верым у прыйсце Збаўцы і чакаем яго?
Напрыканцы адарацыі кожны ўдзельнік асабіста атрымаў налепку з выяваю крыжа і прыняў урывак падрыхтаванага для яго Божага слова. Налепкі з крыжам моладзь змясціла на сваіх прыладах і на бачных месцах, каб на працягу Вялікага посту не забывацца пра падрыхтоўку свайго сэрца і старацца быць вернымі Хрысту.
Пасля адарацыі ўдзельнікі скіраваліся ў дольную частку святыні, каб падмацавацца цёплай гарбатай і прывітаць сяброў.
Такая малітоўная моладзевая сустрэча на пачатку Вялікага посту адбывалася ў сталіцы ўжо ў пяты раз.
Яе мэта — дапамагчы маладым вернікам глыбей перажыць Вялікі пост і добра падрыхтавацца да галоўнага хрысціянскага свята — Вялікадня.
Маладыя ўдзельнікі адарацыі запрашаюць сваіх аднагодкаў на наступную падзею — моладзевае начное чуванне, якое адбудзецца ў ноч з 18 на 19 сакавіка ў мінскай архікатэдры.