Пошук

08.03.2023 11:00   Ганна Шаўчэнка / ave-maria.by
Фота: Аve-maria.by

Сакавіцкі нумар папулярнага ў Беларусі каталіцкага часопіса «Ave Maria» сёлета прысвечаны сям’і, а асабліва руху сямейнай духоўнасці Equipes Notre-Dame.

Анонс новага нумара, які ўжо можна набыць у касцёлах, змешчаны на сайце часопіса Аve-maria.by.

«Сям’я — гэта найпершы і, з розных прычынаў, найважнейшы шлях», — напісаў святы Ян Павел ІІ у Пасланні да сем’яў, урывак з якога ў перакладзе галоўнага рэдакатара часопіса Крыстыны Лялько змешчаны на першых старонках сакавіцкага нумара «Ave Maria». Служэнню сям’і Касцёл заўсёды аддаваў шмат увагі і намаганняў, бо ў гэтай маленькай супольнасці чалавек нараджаецца і ўзрастае, з яе чэрпае сілы для грамадскага жыцця, для працы і творчасці.

Невыпадкова новы нумар часопіса ў гэтым годзе, прысвечаным у Касцёле апостальству свецкіх, прысвечаны руху сямейнай духоўнасці Equipes Notre-Dame (END — «Суполкі Маці Божай»), які быў заснаваны ў Францыі ў 1939 годзе, а ў Беларусі дзейнічае з 2004 года.

Удзельніца руху Аліна Угорыч сцісла распавядае пра яго гісторыю ў артыкуле «Equipes Notre-Dame». Ксёндз Павел Федаровіч, марыянін, у інтэрв’ю «Сужэнства — абяцанне, якое даецца на ўсё жыццё» (запісала Паліна Грыб) дзеліцца сваім досведам душпастырскай працы з сем’ямі ў Мінску, у Казахстане, а затым — у барысаўскай супольнасці END. Святар разважае пра выклікі, якія стаяць перад каталіцкай сям’ёй у ХХІ стагоддзі і пра тое, як удзел сем’яў у руху END дапамагае вернікам пераадольваць цяжкасці і ўзрастаць духоўна.

Людміла Чаган у артыкуле «Дзеянне Бога ў маім жыцці», а таксама Валерый і Алена Шымак у матэрыяле «Як мы апынуліся ў руху» дзеляцца цікавымі сведчаннямі пра тое, якія жыццёвыя шляхі прывялі іх да «Суполак Маці Божай» і як удзел у гэтым руху паўплываў на іх сужэнствы.

«Цяпер разумею, што ўсе сітуацыі пасылаліся нам не проста так, — піша Людміла Чаган, — цяжкасці нас загартоўвалі, дзякуючы ім мы ўзрасталі духоўна. Спатрэбілася 10 гадоў маёй няспыннай малітвы за мужа, каб ён захацеў сам узрастаць у веры».

У рубрыцы «Старонка псіхолага» сястра Паўла Эва Бобэр MSF разважае пра асноўныя крыніцы цяжкасцяў і канфліктаў у сужэнствах («Канфлікты ў сужэнскім жыцці»), а таксама падказвае, як па-хрысціянску ставіцца да крыўдаў, здрадаў, спрэчак, нясталасці і іншых праблемных сітуацый. Айцец Юрый Кулай OCD у артыкуле «Убачыўшы іх веру…» (рубрыка «Школа малітвы») распавядае пра тое, як нашыя намаганні і вера дапамагаюць збаўляць іншых.

На старонках часопіса чытачы таксама знойдуць артыкулы ксяндза Андрэя Рылкі «Ці можа свецкі вернік падаваць святую Камунію?» і ксяндза Кірыла Бардонава «Ці можна паглядзець нядзельную Імшу ў інтэрнэце і не ісці ў касцёл?», разважанне Паліны Грыб «Залежнасць майго блізкага — гэта і мой крыж?», нататку Аксаны Данільчык «Нечаканая пілігрымка» і іншыя цікавыя матэрыялы.

На вокладцы часопіса змешчана Навэнна ў інтэнцыі сем’яў праз заступніцтва святога Максімільяна Кольбэ.

Абноўлена 08.03.2023 11:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.