Арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, які знаходзіцца ў шпіталі пасля перанесенай аперацыі, даслаў свае спачуванні ў сувязі са смерцю ксяндза каноніка Дзмітрыя Барылы.
Яго Эксцэленцыі
Арцыбіскупу Юзафу Станеўскаму
Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму
Ваша Эксцэленцыя!
Прыміце мае самыя глыбокія спачуванні ў сувязі са смерцю заслужанага святара Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі — пробашча ракаўскай парафіі, дэкана Валожынскага дэканата ксяндза каноніка Дзмітрыя Барылы. Словы спачування выказваю яго маме Гэлене, яго брату, пробашчу парафіі ў Вілейцы, дэкану Вілейскага дэканата ксяндзу каноніку Александру, усім родным і блізкім, святарам і кансэкраваным асобам, а асабліва асірацелым вернікам парафіі ў Ракаве.
Бог паклікаў да сябе талентавітага душпастыра, добрага арганізатара, выдатнага рэстаўратара, адкрытага на ўсіх людзей Чалавека з вялікай літары.
Пры яго непасрэдным удзеле аднавіліся ва ўсёй прыгажосці ракаўскі касцёл і плябанія, была арганізавана ўзорная катэхізацыя дзяцей і моладзі, а таксама пілігрымкі ў Будслаў і шмат іншага.
Вялікім быў яго ўдзел у фармацыі маладых святароў у Пінскай духоўнай семінарыі і катэхетаў у Мінскім тэалагічным каледжы. Ён доўгія гады выконваў функцыі афіцыяла Міждыяцэзіяльнага касцёльнага суда ў Мінску.
Смуткуе сёння Касцёл у Беларусі, а асабліва Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. Жалем напоўнены сэрцы блізкіз і ўсіх, хто ведаў ксяндза Дзмітрыя. Плача ракаўская парафія, бо ўжо не ўбачыць свайго любімага духоўнага айца, не пачуе яго голасу, не дасведчыць ягоных новых пастырскіх і арганізацыйных ініцыятываў.
Усведамляючы рэальнасць смерці, неабходна на яе глядзець праз прызму праўды Уваскрасення, якой навучаў ксёндз Дзмітрый, паўтараючы словы Хрыста: «Я — уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, будзе жыць вечна».
Сёння, развітваючыся з ксяндзом Дзмітрыем, хочацца сказать, што не час шкадаваць ружы, калі гарыць лес. Такім духоўным лесам, які адорваў людзей свежым духоўным паветрам, быў памерлы ксёндз канонік Дзмітрый Барыла.
Яго пахаванне няхай будзе не толькі знакам нашай удзячнасці яму за ахвярную працу на касцёльнай ніве, але таксама пастырскай акцыяй дзеля новых пакліканняў да святарства і кансэкраванага жыцця, каб духоўны лес нашай Бацькаўшчыны не засох.
Ксёндз канонік Дзмітрый! Сардэчна дзякую табе за тваё служэннне Касцёлу і асабістае сяброўства. На цябе можна было заўсёды разлічваць.
Няхай Добры Бог будзе міласэрны да цябе і, падобна як ты вёў людзей да Неба, увядзе цябе ў яго радасць.
З малітвай,
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мінск, 2 сакавіка 2023 г.