Пошук

24.02.2023 17:48   Catholic.by

Па ініцыятыве каталіцкіх біскупаў нашай краіны ў Другую нядзелю Вялікага посту, якая прыпадае на 5 сакавіка, у Касцёле на Беларусі пройдзе збор ахвяраванняў для дапамогі пацярпелым ад землятрусу ў Турцыі і Сірыі.

Паважаныя святары, шаноўныя кансэкраваныя асобы, дарагія браты і сёстры ў Хрысце!

У Папяльцовую сераду мы распачалі Вялікі пост — перыяд, які асабліва звязаны з практыкай міласціны: дапамогі нашым бліжнім, якія знаходзяцца ў патрэбе. Асаблівым выклікам для свету у апошні час стаў землятрус у Турцыі і Сірыі, на які Касцёл у Беларусі адгукнуўся малітоўнай падтрымкай.

Аднак ведаючы страшныя наступствы гэтай трагедыі: знішчэнне гарадоў і інфраструктуры, якое пазбавіла дзясяткі і сотні тысяч людзей жылля і нармальных умоў для існавання, не кажучы пра вялікую колькасць загінулых, мы, каталіцкія біскупы Беларусі, лічым патрэбным здзейсніць збор ахвяраванняў для дапамогі пацярпелым ад гэтага стыхійнага бедства.

Таму прапануем правесці гэтую акцыю у Другую нядзелю Вялікага посту праз збор ахвяраванняў у скарбонкі пасля святых Імшаў, а сабраныя сродкі пералічыць на рахунак Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas Беларусь (рэквізіты будуць пададзены пазней).

Няхай адкрытасць нашых сэрцаў палегчыць лёс пацярпелых і прычыніцца да ўмацавання згоды паміж усімі народамі.

На правядзенне акцыі дапамогі ад усяго сэрца благаслаўляем.

Каталіцкія біскупы Беларусі

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця