Пошук

17.02.2023 15:52   Тэкст: кс. Павел Федаровіч MIC / Фота: с. Міхаліна Маркевіч OP, кс. Уладзімір Марушэўскі SChr / Catholic.by

З 13 па 15 лютага у Навагрудку прайшла Пятая ўсебеларуская сустрэча маладых кансэкраваных асоб пад дэвізам «Шчаслівыя пакліканыя».

Манаская моладзь з розных кангрэгацый, якія нясуць служэнне ў нашай краіне, сабралася ў гасцінным рэкалекцыйным доме пры навагрудскай парафіі Святога Міхала Арханёла.

Распачалася сустрэча святой Імшой. Ксёндз Уладзімір Марушэўскі SChr, вітаючы удзельнікаў, узгадаў словы Папы Бэнэдыкта XVI, сказаныя ім у 2005 годзе: «Кожны з нас любімы, кожны з нас патрэбны і ніхто не лішні».

Малады хрыстусовец заахвоціў удзельнікаў пражыць дні сустрэчы не паасобку, а ў супольнасці.

У першы дзень маладыя манаскія асобы мелі магчымасць паўдзельнічаць у майстар-класе па акцёрскім майстэрстве і ўзгадаць, наколькі важны позірк падчас размовы з іншым чалавекам, перажыць снежныя прыгоды на свежым паветры, суцішыцца перад Богам на адарацыі, разам правесці вясёлы вечар з конкурсамі, спаборніцтвамі і ўзаемадапамогай.

Другі дзень распачаўся з супольнай Ютрані. Да ўдзельнікаў завітала сястра Стэла, назарэтанка, каб падзяліцца досведам свайго манаскага жыцця, адказаць на хвалюючыя пытанні і даць некалькі парад моладзі. Потым была кава ў маленькіх групах: цудоўны момант, каб падзяліцца чымсьці важным і паслухаць таго, хто побач.

Навагрудак — гэта месца гераічнага мучаніцтва благаслаўлёных сясцёр назарэтанак. Каб узгадаць іх жыццёвы шлях і памаліцца пры іх рэліквіях, айцы і сёстры сабраліся ў фарным касцёле.

Там адбылася Эўхарыстыя, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскi SDB, адказны ў беларускім епіскапаце за пастырства Інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця.

Іерарх, які сам належыць да салезіянскага таварыства, скіраваў да маладых манаскіх асоб словы заахвочвання і пастырскай падтрымкі.

Увечары ўдзельнікі наведалі месца мучаніцкай смерці адзінаццаці благаслаўлёных сясцёр назарэтанак, дзе разам памаліліся Нешпары і літанію.

У аўторак прайшлі таксама майстар-класы па базавай падтрымцы жыцця і канфлікталогіі, а завяршыўся дзень супольным вечарам за кубачкам гарбаты і спевамі.

Трэці дзень распачаўся з цэлебрацыі Эўхарыстыі, а пасля снедання настаў момант развітання і заканчэння сустрэчы. Маладыя кансэкраваныя асобы раз’ехаліся па месцах свайго служэння, каб сведчыць словамі і ўчынкамі аб радасці паклікання да манаскага жыцця.

                       

 

Абноўлена 09.04.2024 02:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа