Пошук

03.02.2023 22:00   Samaranin.by / Фота: Місія Добрага Самараніна / Catholic.by

2 лютага, у свята Ахвяравання Пана, якое традыцыйна называюць яшчэ святам Маці Божай Грамнічнай, або Грамніцамі, Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч упершыню наведаў Хрысціянскі сацяльны цэнтр у Мінску, дзе ўзначаліў цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы.

Капліца Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра пры Місіі Добрага Самараніна ў Мінску мае тытул Ахвяравання Пана, і таму ў гэтым адзіным у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі месцы культу пад такім тытулам у гэты дзень адзначалася ўрачыстасць.

Разам з прадстаўніком Папы ў нашай краіне Эўхарыстыю канцэлебраваў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.

У прамоўленай гаміліі нунцый Ёзіч распавёў пра евангельскія падставы свята Ахвяравання Пана, якое са старадаўніх часоў адзначаецца не толькі ў Каталіцкім Касцёле, але таксама ў Праваслаўнай Царкве і англіканскай супольнасці. «Сённяшняе свята і цяпер на Усходзе называецца святам Стрэчання, або сустрэчы: сустрэчы ласкавай любові Бога і чакання выбранага народа», — заўважыў іерарх.

«У свята Ахвяравання Пана ў святыні мы запрашаем пайсці на сустрэчу з Дзіцяткам Езусам, каб распазнаць у Ім таго, хто ёсць святлом свету. У сённяшняй літургіі мы таксама сузіраем Найсвяцейшую Панну Марыю — узор тых, хто чакае і паслухмяна адкрывае свае сэрцы на сустрэчу з Панам», — адзначыў Апостальскі нунцый.

Ён дадаў, што ў сучасным свеце, дзе рэлігія ўсё больш маргіналізуецца, дзе рэлятывізуюцца асноўныя каштоўнасці, неабходна, каб хрысціянскае сведчанне кожнага ахрышчанага было яскравым і паслядоўным.

Кажучы пра абрад благаслаўлення свечак, што адбываецца ў гэты дзень, арцыбіскуп Ёзіч назваў яго сімвалам хрысціянскага жыцця, падобнага да пілігрымкі, да «падарожжа на сустрэчу з Хрыстом, Панам і Збаўцам; падарожжа, якое завершыцца тады, калі мы канчаткова сустрэнемся з Ім у нябесным Ерузалеме».

«Запаленыя свечкі з’яўляюцца моцным заклікам да сведчання свету пра Хрыста — святло, якое не заходзіць», — сцвердзіў прадстаўнік Папы Францішка ў Беларусі.

На заканчэнне гаміліі Апостальскі нунцый патлумачыў, што схіліла святога Яна Паўла ІІ у 1997 годзе ўстанавіць у свята Ахвяравання Пана Дзень кансэкраванага жыцця. З гэтай нагоды прысутныя на ўрачыстасці ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры павіншавалі кансэкраваных асоб і падзякавалі ім за ахвярнае і руплівае служэнне.

Місія Добрага Самараніна дзейнічае пад апекаю святой Уршулі Ледухоўскай, чые духоўныя паслядоўніцы, сёстры ўршулянкі, яе стварылі і нястомна падтрымліваюць яе шматбаковую, шмат у чым унікальную для нашай краіны дзейнасць.

Як паведамляецца на сайце Місіі Samaranin.by, другая частка ўрачыстага мерапрыемства была прысвечана пісьменіцы Марыі Радзевіч з нагоды 160-годдзя з дня яе нараджэння. Даследчык Павел Каралёў распавёў прысутным пра яе жыццё і творчасць. Паводле некаторых звестак, нарадзілася яна акурат на Грамніцы, 2 лютага 1863 года ў маёнтку Пянюга (Гродзенская вобласць, Зэльвенскі раён).

Сёння яе імя не надта вядомае ў Беларусі, а між тым Марыя Радзевіч была не толькі прызнанай пісьменніцай, але таксама асветніцай і грамадскім дзеячам.

Пісьменніца стала адным з ініцыятараў з’яўлення уршулянак на Палессі ў 1933 годзе. Першая Місія сясцёр была створана ў вёсцы Гарадзец, што ў Кобрынскім раёне. Літаральна ў сямі кіламетрах адтуль размяшчаецца маёнтак Грушава, дзе жыла Марыя Радзевіч. Дзякуючы падтрымцы пісьменніцы сёстры ўршулянкі ў Гарадцы адкрылі дзіцячы садок, курсы кравецтва і шавецтва для дзяўчат, інтэрнат для вучаніц, арганізавалі бібліятэку, уладкавалі дом для сірот, выдатна наладзілі працу па доглядзе за нямоглымі людзьмі.

Завяршылася мерапрыемства выступам дудара Уладзіміра Бярберава, які распавёў пра гісторыю старажытнага інструмента і выканаў на ім некалькі кампазіцый.

Музы́ка — унук вядомага беларускага пісьменніка Аркадзя Куляшова, дзень нараджэння якога таксама прыпадае на пачатак лютага. Павел Каралёў уручыў госцю ўратаваныя памяткі са страчанага архіва Аркадзя Куляшова: лісты Валянціны Аркадзеўны да свайго таты Аркадзя Куляшова, напісаныя ў 1951 годзе.

Уладзімір Бярбераў прызнаўся, што не ведаў пра наяўнасць гэтых лістоў і падзякаваў за ўратаванне сямейных рэліквій.

На заканчэнне кожны ўдзельнік мерапрыемства атрымаў буклет пра Марыю Радзевіч, які адмыслова да юбілея быў падрыхтаваны Дабрачыннай Мiсiяй Добрага Самаранiна пад апекай святой Уршулi Ледухоўскай.

Абноўлена 04.02.2023 11:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа