Пошук

02.02.2023 02:02   Catholic.by

ЗВАРОТ
біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
на XXVІІ Дзень кансэкраванага жыцця

Дарагія манаскія асобы ў Беларусі,
шаноўныя святары,
любыя браты і сёстры!

2 лютага Касцёл адзначае свята Ахвяравання Пана і штогадовы Сусветны дзень малітвы за дар жыцця, прысвечанага Богу, — кансэкраванага жыцця. Гэта азначае стыль жыцця тых асобаў, якія асаблівым чынам ахвяраваліся Богу і працы дзеля дабра Касцёла. Яшчэ раз мы маем магчымасць усвядоміць, што пакліканне да манаскага жыцця з’яўляецца вялікім дарам Бога не толькі для паўсюднага Касцёла, але дарам для ўсяго свету.

Сутнасцю кансэкраванага жыцця з’яўляецца наследаванне Езуса Хрыста ў Яго любові да Айца і любові да кожнага чалавека праз радыкальнае прыняцце шляху евангельскіх парадаў: чысціні, убоства і паслухмянасці.

Манаскія асобы пакліканы сведчыць аб вечнай любові Бога да чалавека і такім чынам абуджаць у кожным прагу сапраўднай любові. Яны аддаюць сябе выключна Божай любові, каб стаць яе пасрэднікамі, асабліва там, дзе яе найбольш не хапае. Мы жывем у свеце, дзе голад любові становіцца ўсё больш і больш прыкметным. Гэтая любоў патрэбная сучаснаму чалавеку і сучаснаму свету. Такім чынам, нам патрэбныя апосталы Божай любові — тыя, хто будзе праведным жыццём сведчыць і прамаўляць у імя самога Бога.

Таксама і сёння Бог працягвае прамаўляць да нас. Бог гаворыць вельмі выразна. Ён прамаўляе праз сваё Слова і працягвае вызваляць наш свет ад уплыву злога. Усё гэта актуалізуецца ў кожнай Эўхарыстыі. У кожнай Імшы Езус прамаўляе да нас з моцай і хоча вызваліць нашыя сэрцы ад нашых слабасцяў і недасканаласцяў. Бог таксама скіроўвае да нас сваё Слова праз сучасных апосталаў, якія па Яго волі працягваюць місію Езуса Хрыста на зямлі.

Гэтымі сучаснымі апосталамі з’яўляюцца манаскія асобы. Гэта тыя, хто, адчуваючы любоў Бога, чуючы голас Езуса Хрыста «ідзі за Мною», стараюцца наследаваць свайго Настаўніка і Пана, жывучы паводле евангельскіх парадаў.

Манаскія асобы — сёстры, айцы і браты, дзевы, удовы і пустэльнікі — з’яўляюцца ў сучасным свеце сучаснымі апосталамі. Як сведкі Бога яны з’яўляюцца знакам будучага жыцця; жыцця, цалкам прасякнутага Яго любоўю. Яны, перажываючы сапраўдную любоў, жадаюць падзяліцца гэтай любоўю тут, на зямлі, з кожным чалавекам, да якога яны пасланыя. Напоўненыя Духам Святым, прысутныя ў сэрцы Касцёла, сваёй маці, яны выконваюць місію абвяшчэння Добрай навіны ва ўсіх сферах нашага жыцця, нават на яго перыферыі.

Як часта ў сучасным свеце мы адчуваем духоўную згубу, голад любові, перажываем крызіс вернасці і маем праблемы з еднасцю. Усё часцей мы становімся сведкамі жыцця, заснаванага на так званай «культуры моманту» — культуры чагосьці часовага. Многія людзі, нават тыя, хто называе сябе вернікамі, паддаюцца спакусе «жыцця на спробу», жыцця без пастаянных абавязацельстваў.

Усё гэта азначае, што сёння нам патрэбныя сапраўдныя праваднікі на шляху веры. Сёння нам патрэбныя тыя, хто верне сапраўднае аблічча любові, вернасці і еднасці. Такімі сведкамі могуць быць толькі сведкі Божай любові — Божыя апосталы. Такія Божыя апосталы, якія не толькі бачаць па-Божаму, гавораць па-Божаму, але, жывучы па-Божаму, з’яўляюцца сапраўднымі сведкамі Евангелля.

З самага пачатку існавання манаскага жыцця браты і сёстры паказваюць, што сапраўдную любоў можна знайсці толькі ў Хрысце — любоў верную і цярплівую, якая не заканчваецца пры першай сустрэчы з цяжкасцямі. Манаскія асобы паказваюць, што існуе вернасць, якая становіцца радасцю ў штодзённым жыцці. Гэтая вернасць рэалізуецца ў прысутнасці, у служэнні кожнаму чалавеку.

Нарэшце, манаскія асобы становяцца праваднікамі еднасці, рэалізуючы такім чынам словы малітвы Езуса да Айца — каб усе былі адно.

Манаскія асобы ўдзельнічалі і працягваюць актыўна ўдзельнічаць у перамяненні сённяшняга свету і рэчаіснасці, якая нас акружае. Сёння мы сустракаем манаскіх сясцёр, святароў, братоў, дзеваў і ўдоваў у шпіталях, дамах састарэлых, сталовых, сярод дзяцей, моладзі і сем’яў. Манаскія асобы прысутнічаюць у парафіях і іншых месцах евангелізацыі. Яны суправаджаюць тых, хто па розных прычынах апынуўся на ўзбочыне грамадскага жыцця.

Сёння, вам, дарагія браты і сёстры, пакліканыя да кансэкраванага жыцця, мы дзякуем за сведчанне жыцця, за вашу любоў да Бога і да кожнага чалавека. Заўсёды будзьце там, дзе знаходзіцца сённяшні чалавек. Будзьце заўсёды там, дзе ёсць недахоп і голад любові. Ідзіце туды, куды па-чалавечы ніхто не хоча ісці — на ўскраіну сённяшніх гарадоў і вёсак, на ўскраіну чалавечых сэрцаў. Няхай ваша жыццё заўсёды будзе простым, убогім і чыстым. Даверцеся Езусу, верце ў моц Святога Духа! Калі вы зробіце гэта, вы будзеце гаварыць з моцай, нячыстыя духі будуць падпарадкоўвацца вам і Валадарства Божае будзе абвяшчацца да канца свету.

Няхай добры Бог апякуецца ўсімі кансэкраванымі асобамі ў нашай Айчыне і благаслаўляе ўсіх нас.

Няхай Божы голас назаўсёды застанецца ў вашых сэрцах, няхай перамяняе вас сваёй любоўю, напаўняючы моцаю ласкаў і пасылае да кожнага чалавека.

З пастырскім благаслаўленнем,

Аляксандр Яшэўскі SDB
Адказны за Інстытуты Кансэкраванага жыцця
і Таварыствы Апостальскага жыцця
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.