
ДАКУМЕНТЫ КАСЦЁЛА У ПЫТАННЯХ І АДКАЗАХ
ДЫКАСТЭРЫЯ ВЕРАВУЧЭННЯ
Mater Populi fidelis
Дактрынальная Нота аб некаторых марыйных тытулах,
якія датычаць супрацоўніцтва Марыі ў справе збаўлення
Марыя займае асаблівае месца ў жыцці Касцёла і ў сэрцах вернікаў. Яна з’яўляецца Маці Езуса і адначасова Маці ўсіх тых, хто верыць у Яго. На працягу стагоддзяў Касцёл разважаў над роляй Марыі ў Божым плане збаўлення, і адсюль узнікалі розныя тытулы і формы пабожнасці. Аднак не ўсе гэтыя выразы заўсёды дакладна адпавядаюць вучэнню Касцёла.
Менавіта таму з’явілася Дактрынальная Нота Mater Populi fidelis, якая тлумачыць, у якім сэнсе мы можам гаварыць пра супрацоўніцтва Марыі ў справе збаўлення і якім чынам правільна разумець такія назвы, як Пасрэдніца ці Маці ласкі. Мэта гэтай ноты — дапамагчы вернікам любіць Марыю яшчэ глыбей, але так, каб гэтая любоў заўсёды вяла да Езуса, а не адцягвала ад Яго.
Разам з ксяндзом Яўгенам Вінтовым больш наглядна, у форме кароткіх пытанняў і адказаў, нагадаем асноўныя моманты прадстаўленага дакумента Апостальскай Сталіцы.
- Навошта была напісана гэтая дактрынальная нота?
Каб растлумачыць, у якім сэнсе можна карыстацца некаторымі марыйнымі тытуламі, а ў якім — нельга. Мэта — каб марыйная пабожнасць не засланяла Езуса, але вяла да Яго.
- Якая галоўная тэма дакумента?
Мацярынства Марыі адносна вернікаў — тое, што Марыя з’яўляецца Маці вернага люду. Усё астатняе вынікае з гэтага.
- Што значыць, што Марыя супрацоўнічае ў справе збаўлення?
Марыя не замяняе Езуса, але супрацоўнічае з Ім сваёй верай, паслухмянасцю, прысутнасцю пад крыжам і матчынай любоўю. Усё, што яна мае, — ад Бога.
- Ці была Марыя патрэбная Богу ў плане збаўлення?
Бог не «патрабаваў» Марыю ў чалавечым сэнсе, але сам выбраў Яе як Тую, праз якую Слова стане целам. Гэта выбар любові, а не неабходнасці.
- Чаму нельга называць Марыю «Суадкупіцелькай»?
Бо Aдкупіцель толькі Езус. Гэты тытул («Суадкупіцелька») лёгка ўводзіць у зман і зацямняе тое, што толькі Хрыстус — Збавіцель Сусвету. Таму Касцёл не раіць карыстацца гэтым выразам.
- Гэта значыць, што Марыя не мае ролі?
Мае — і вельмі вялікую! Але як Маці і вучаніца, а не як «другі Збаўца». Яе роля — мацярынская, дапаможная, а не роўная Хрысту.
- Ці можна называць Марыю «Пасрэдніцай»?
Так, але толькі ў дакладна акрэсленым сэнсе: Марыя молiцца за нас, падтрымлівае нас і вядзе да Езуса. Але яна ніколі не з’яўляецца «іншай пасрэдніцай побач з Хрыстом». «Адзін пасрэднік Езус Хрыстус» (пар. 1 Цім 2,5).
- Як Марыя «пасрэднічае»?
Марыя пасрэднічае сваёй малітвай, матчынай пяшчотай, заклікам слухаць Езуса: «Зрабіце ўсё, што Ён вам скажа» (пар. Ян 2,5). Яе роля — малітоўная і мацярынская, а не святарская.
- Чаму дакумент моцна падкрэслівае ролю Езуса?
Бо любая пашана да Марыі павінна весці да яшчэ большай любові да Езуса. Марыя заўсёды паказвае на свайго Сына, а не на сябе.
- Чаму Марыю называюць «Новай Евай»?
Бо як Ева сваёй непаслухмянасцю прынесла чалавецтву боль, так Марыя сваім «так» прынесла свету Збаўцу. Яна — пачатак новага стварэння.
- Чаму Марыю называюць «Маці веруючых»?
Бо Езус на крыжы даў нам Марыю як Маці: «Вось Маці твая» (пар. Ян 19, 26–27). Яе матчына служэнне — духоўнае: яна дапамагае нараджацца веры ў нашых сэрцах.
- Што значыць, што Марыя — «Маці ласкі»?
Гэта не азначае, што ласка «праходзіць праз яе рукі» як праз крыніцу. Крыніца ласкі толькі Бог. Але Марыя дапамагае нам адкрыцца на ласку, вядзе да Езуса і моліцца за нас.
- Ці дзейнічае Марыя ў жыцці Касцёла?
Так. Яе матчыная прысутнасць праяўляецца ў тым, што яна дапамагае прымаць Божае слова, падтрымлівае вернікаў ва ўзрастанні ў веры, суправаджае малітву Касцёла, вядзе да сакрамэнтаў.
- Ці апякуецца Марыя кожным чалавекам?
Так. Дакумент падкрэслівае яе мацярынскую блізкасць і пяшчоту — і ў вядомых аб’яўленнях (напрыклад, Гвадэпупе), і ў штодзённым жыцці кожнага.
- Ці можа Марыя нешта зрабіць без Хрыста?
Не. Усё, што яна робіць, адбываецца дзякуючы Хрысту і ў Яго ласцы. Яе роля заўсёды злучаная з Езусам.
- Ці пакутуе Марыя разам з Езусам?
Так — мацярынскім болем пад крыжам. Але яе пакуты не з’яўляюцца «дапаўненнем» да ахвяры Хрыста. Яна суперажывае, а не «дапаўняе».
- Чаму Касцёл перасцерагае супраць перабольшання ў адносінах да Марыі?
Бо некаторыя тытулы або аднабаковыя выразы могуць ствараць няправільныя ўяўленні, нібыта ставіць Марыю замест Хрыста, а таксама выклікаць тэалагічную блытаніну. Мэта дакумента, каб марыйная пабожнасць была чыстай, евангельскай і хрыстацэнтрычнай.
- Якія тытулы найбольш правільныя (паводле дактрынальнай ноты)?
Маці верных (Маці Божага люду) і Маці Касцёла — тытулы, глыбока ўкаранёныя ў Святым Пісанні і Традыцыі.
- Што нам дае правільнае разуменне Марыі?
Яно дапамагае глыбей палюбіць Езуса, жыць у еднасці з Касцёлам, адкрыцца на ласку Духа Святога, адчуваць матчына суправаджэнне Марыі.
- Якое галоўнае пасланне дакумента?
Марыя — Маці, а не Збаўца. Усё, што яна робіць, вядзе да Езуса і адбываецца дзякуючы Яму. Касцёл жадае, каб марыйная пабожнасць была прыгожай, чыстай і сапраўднай.
Шанаванне Марыі — гэта дар і багацце Касцёла. Але сапраўдная марыйная пабожнасць ніколі не адрывае нас ад Езуса Хрыста. Наадварот, праз Марыю мы лепш пазнаём Яго, бо яна заўсёды кажа нам: «Зрабіце ўсё, што Ён вам скажа ».
Дакумент Mater Populi Fidelis нагадвае, што Марыя — гэта Маці, спадарожніца, абаронца і заступніца, але не Збаўца і не тая, хто дадае нешта да ахвяры Хрыста. Яе роля — мацярынская, пяшчотная і поўная любові: яна вядзе нас да свайго Сына, падтрымлівае на шляху веры і дапамагае адкрыць сэрца для Божай ласкі.
Калі мы правільна разумеем Марыю, мы становімся бліжэй да Езуса, глыбей адчуваем Божую міласэрнасць і больш адкрываемся на дзейнасць Духа Святога. Таму Касцёл заклікае нас шанаваць Марыю з любоўю, з павагай і з жаданнем крочыць разам з Ёю туды, куды вядзе Хрыстус.

