Пошук

12.01.2023 14:46   Тэкст: Валянціна Міхайлоўская, Ала Ярмак / Фота: Станіслаў Дубаневіч / Catholic.by

У панядзелак 9 студзеня ў парафіі святога Юзафа ў Маладзечне адбылася малітоўнай сустрэчай святароў Маладзечанскага дэканату.

Па запрашэнні пробашча парафіі ксяндза прэлата Эдмунда Даўгіловіча-Навіцкага, дэкана Маладзечанскага, сустрэчу ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Разам з іерархам пры алтары маліліся канцлер Мінска-Магілёўскай Мітрапалітальнай курыі, пробашч парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Заслаўі ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі, пробашч парафіі Божага Цела ў Беразінскім ксёндз канонік Сяргей Бараўнёў, пробашч парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Лебедзеве ксёндз Уладзімір Русак, пробашч парафіі святога Казіміра ў Маладзечне брат Ігар Колзун OFMCap, брат Андрэй Жылевіч OFMCap, вікарый парафіі святога Юзафа ў Маладзечне ксёндз Дзмітрый Чупрын.

Напачатку іерарха і ўсіх прысутных святароў прывітаў ксёндз Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі. Дэкан Маладзечанскі адзначыў, што святары, якія нясуць служэнне ў дэканаце, — гэта не проста «афіцыйная» супольнасць: гэта сям’я. Святар падкрэсліў, што, як сем’і збіраюцца разам падчас святаў, так і святарам вельмі важна збірацца на такія сустрэчы, каб супольна памаліцца, падзяліцца думкамі, проста пабыць разам.

«Мы, святары, заўсёды молімся за вас, дарагія вернікі. Але ж мы таксама толькі людзі са сваімі слабасцямі і недасканаласцямі. Таму і нам вельмі патрэбна ваша малітва, ваша духоўная падтрымка», — узрушана звярнуўся ксёндз Эдмунд да прысутных парафіянаў.

У прамоўленай гаміліі біскуп Касабуцкі адзначыў, што Маладзечна для яго асабіста і для шэрагу прысутных на сустрэчы святароў — гэта калыска іх дзяцінства; гэта той куток, дзе пачалося не толькі іх жыццё, але таксама іх вера і іх пакліканне.

Біскуп звярнуў увагу прысутных на сэнс таямніцы Божага Нараджэння і прапанаваў кожнаму задаць сабе пытанні: «Што для мяне галоўнае ў гэтых святах? Падарункі? Упрыгожаная батлейка? Багаты калядны стол? Ці сам маленькі Езус, які нарадзіўся ў беднай Бэтлеемскай стайні; нарадзіўся ў сэрцы кожнага чалавека, каб для ўсіх заззяла зорка надзеі на збаўленне?»

«Вельмі важна, каб мы не гублялі сапраўдны сэнс Божага Нараджэння, калі Слова Божае прыняло нашую чалавечую натуру і стала маленькім дзіцяткам, каб разам з намі прайсці ўвесь шлях чалавечага жыцця ад зачацця да смерці і паказаць нам магчымасць дасягнення вечнага жыцця ў Нябесным Валадарстве», — адзначыў іерарх.

Хрысціянскае жыццё біскуп параўнаў з яблынай: можна ўзяць вельмі салодкі, сакавіты яблык, дастаць з яго зярнятка, пасадзіць і вырасціць яблыну. «Але ці дасць яна такія ж салодкія, сакавітыя плады? Не. Хутчэй за ўсё на такой яблыні вырастуць дробныя кіслыя яблыкі, якія ў народзе называюць дзічкамі. А калі мы возьмем маленькую галінку ад добрай яблыні, прышчэпім яе да нашага саджанца, будем старанна даглядаць, падразаць, паліваць, то неўзабаве атрымаем багаты ўраджай цудоўных пладоў. Аднак калі мы перастанем клапаціцца пра нашае дрэва, то праз колькі гадоў яно пачне дзічэць. Так і жыццё хрысціяніна: хрост, чытанне Божага Слова, споведзь, праца над сабой, учынкі міласэрнасці — усё гэта дапамагае нам станавіцца і заставацца „добрымі пладамі“ і не дазваляе нам ператварыцца ў „дзічкі“», — адзначыў іерарх.

Напрыканцы гаміліі біскуп Касабуцкі яшчэ раз падкрэсліў вялікае значэнне і неспасцігальную сілу малітвы: асабістай і супольнай, маўклівай і ўголас, радаснай і журботнай, але абавязкова шчырай.

«Калі мы молімся за нашых бацькоў і хросных, за дзяцей і людзей старэйшага ўзросту, за дабрадзеяў і непрыяцеляў, жывых і тых, хто адышоў з гэтага свету, то такім чынам мы злучаемся паміж сабою і яднаемся з Богам, які і прыйшоў на зямлю дзеля таго, „каб усе былі адно“», — сцвердзіў пастыр.

На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп Юрый Касабуцкі яшэ раз падзякаваў за гасціннасць ксяндзу Эдмунду Даўгіловіч-Навіцкаму і сваёй роднай парафіі, павіншаваў ўсіх прысутных са святамі Божага Нараджэння і з надышоўшым 2023 годам, а таксама ўдзяліў прысутным пастырскае благаслаўленне.

Абноўлена 12.01.2023 14:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа