7 студзеня, у першую суботу месяца і Новага, 2023 года, у Нацыянальным санктуарыі ў Будславе адбылася чацвёртая малітоўная сустрэча ў межах Вялікай навэнны падрыхтоўкі да 25-гадовага юбілею з часу каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай.
Як паведамляецца на сайце Catholicnews.by, студзеньская малітоўная сустрэча сабрала каля Маці Божай Будслаўскай настаўнікаў і катэхетаў з усёй Беларусі, перадусім з Віцебскай дыяцэзіі.
Сход узначаліў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
На пачатку ўсіх пілігрымаў, якія толькі ўваходзілі ў святыню, шчыра вітаў прадстаўнік Мінскага катэдральнага капітулу Маці Божай Будслаўскай і святога арханёла Міхала ксёндз канонік Дзмітрый Барыла з Ракава.
Сустрэча пачалася з супольнай малітвы Фацімскага Ружанца, які правялі настаўнікі і катэхеты з розных парафій Беларусі пад кіраўніцтвам сястры Марыі Шамовіч BDNP, дырэктара Катэхетычнага аддзела Курыі Віцебскай дыяцэзіі, а прысутныя святары ў гэты час неслі паслугу сакрамэнту споведзі ў канфесіяналах.
Цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы перад цудадзейным абразом Маці Божай Буслаўскай узначаліў біскуп Буткевіч. Звяртаючыся да вернікаў, іерарх падкрэсліў, што ўрач, святар і настаўнік — гэта прафесіі з Божага прызначэння, гэта пакліканне. Пры гэтым біскуп зазначыў, што справа выхавання і адукацыі спалучана са складанасцямі, бо часам настаўнік і катэхет павінен кампенсаваць праблемы выхавання ў сям’і. Паводле пастыра, гэтыя праблемы вынікаюць з беспарадку ў духоўнай сферы.
«Пошук Бога — гэта пачатак, без якога нельга казаць пра добрыя вынікі ў выхаванні. Таму катэхеты і настаўнікі павінны быць тымі зоркамі на шляху маленькага чалавека, якія дапамогуць у пошуках праўды пра Бога», — падкрэсліў кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату.
Пасля Эўхарыстыі адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, разважанні да якой падрыхтавала Алена Татун, катэхетка з парафіі ў вёсцы Канстанцінава, што на Глыбоччыне.
Са сцюдзёнага ў марознае надвор’е касцёла удзельнікі скіраваліся ў памяшканне Дома культуры, дзе для іх гасцінныя будслаўскія парафіяне падрыхтавалі гарачую гарбату і пачастунак. Сабраныя падзяліліся аплаткай і паслухалі духоўную канферэнцыю на тэму «„Ты настаўнік Ізраэля і гэтага не ведаеш?“ (Ян 3, 10). Нікадэмаў шлях ад аксіяматычнага настаўніцтва да евангелізацыйнага вучнёўства», якую прадставіў ксёндз Валерый Марціноўскі, доктар біблійнай тэалогіі, пробашч віцебскага катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага.
У сваім выступе святар звярнуў увагу на праблему, што, хоць дзеці і ходзяць на катэхезу, то не ўсе з іх рэгулярна ўдзельнічаюць у святой Імшы.
Паводле ксяндза Валерыя, настаўнікі павінны глядзець на свой шлях, на сваю падрыхтоўку да заняткаў, рабіць працу над сваімі памылкамі, каб удасканальвацца і быць прыкладам для будучага пакалення.
Ксёндз доктар параіў прадстаўнікам адукацыі „карыстацца“ чатырма дзеясловамі, якія Хрыстус прапанаваў Нікадэму як навуку: ведаю, прамаўляю, бо ўбачыў, і таму сведчу з адвагай.
Малітоўная сустрэча завяршылася супольнай малітвай Вяночка да Божай Міласэрнасці і бласлаўленнем.