4 студзеня ў Цэнтры культуры і народнай творчасці ў Мёрах (Віцебская дыяыэзія) адбыўся чарговы фестываль каляднай песні «Зорка Бэтлеема», які з 2002 года праводзіцца мясцовай парафіяй Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Як паведамляецца на парафіяльным сайце Kascelmery.by, на святочную імпрэзу сабраліся госці з розных куточкаў Віцебскай дыяцэзіі: Варапаева, Віцебска, Глыбокага, Лучая, Наваполацка і Полацка, а таксама з Мінска. Ганаровым госцем свята стаў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
Ва ўтульнай і цёплай атмасферы вядучыя імпрэзы Анастасія Бадун і Дзмітрый Анашка распачалі святочную праграму.
З прывітальным словам да прысутных звярнуўся біскуп Буткевіч, які, падкрэсліўшы важную ролю калядных спеваў у праслаўленні Збаўцы, пажадаў удзельнікам поспехаў у выступленнях.
Пасля супольнай малітвы конкурсную праграму распачалі прадстаўнікі парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Глыбокім, якія прадставілі конкурсную праграму ў розных намінацыях. Найбольшае ўражанне на гледачоў і журы аказаў дуэт у складзе Веранікі Вавінскай і Мацвея Шаршунса, у выкананні якога прагучала песня «Авечкі, кароўкі». Па выніках выступлення дуэт адзначаны дыпломам І ступені ва ўзроставай катэгорыі «Дзеці».
Праграму выступлення працягнула Злата Ярашэвіч з парафіі святога Юды Тадэвуша з Лучая. Дзяўчына выканала тры песні на беларускай, польскай і англійскай мове. Яе моцны голас і відавочны талент уразіў многіх. Вынік — дыплом І ступені ў намінацыі «Сола» ва ўзроставай катэгорыі «Моладзь».
Парафію святога Міхала Арханёла з Варапаева прадставілі Ульяна Казаровец і Пётр Дзевятоўскі. Дзеці спявалі сола і дуэтам. Іх песня «Нарадзіўся Збаўца», а таксама сола «Бэтлеем» у выкананні Пятра Дзевятоўскага адзначаны дыпломам ІІ ступені.
Насычаную, цікавую і змястоўную праграму прадставіла парафія святога Францішка з Мінска (Новая Баравая). У выкананні дзяцей і моладзі прагучалі песні «Хрыстос нарадзіўся нам: прыдзіце пакланіцца», «Пад зоркай Бэтлеемскай», «У рацэ ваду п’юць рыбкі», «Раство», «Нарадзіўся», «Радасць». Завяршылася выступленне народнай песняй з дыялектам беларускага Палесся «Ой, Божае Нараджэння». Таленавітыя выступленні дзяцей і моладзі ў намінацыях «Гурт» і «Сола» былі адзначаны дыпломамі ІІ і ІІІ ступені.
Пасля невялікага перапынку праграму працягнулі артысты з парафіі святога Андрэя Баболі з Полацка. Вераніка Дашкевіч і Дар’я Воднева так увасобіліся ў вобраз анёлаў, што не дазволілі ні гледачам, ні журы сумнявацца: яны — лепшыя ў намінацыі «Дуэт». Дзяўчаты адзначыліся таксама і ў намінацыі «Інструментальная творчасць», дзе здабылі дыплом І ступені за кампазіцыю «Фантаны пад дажджом» (Вераніка Дашкевіч) і дыплом ІІ ступені за сумеснае выкананне калядкі «Нова радасць стала».
Парафія святога Антонія Падуанскага з Віцебска вырашыла «не рассыпацца» ў талентах, а сканцэнтраваць усе намаганні на адным выступленні, і не памылілася. Моладзевы гурт «Antonio» якасна, неардынарна, у сучасным стылі выканаў музычна-тэатрэалізаваную кампазіцыю «Сустрэнемся». Журы адзінагалосна прысудзіла ім І месца ў намінацыі «Гурт».
Інструментальнай творчасцю і цудоўным сольным выступленнем парадавала парафія Найсвяцейшага Сэрца Езуса Хрыста з Наваполацка. Журы не засталося раўнадушным ад выступленняў Таісы Андрэйчык — дыплом І ступені ў намінацыі «Сола» і Кацярыны Мазынскай, якая заняла І месца ў намінацыі «Інструментальная творчасць».
Завяршылі конкурсную праграму гаспадары фестывалю — дзеці і моладзь мёрскай парафіі. З вялікай адказнасцю да падрыхтоўкі маленькіх талентаў аднеслася іх кіраўнік Яўгенія Баговіч. Прыгожыя строі, вясёлыя спевы і якаснае выкананне твораў выклікала замілаванне ў гледачоў і журы. Пачынаючыя артысты былі адзначаны дыпломамі ІІІ ступені.
У намінацыі «Сола» вылучыўся Кірыл Дзехцяронак з кампазіцыяй «Вось колькі год». Яго выступленне адзначана дыпломам ІІ ступені.
Аляксандр Шамёнак стаў пераможцам ў намінацыі «Інструментальная творчасць» (кіраўнік Таццяна Бялевіч).
Пасля выступленняў для ўдзельнікаў быў арганізаваны абед, а для журы настаў час адказнай і напружанай працы. Сястра Ёнаша Мровец і спадарыня Тэрэса Будкевіч пад кіраўніцтвам старшыні журы доктара біблійнай тэалогіі, мастака і паэта ксяндза Сяргея Сурыновіча, пробашча з Друі, дастойна справіліся з даручанай справай.
Нарэшце, настаў хвалюючы момант падвядзення вынікаў. Перад тым, як уручыць дыпломы і падарункі, старшыня журы ксёндз Сяргей Сурыновіч адзначыў:
«Фестываль „Зорка Бэтлеема“ у чарговы раз паказаў, што ў кожнай парафіі ёсць таленты. І хоць у парафій маленькіх населеных пунктаў і буйных гарадоў розныя магчымасці, але мы бачым, што работа з дзецьмі і моладдзю праводзіцца паўсюль. За кожным удзельнікам конкурсу стаіць вялікая, карпатлівая і самаахвярная праца іх кіраўнікоў», — падкрэсліў святар.
Журы адзначыла ўсіх удзельнікаў фестывалю дыпломамі, а арганізатары ўручылі каштоўныя падарункі. На завяршэнне свята біскуп Алег Буткевіч заўважыў: «Радуе, што ўзровень фестывалю з кожным годам узрастае і на „Зорцы Бэтлеема“ пануе дух салідарнасці і ўзаемапаразумення». Напрыканцы імпрэзы іерарх выказаў словы ўдзячнасці ўсім, хто прычыніўся да яе арганізацыі і правядзення.
Завяршыўся фестываль супольным спевам «Зорка Бэтлеемска».