Пошук

19.12.2022 14:38   Тэкст: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Аляксандра Шчыглінская / Grodnensis.by

16 снежня ў лідскай парафіі Святой Сям’і адбылася сустрэча святароў, якія служаць на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі, прымеркаваная да блізкіх святаў Божага Нараджэння, спалучаная з традыцыйным дзяленнем аплаткай.

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, сустрэчу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

У праграме былі супольная малітва Літургіі гадзінаў і аскетычная канферэнцыя, з якой выступіў духоўны айцец святароў дыяцэзіі ксёндз Анджэй Шчупал CSsR. Таксама прысутныя ўдзельнічалі ў адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і мелі магчымасць прыступіць да споведзі.

Звяртаючыся да сабраных, біскуп Кашкевіч найперш падзякаваў ім за штодзённае служэнне ў парафіях, асабліва ў час Адвэнту, за яднанне вернікаў з Панам і абвяшчэнне Божага слова. Іерарх пажадаў, каб блізкія святы сталі для іх нагодай быць сярод людзей, якія маюць патрэбу ў святарскай падтрымцы і прысутнасці.

Таксама біскуп пажадаў усім святарам радаснага і спакойнага Божага Нараджэння і шчаслівага, шчодрага на Божыя дары Новага года.

Сустрэча завяршылася святочным абедам.

Другая аплаткавая сустрэча духавенства Гродзенскай дыяцэзіі адбудзецца ў аўторак 20 снежня ў будынку Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа