Пошук

16.12.2022 10:34   Catholic.by
Фота: «Слова жыцця»

18 снежня выходзіць у свет новы нумар газеты «Слова Жыцця». Пра што ў ім можна пачытаць, знаёмім у кароткім анонсе.

  • Ад рэформ да візітаў. Як мінуў год для Папы Францішка. У матэрыяле падводзяцца вынікі дзейнасці Святога Айца за мінулы год.
  • «Я шчаслівы, што прызначаны і скіраваны ў гэтую краіну». Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч распавёў пра тое, якім бачыць беларускі народ і якія ўражанні засталіся ў яго ад наведвання Гродзенскай дыяцэзіі.

Ніжэй публікуем кароткі ўрывак з інтэрв’ю з прадстаўніком Папы Францішка ў нашай краіне.

— Ваша Эксцэленцыя, якімі вы бачыце беларусаў? Што для іх сапраўды важна? Як, на вашу думку, выглядае духоўны свет і рэлігійнасць мясцовых вернікаў?

— Я шчаслівы, што мяне прызначылі і скіравалі ў гэтую краіну, хоць першапачаткова Святы Айцец меў намер адправіць мяне ў Афрыку, на Бераг Слановай Косці, што павінна было стаць маім першым месцам у якасці Апостальскага Нунцыя. Але лёс і Божы Провід скіравалі маю новую душпастырскую і дыпламатычную службу ў Беларусь. Сітуацыя ў гэтай краіне была для мяне даволі блізкай з часоў маёй дыпламатычнай службы ў Расійскай Федэрацыі з 2003 па 2009 год, дзе я сустракаўся з некаторымі з вашых біскупаў, святароў, законнікаў і свецкіх вернікаў, якія працавалі там і наведвалі мяне.

Беларускі народ — гэта мірны народ, верны сваім духоўным традыцыям, шматкультурны, з багатай гісторыяй, але які таксама спазнаў нямала трагедый і пакут ад розных захопнікаў і рэжымаў, якія ў свой час яму навязваліся, на што людзі мала маглі паўплываць.

У вашай краіне я пераканаўся, што вера моцна ўкаранілася ў штодзённым жыцці тутэйшых каталіцкіх вернікаў, якія праяўляюць вялікую пабожнасць да Найсвяцейшай Панны Марыі ў Яе шматлікіх марыйных санктуарыях, арганізуюць шмат душпастырскіх мерапрыемстваў для моладзі, якая з вялікай пабожнасцю выказвае сваю рэлігійнасць.

<…>

— Вы неаднаразова сустракаліся з прадстаўнікамі дзяржаўнай улады. Ці зацікаўлены яны ў паглыбленні адносін са Святым Пасадам? Як Вы ўспрымаеце сваю місію ў якасці прадстаўніка Папы?

— Я рэгулярна сустракаюся з прадстаўнікамі дзяржаўнай улады, перадусім у Міністэрстве замежных спраў. Яшчэ адна роля Апостальскага Нунцыя — быць «голасам» Святога Айца ў гэтай краіне. На працягу апошніх трыццаці гадоў дыпламатычных адносін Святы Пасад заўсёды падтрымліваў адносіны з Беларуссю і імкнуўся спрыяць сацыяльнаму міру, правам чалавека, свабодзе, справядлівасці, маральным каштоўнасцям, сямейным каштоўнасцям.

Беларускі ўрад, са свайго боку, заўсёды праяўляў зацікаўленасць у паглыбленні адносінаў са Святым Пасадам нават у моманты крызісу або праблем, якія было няпроста вырашыць.

Многім вядома, што Святы Пасад у мінулым неаднаразова выступаў на міжнародным узроўні ў падтрымку вашай краіны, каб спрыяць развіццю і дабрабыту беларускага грамадства. Нават цяпер, калі многія заходнія краіны ўвялі эканамічныя санкцыі супраць вашай дзяржавы і беларускіх уладаў, Святы Пасад падтрымлівае дыпламатычныя адносіны з Беларуссю, каб даць беларускаму грамадству надзею і новыя шляхі для палітычных рашэнняў на міжнародным узроўні. Святы Пасад не мае палітычных інтарэсаў, а толькі евангельскія інтарэсы, а менавіта: павага і любоў да бліжняга, свабода чалавека, сацыяльная справядлівасць і міжрэлігійны мір.

  • «Ваў, якая прыгажосць!» Міжнародны музей батлеек у Італіі папоўніцца і беларускай, вырабленай майстрыцай з Вялікай Бераставіцы.

Пра гэта і не толькі — у новым нумары «Слова Жыцця».

Газету можна набыць ва ўсіх парафіях Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама ў парафіі святога Яна Евангеліста і святога Максімільяна Кольбэ ў Мінску (Кунцаўшчына).

Абноўлена 16.12.2022 10:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця