У ноч на 11 снежня, Трэцюю нядзелю Адвэнту, якая мае назву Gaudete — «Радуйцеся», — моладзь з Мінска і з іншых мясцін узяла ўдзел у чуванні, якое адбывалася ў мінскай архікатэдры Найсвяцейшага Імя Марыі.
Тэмай гэтага чування сталі словы дэвізу Сусветных дзён моладзі, якія пройдуць у 2023 годзе ў Лісабоне: «Марыя ўстала і пайшла паспешна» (пар. Лк 1, 39).
Перад уваходам у касцёл юнакі і дзяўчаты праходзілі рэгістрацыю і атрымлівалі спецыяльныя кніжкі, якія з’яўляліся іх асабістым СV (Curriculum Vitæ, або рэзюмэ). Гэты выраз паходзіць з лацінскай мовы і азначае «шлях жыцця». Кніжкі трэба было паслядоўна запаўняць, выконваючы разнастайныя заданні падчас чування.
Першым пунктам плана сустрэчы была святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілеўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Разам з ім Эўхарыстыю канцэлебравалі Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек, а таксама душпастыры, якія прывезлі на чуванне моладзь са сваіх парафій.
На пачатку Імшы адбылася працэсія са свечкамі па касцёле.
За літургічная службай, святарамі і іерархамі ў працесіі ішла ўся прысутная моладзь спяваючы разам раратні спеў:
«Нябёсы, з вышыняў крапіце.
О хмары, нам Святога спашліце».
У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Станеўскі, абапіраючыся на словы Папы Францішка, распавёў пра тое, як плённа перажыць Адвэнт і падрыхтаваць сваё сэрца да Нараджэння Хрыста. Напрыканцы Імшы прысутныя іерархі ўдзялілі моладзі пастырскае благаслаўлення, пасля чаго распачалося традыцыйнае дзяленне аплаткай паміж усімі прысутнымі ў святыні.
Гэты старадаўні звычай нашых продкаў стаў прыгожай нагодай пазнаёміцца з новымі людзьмі і запісаць іх на старонку свайго CV.
Гэта было першым заданнем, падчас якога моладзь разважала пра братэрства і пра тое як важна крочыць да збаўлення разам, у супольнасці Касцёла.
Наступным пунктам чування стала канферэнцыя, якую для моладзі падрыхтаваў духоўны айцец прапедэўтычнага курса семінарыі ксёндз Алег Пятрашка. У сваім настаўленні святар разважаў пра служэнне і яго ролю ў жыці кожнага хрысціяніна.
Пасля змястоўнай канферэнцыі ў моладзі быў час на тое, каб бліжэй пазнаёміцца паміж сабою, падсілкавацца, а таксама паразважаць пра сваё служэнне. Таму наступным заданнем было падумаць і запісаць свой асабісты дэвіз служэння ў жыцці.
Далей моладзь супольна памалілася Ружанец, разважаючы пра Радасныя таямніцы. Разважанні ў выглядзе тэатральнай пастаноўкі падрыхтавала супольнасць салезіянскай моладзі з Бараўлянаў, што пад Мінскам.
Юнакі і дзяўчаты разважалі пра ролю Марыі ў справе евангелізацыі і вучыліся быць падобнымі да Яе.
Трэцім заданнем было атрымаць цытату Божага Слова і дадць яе ў свой СV.
Пасля Ружанца адбывалася праца ў групах, дзе моладзь разважала над жыццём святых, складала іх рэзюмэ і вызначала іх асаблівыя рысы святасці, каб, гледзячы на іх жыццё, браць прыклад і імкнуцца да святасці, да «ўладкавання» на нябёсах, у Божым Валадарстве.
На яшчэ адным перапынку да моладзі завітаў святы Мікалай з анёлам. Святы біскуп размаўляў з юнакамі і дзяўчатамі, а таксама задаваў ім пытанні, за адказы на якія моладзь атрымлівала салодкія пачастункі.
Апошнім пунктам плана чування была адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. У гэты час у святыні панаваў паўзмрок; падсветлена была толькі манстранцыя з Езусам — Святлом свету. Музычнае суправаджэнне і разважанні падрыхтавала моладзь з Залатагорскай парафіі сталіцы.
Адказны за моладзь у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз Андрэй Бурак падзякаваў усім ўдзельнікам і пажадаў ім, каб старонкі жыцця, якія ў іх наперадзе былі напоўнены Божымі справамі і даверам да Усемагутнага Бога.
Пасля благаслаўлення Найсвяцейшым Сакрамэнтам узбагачаныя новымі знаёмствамі, часам на малітве і праслаўненні ўдзельнікі чування вярнуліся ў свае дамы і парафіі.