4 снежня, у Другую нядзелю Адвэнту, у парафіі святога Юды Тадэвуша ў Вішневе (Гродзенская дыяцэзія, Смаргонскі дэканат) ушанавалі памяць шматгадовага тутэйшага пробашча ксяндза Юзафа Кіселя ў 20-ю гадавіну з дня яго смерці.
Мясцовыя вернікі, якім без рэшты прысвяціў сваё жыццё руплівы душпастыр, належным чынам падрыхтаваліся да ўрачыстасці Божага Нараджэння падчас адвэнтавых рэкалекцый.
Духоўныя практыкаванні правёў для іх айцец Язафат Кунцэвіч OFM з Мінска, якога ў свой час ахрысціў ксёндз Юзаф Кісель.
Завяршыліся рэкалекцыі святой Імшой у вішнеўскай святыні ў 20-ю гадавіну смерці ксяндза Юзафа Кіселя. Цэлебрацыю ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
На пачатку Эўхарыстыі ўсіх прысутных прывітаў пробашч парафіі ў Вішневе ксёндз Антоній Казлоўскі, дэкан Смаргонскі. Ён з вялікай цеплынёй і ўдзячнасцю ўзгадаў свайго дастойнага папярэдніка. Святар таксама адзначыў, што арцыбіскуп Станеўскі ўжо не ўпершыню моліцца ў вішнеўскім касцёле.
Пяць гадоў таму, яшчэ будучы дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі, ён нават правёў у парафіі адвэнтавыя рэкалекцыі і ўзначаліў цэлебрацыю ў 15-ю гадавіну смерці свайго цёзкі ксяндза Юзафа Кіселя.
Пробашч звярнуў увагу на тое, што ў цэнтральным алтары святыні знаходзіцца самы вялікі ў Беларусі абраз святога Юзафа, што належыць пэндзлю вядомага мастака Яна Дамеля. Паменшаная копія гэтага абраза была падаравана біскупу Станеўскаму ў 2015 годзе з пажаданнем, каб ікона святога апекуна была змешчана ў яго біскупскай капліцы.
Гэтым разам іерарха віталі ў Вішневе ўжо як арцыбіскупа суседняй Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Распачынаючы святую Імшу, арцыбіскуп Станеўскі ўзгадаў, як аднойчы яму давялося сустрэцца і паразмаўляць з ксяндзом Юзафам Кіселем.
Арцыбіскуп адзначыў, што яго жыццё — гэта прыклад адданага абвяшчэння Евангелля і сведчання веры.
Ксёндз Юзаф Кісель пражыў 94 гады, з якіх 62 гады прысвяціў душпастырскаму служэнню ў Вішневе. Ён нарадзіўся 3 сакавіка 1908 года ў парафіі Парэчча, што непадалёк ад Гродна. У 1938 годзе скончыў духоўную семінарыю ў Вільні, дзе з рук Віленскага арцыбіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне, пасля чаго новапрэзбітэра скіравалі на душпастырскае служэнне ў Радунь.
У 1939 годзе, пасля далучэння тэрыторыі Заходняй Беларусі да БССР, распачаўся пераслед Каталіцкага Касцёла.
У 1940 годзе саветамі быў арыштаваны тагачаснага вішнеўскі пробашч ксёндз Юльян Цімашкевіч, якога кінулі ў вілейскую вязніцу. У Вішнева на яго месца прыбыў малады святар Юзаф Кісель.
Падчас вайны святара неаднаразова прыніжалі як гітлераўцы, так і партызаны. У 1944 годзе апошнія несправядліва абвінавацілі ксяндза Юзафа ў супрацоўніцтве з нацыстамі і павялі на расстрэл. Парафіяне, убачыўшы, што іх пробашча вядуць на смерць, рызыкуючы сваім уласным жыццём, абаранілі і выратавалі святара, што ўжо тады сведчыла пра павагу і любоў вернікаў да ксяндза Юзафа.
Аднак пераслед Юзафа Кіселя з боку саветаў не спыніўся і пасля вайны. Яго каралі за прысутнасць дзяцей на святой Імшы, штрафавалі па розных выдуманых прычынах, некалькі разоў дапытвалі, рабілі захады з мэтай канфіскаваць плябанію, спрабавалі зачыніць касцёл.
Аднак нават у самыя цяжкія часы, калі навакольныя касцёлы зачыняліся, ксёндз Юзаф працягваў здзяйсняць душпастырства не толькі ў сваёй, але і ў суседніх парафіях, духоўна апякуючыся шматлікімі вернікамі з розных куткоў Беларусі і Літвы.
Святар патаемна хрысціў і благаслаўляў сужэнствы. Уся ваколіца ведала яго як добрага спаведніка, духоўнага айца, з рук якога вернікі прымалі святыя сакрамэнты, з вуснаў якога чулі словы падтрымкі. Ён так добра ведаў сваю парафію, што казаў: «Я ведаю, дзе ў якім доме на якім месцы стаіць печ». Ксёндз Юзаф Кісель адышоў у вечнасць падрыхтаваны, прыняўшы святыя сакрамэнты, 4 снежня 2002 года а шостай гадзіне раніцы. У 100-гадовы юбілей з дня яго нараджэння ў парафіяльным касцёле ў Вішневе была ўсталявана мармуровая памятная дошка, на якой залатымі літарамі напісана імя гэтага адданага Хрысту і Касцёлу святара.
На заканчэнне цэлебрацыі вішнеўскі пробашч ксёндз Антоній Казлоўскі падзякаваў арцыбіскупу Станеўскаму за супольную малітву і ад імя ўсіх вернікаў парафіі падараваў іерарху гадзіннік, на якім змешчана рэпліка цыферблату вежавага гадзінніка гродзенскай катэдры, а з адваротнага боку — выява знішчанай саветамі старадаўняй гродзенскай святыні, Фары Вітаўта.
Пасля Імшы вернікі і прысутныя святары на чале з арцыбіскупам Юзафам Станеўскім прайшлі да магілы ксяндза Юзафа Кіселя, што знаходзіцца на вішнеўскіх могілках каля касцёла.
Пры магіле руплівага душпастыра яны супольна памаліліся «Анёл Панскі».