Пошук

29.11.2022 12:43   Тэкст і фота: Канстанцін Каральчук / Catholic.by

29 лістапада на світанні Мітрапаліт Мінска-Магілеўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўзначаліў цэлебрацыю Раратняй святой Імшы ў катэдрыльным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску.

Разам з іерархам маліўся пробашч катэдральнай парафіі ксёндз канонік Антоній Клімантовіч.

Эўхарыстыя ў галоўнай каталіцкай святыні, запоўненай вернікамі, распачалася пад старадаўні спеў Rorate cæli desuper, ад якога атрымала назву і сама гэтая Імша ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі падчас Адвэнту.

Арцыпастыр маліўся за вернікаў архідыяцэзіі, а таксама аб пакліканнях да святарскага служэння і кансэкраванага жыцця.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Станеўскі звярнуў увагу на сімвал Раратаў — ліхтарыкі, якія ўдзельнікі святой Імшы, што распачалася пры выключаным у касцёле святле, трымалі ў руках. Іерарх заўважыў, што запалены агеньчык сімвалізуе прыходзячага Хрыста і тую надзею, якую Ён нясе ў гэты свет. Гэтая надзея гучала і ў словах рэфрэну рэспансарыйнага псальма літургіі: «Калі прыйдзе Збаўца, вечны мір настане».

Арцыпастыр таксама ўзгадаў, што дзевяць гадоў таму яму і яго сабратам, біскупам Алегу Буткевічу і Юрыю Касабуцкаму, тагачасны Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці абвясціў волю Святога Айца Папы Францішка — намінацыю на біскупаў.

З гэтай нагоды ў малітве вернікаў іерарх дзякаваў Богу за давер да яго, а таксама прасіў аб Божых ласках для біскупаў Буткевіча і Касабуцкага.

Напрыканцы Імшы арцыбіскуп Юзаф Станеўскі падкрэсліў, што не варта змяняць таго, з кім выйшаў на дарогу збаўлення, на таго, каго выпадкова сустрэў па дарозе, бо інакш страцім і мэту, і Езуса Хрыста — нашага вернага Сябра ад самага пачатку нашага жыццёвага шляху.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.