Увечары 16 лістапада, ва ўспамін Маці Божай Вастрабрамскай, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску.
Мінскія вернікі ў гэты дзень ядналіся з тымі, хто знаходзіўся ў Вільні, сярод якіх нямала беларусаў.
Заслужаны іерарх, які распачаў сваё святарскае служэнне ў віленскай парафіі святой Тэрэзы пры Вострай Браме, заўважыў, што ў мінулыя гады традыцыйна шмат беларусаў ішло пешкі і ехала ў Вільню, каб прыняць удзел у гэтых набажэнствах і памаліцца перад цудадзейным абразом Маці Божай Вастрабрамскай.
Для тых, хто не мог паехаць, у Чырвоным касцёле праводзіліся адмысловя цэлебрацыі. У гэтым годзе з прычыны таго, што ён закрыты, святкаванне было перанесена ў катэдру.
У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч нагадаў пра традыцыйны культ Маці Міласэрнасці з Вострай на Беларусі, які існуе яшчэ з часоў Вялікага Княства Літоўскага.
«Складана знайсці касцёл ці каталіцкую сям’ю у нашай Бацькаўшчыне, у якіх не было б выявы гэтай цудадзейнай іконы», — адзначыў пры гэтым іерарх.
«Нашыя вернікі добра ўсведамлялі, што надпіс на франтоне Вастрабрамскай капліцы — „Маці Міласэрнасці, Тваёй абароне аддаемся“ — сведчыць аб тым, што марыйнае святло свеціць у грахоўнай цемры. Нездарма наш вялікі суайчыннік, паэт Адам Міцкевіч назваў Марыю той, якая свеціць у Вострай Браме.
Гэтага святла нам так не хапае ў час грамадска-палітычнага крызісу, які раскалоў нашую Бацькаўшчыну. Не хапае ў неспакойны, напоўнены рознымі крызісамі час, у тым ліку веннымі дзеяннямі ва Украіне, дзе з абодвух бакоў гінуць і маральна дэфармуюцца людзі, разбураюцца гарады і інфраструктура. Свет патрабуе боскага святла з вышыні, якое вучэннем Евангелля можа асвятліць шляхі сучаснага чалавека, каб у духу братэрства вырашаў свае праблемы і будаваў цывілізацыю міру і жыцця», — падкрэсліў арцыпастыр.
Ён дадаў, што ў складаныя часы ваяўнічага атэізму беларускія святары і вернікі ехалі ў Вострую браму, дарога з якой вядзе на Усход, і прасілі аб цудзе свабоды веравызнання.
«І гэты цуд стаўся 30 гадоў таму.
Сёння, у час новых выпрабаванняў, у тым ліку секулярызацыі, якая адкідае Бога, мы зноў стаім перад Табой, Вастрабрамская Маці Міласэрнасці, і пакорна просім: учыні новы цуд адражэння веры, прымірэння нашага народа і трывалага міру на зямлі з мэтай будавання будучыні на евангельскіх каштоўнасцях.
Гэты цуд станецца, калі мы будзем браць прыклад з Марыі і згаджацца з Божай воляй, як Яна гэта зрабіла падчас Звеставання», — запэўніў іерарх сабраных у катэдры вернікаў і тых, хто духоўна далучыўся да супольнай малітвы з дапамогай прамой трансляцыі на партале Catholic.by.
Заслужаны іерарх нагадаў словы з малітвы святога Бэрнарда, што ніхто не чуў, каб, звярнуўшыся да Марыі, не быў выслуханы. Паводле яшчэ аднаго вялікага шанавальніка Маці Божай, святога Яна Паўла ІІ, адзіная надзея свету — гэта Божая міласэрнасць.
«Марыя, Маці Міласэрнасці, вядзе нас да свайго Сына — Міласэрнага Езуса. Невыпадкова абраз Езуса Міласэрнага ўпершыню быў выстаўлены для публічнага ўшанавання ў Вострай Браме ў далёкім ужо 1935 годзе», — нагадаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Гамілію ён традыцыйна завяршыў кароткаім малітоўным заклікам:
«Сёння звяртаемся да Цябе, Марыя: пакажы яшчэ раз, што з’яўляешся нашай Міласэрнай Маці, не пакінь нас падчас крызісу ў свеце, які мы перажываем. Выпрасі ў Твайго Міласэрнага Сына ласку надзеі на новае, напоўненае Божай ласкай, заўтра».