Пошук

14.10.2022 10:01   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

У чацвер 13 кастрычніка, у 175-ю гадавіну з дня нараджэння Слугі Божага Эдварда Вайніловіча, фундатара касцёла святога Сымона і святой Алены ў Мінску, у мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі адбылася святая Імша ў інтэнцыі яго хутчэйшай беатыфікацыі і аднаўленні рэлігійнага жыцця ў Чырвоным касцёле.

Цэлебрацыю ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Разам з іерархам маліліся пробашч мінскай парафіі святога Сымона і святой Алены ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк і парафіяне закрытага ўжо трэці тыдзень Чырвонага касцёла.

Вітаючы сабраных на Эўхарыстыі ў галоўнай святыні архідыяцэзіі, біскуп Касабуцкі сказаў: «Збіраемся сёння ў гэтай катэдральнай святыні, каб ушанаваць 175-я ўгодкі з дня нараджэння Эдварда Вайніловіча, Слугі Божага, які пакінуў вялікі след у гісторыі нашай краіны. Не толькі ў гісторыі Каталіцкага Касцёла: гэта чалавек, які сапраўды пакінуў вялікі след для людзей розных канфесій, рэлігій, поглядаў. Цяпер адбываецца беатыфікацыйны працэс — працэс прызнання яго благаслаўлёным, і мы молімся праз яго заступніцтва аб патрэбных ласках, аб патрэбных цудах.

Асабліва сёння мы молімся аб ласцы хутчэйшага вяртання да нармальнага функцыянавання Чырвонага касцёла, які быў пабудаваны цалкам на сродкі Эварда Вайніловіча: ён быў фундатарам гэтай святыні.

Не толькі фундатарам, але і арганізатарам будовы. Мы асаблівым чынам молімся аб гэтай ласцы хутчэйшага вяртання ў святыню, каб дзверы гэтай святыні былі шырока адчынены і чакалі вернікаў.

Калі мы распачынаем гэтую Імшу — Імшу ў 175-годдзе з дня нараджэння Эдварда Вайніловіча, — гэта павінна прыносіць нам духоўны ўздым, духоўную радасць, але ў многіх з вас на вачах слёзы…

Я бачу многа парафіянаў парафіі святых Сымона і Алены, якія прыйшлі сюды, у гэтую святыню, якая гасцінна сёння месціць усіх нас вернікаў. Многія ўдзельнічаюць у гэтай святой Імшы on-line, але ва ўсіх нас трымціць, баліць сэрца ад таго, што пакуль не можам маліцца ў той святыні, у якой павінна была б адбыцца гэтая святая Імша па логіцы — у тым касцёле, які быў фундаваны Эдвардам Вайніловічам.

Але Бог ведае, што робіць, і мы збіраемся ў катэдры, каб тут ушанаваць памяць гэтага чалавека; каб тут праславіць Бога за подзвіг Эдварда Вайніловіча — яго духоўны подзвіг, падзякаваць Богу за яго і таксама маліцца аб хутчэйшай беатыфікацыі, каб як найхутчэй ён быў абвешчаны благаслаўлёным і мы маглі б, прызначючы яго цноты і яго святасць, узносіць малітвы праз яго заступніцтва», — адзначыў іерарх.

У прамоўленай гаміліі біскуп Касабуцкі ўзгадаў светлую асобу Эдварда Вайніловіча, распавёўшы пра яго высакароднае і вельмі няпростае жыццё, пазначанае вялікімі стратамі, але і вялікім даверам да Бога і любоўю да бліжніх. Найбольш вядомым матэрыяльным следам, які пакінуў на роднай зямлі яе вялікі сын, з’яўляецца, безумоўна, Чырвоны касцёл у Мінску, пабудаваны Эдвардам Вайніловічам у памяць пра яго заўчасна памерлых дзетак: Алену і Сымона. На свае ўласныя сродкі ён пабудаваў святыню ў гонар іх нябесных апекуноў. Будаўніцтва Чырвонага касцёла, які знаходзіўся на ўскрайку тагачаснага горада, было завершана ў 1910 годзе.

«Эдвард Вайніловіч, перадаючы Каталіцкаму Касцёлу гэтую святыню, ім пабудаваую, з укладзенай у яе душою і сэрцам, радаваўся, што тут будзе цэлебравацца святая Імша, тут будзе гучаць Божае слова, тут будуць удзяляцца святыя сакрамэнты, і гэтая святыня будзе прымаць пад сваімі скляпеннямі людзей, якія шукаюць сустрэчы з Хрыстом, якія шукаюць Бога. Дакладна гэтая святыня не будавалася для таго, каб быць „домам кіно“ або выкарыстоўвацца пад штосьці іншае. <…> Святыня павінна быць заўсёды святыняй, домам Божым», — сцвердзіў іерарх.

Ён нагадаў, што, акрамя Чырвонага касцёла, Эдвард Вайгніловіч пабудаваў таксама сінагогу ў Клецку для тамтэйшай юдэйскай супольнасці. Ён клапаціўся пра тое, каб людзі розных канфесій і рэлігій, у тым ліку беларускія юдэі і мусульмане, маглі праслаўляць Бога згодна з традыцыямі сваіх продкаў, дапамагаў у будаўніцтве праваслаўных цэркваў. Эдвард Вайніловіч быў таксама актыўным грамадскім дзеячам, які стаяў ля вытокаў новай беларускай дзяржаўнасці.

Аднак пасля бальшавіцкага кастрычніцкага перавароту ён страціў маёмасць і той каштоўны культурны набытак, які на працягу стагоддзяў збіралі яго руплівыя продкі. Ён таксама страціў радзіму, якая апынулася пад савецкай акупацыяй, і рэшту свайго жыцця быў вымушаны пражыць на чужыне, у Польшчы. Але і там ён імкнуўся дапамагаць простым людзям, асабліва клапоцячыся пра сіротаў, якіх так шмат засталося пасля Першай сусветнай вайны. Толькі ў ХХІ стагоддзі яго парэшткі вярнуліся на Беларусь і цяпер спачываюць у фундаваным ім Чырвоным касцёле.

«Мы не маем сумневу ў тым, што гэты чалавек дзякуючы свайму жыццю, сваёй веры, сваім учынкам, сваёй дабрачыннасці і нават апошнім гадам свайго жыцця, якія былі прысвечаны ўтрыманню дома для сіротак, для бедных дзетак <…>, заслужыў вянец святасці і прабывае ў небе», — падкрэсліў біскуп Касабуцкі, завяршыўшы гамілію малітвай аб хутчэйшай беатыфікацыі Слугі Божага Эдварда Вайніловіча, слаўнага сына беларускай зямлі.

На заканчэнне святой Імшы біскуп Юрый Касабуцкі зачытаў Слова Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Станеўскага з нагоды 175-годдзя з дня нараджэння Слугі Божага Эдварда Вайніловіча. Іерарх запэўніў у салідарнасці і падтрымцы ўсіх вернікаў сталічнай парафіі святога Сымона і святой Алены на чале з іх пробашчам, ксяндзом канонікам Уладзіславам Завальнюком. Ён дадў, што таксама арцыбіскуп Станеўскі, які цяпер хварэе, ахвяруе свае цярпенні ў інтэнцыі Божага вырашэння сітуацыі вакол Чырвонага касцёла.

 

Абноўлена 14.10.2022 10:10
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця