Пошук

13.10.2022 14:01   Catholic.by

Слова
Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага
арыбіскупа Юзафа Станеўскага

з нагоды 175-годдзя з дня нараджэння
Слугі Божага Эдварда Вайніловіча

Дарагія браты і сёстры, вернікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і ўсе людзі, неабыякавыя да асобы Эдварда Вайніловіча, фундатара касцёла святога Сымона і святой Алены ў Мінску!

13 кастрычніка 2022 года мінае 175 гадоў з таго часу, калі ў маёнтку Сляпянка каля Мінска нарадзіўся знакаміты беларускі грамадска-палітычны і культурны дзеяч Эдвард Вайніловіч.

Жыццё і дзейнасць гэтага сына беларускай зямлі ўвасабляюць тое, чым асабліва славутая нашая Бацькаўшчына — павагу да людзей розных нацыянальнасцяў і рэлігій.

Яго дэвізам былі словы: «Няхай усе людзі розных веравызнанняў на нашай зямлі ў сваіх святынях славяць Адзінага Бога». Аб гэтым сведчаць святыні розных канфесій, пабудаваныя дзякуючы яго старанням. У 2016 годзе быў распачаты працэс беатыфікацыі Эдварда Вайніловіча — прыкладнага сем’яніна і каталіцкага верніка, а цяпер ужо і Слугі Божага, праз заступніцтва якога сёння мы скіроўваем да Бога свае малітвы.

Любыя ў Хрысце браты і сёстры, святкуючы ўспамін дня нараджэння нашага славутага земляка, заахвочваю вас да малітвы аб як мага хутчэйшым аднаўленні дзейнасці парафіі святога Сымона і святой Алены ў Мінску. Без магчымасці маліцца і проста наведваць касцёл, які мінчане называюць Чырвоным, многія жыхары нашай сталіцы адчулі вялікую заклапочанасць, а наш Мінск стаў у пэўным сэнсе асірацелым.

У месяцы кастрычніку асаблівым чынам заахвочваю вернікаў да ружанцовай малітвы ў гэтай інтэнцыі, далучаючы да яе малітву аб хутчэйшай беатыфікацыі слугі Божага Эдварда Вайніловіча, фундатара касцёла святога Сымона і святой Алены ў Мінску.

Разам з вамі, дарагія вернікі, давяраю наш мясцовы Касцёл заступніцтву Маці Божай Ружанцовай і малітвам Слугі Божага Эдварда Вайніловіча, у малітве просячы ў Бога для ўсіх нас дапамогі ў нясенні штодзённага крыжа.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 13 кастрычніка 2022 года

 

Абноўлена 13.10.2022 18:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця