Пошук

28.09.2022 14:42   с. Алетэя (Ала Новік) / Catholic.by

24 верасня ў кляштары сясцёр кармэлiтак Дзiцяткі Езуса у Адамавічах, адбыўся дзень засяроджання для дзяўчат. Тэмай малітоўнай сустрэчы стала пытанне: «Кім ты хочаш быць: вызнаўцам, паслядоўнікам і сведкам Хрыста ці толькі Яго прыхiльнікам?»

Дзесяцёра дзяўчат з розных гарадоў занурыліся ў атмасферу малітвы і ў сузіранні карціны Уільяма Холмана Ханта «Святло свету» разважалі аб сваім жыцці.

Духоўным кіраўніком падчас сустрэчы быў ксёндз Яўген Амасёнак.

Адна з удзельніц дня засяроджання падзялілася сваімі перажываннямі:

«Я ехала ў Адамавічы з адной мэтай — спытаць Бога: дзе Ты ёсць? <…> І вось, дзякуючы гэтаму дню, я ведаю, дзе цяпер Бог — каля дзвярэй майго сэрца.

Карціна, на якой сумны Езус стукаецца ў дзверы без ручкі, выклікала ўва мне адначасова і пачуццё вялікай любові, і вялікі боль, таму што прыйшло ўсведамленне, што ва ўсёй сваёй любові да мяне, у павазе да майго выбару, ва ўсёй сваёй далікатнасці, Бог стаіць каля дзвярэй майго сэрца. Сэрца, якое Ён зрабіў сам, але сціпла, як госць, чакае, калі Яго ўпусцяць.

Самае няўяўнае ў тым, што б ні адбывалася ў маім жыцці, як бы я Яго ні параніла, ні адыходзіла ад Яго, Ён усё роўна працягвае стаяць.

Будзе дзень, калі я зноў ўпаду, памылюся, адвярнуся ад Яго: Ён і тады будзе стаяць там. Будзе дзень, калі я ў спешцы і мітусні, у пастаяннай летаніне нават не ўспомню пра Яго — і Ён у гэты дзень будзе стаяць там. Будзе дзень, калі я прыйду да Яго не з гарачым сэрцам, а проста таму, што так кажуць мне мае абавязкі; калі я аддам Яму не самае дарагое і лепшае, што ёсць у маім жыцці, а аддам нешта не вельмі важнае, што не мае асаблівай каштоўнасці — паспешную малітву па дарозе на працу, добрую справу, зробленую не з любові да Яго, а з себялюбства, няўважлівае чытанне Бібліі… А Ён усё роўна працягвае стаяць і чакаць мяне.

Гэтае ўсведамленне абсалютнай, па-чалавечы невытлумачальнай, Божай любові — самае прыгожае, што можна адчуць у жыцці», — прызнаецца ўдзельніца малітоўнай сустрэчы.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.