Пошук

15.09.2022 18:10   а. Андрэй Авен OCD / karmel.by

У нядзелю 11 верасня на Мядзельскай Кальварыі — адной з самых старадаўніх у Беларусі — адбыліся традыцыйныя ўрачыстасці ў гонар Узвышэння Святога Крыжа.

Як паведамляецца на сайце Вікарыяту Кармэлітаў Босых у Беларусі karmel.by, пробашч парафіі айцец Генрых Валэйка OCD разам з сабранымі ў мядзельскім касцёле Маці Божай Шкаплернай святарамі і вернікамі прывітаў у святыні Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага. Першапачаткова планавалася прайсці ад святыні працэсіяй на Мядзельскую Кальварыю, якая знаходзіцца за горадам, але з-за неспрыяльнага надвор’я запланаваную праграму давялося змяніць.

Замест працэсіі ў святыні адбылася малітва на ружанцы, якая суправаджалася разважаннем арцыпастыра.

Потым тыя, хто не спалохаўся холаду, ветру і дажджу, у індывідуальным парадку скіраваліся на Кальварыю, дзе адбылося набажэнства Крыжовага шляху, у якім узяў удзел арцыбіскуп Станеўскі.

Разважанні Крыжовага шляху правёў айцец Андрэй Авен OCD. Складанасці, звязаныя з кепскім надвор’ем, не перашкодзілі малітоўнай засяроджанасці і нават стварылі адпаведную атмасферу ў разважанні над мукай Пана. Пасля заканчэння набажэнства на гары Трох Крыжоў адбылася ўрачыстая святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Станеўскі.

Падчас Імшы пяцёра мясцовых парафіянаў прынялі з рук іерарха сакрамэнт канфірмацыі, які таксама называюць сакрамэнтам хрысціянскай сталасці.

Урачыстае пастырскае благаслаўленне, якое ўдзяліў сабраным арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, і яго чулыя словы, скіраваныя да ўсіх прысутных, а асабліва да новаканфірмаваных, завяршылі ўрачыстасць, якая, нягледзячы на халоднае надвор’е, запаліла сэрцы гарачым апостальскім духам.

 

Абноўлена 16.09.2022 11:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.