Пошук

12.09.2022 16:24   Тэкст: Кс. Сяргей Сурыновіч / Фота: з архіву парафіі ў Друі / Catholic.by

10 верасня парафія Найсвяцейшай Панны Марыі Шкаплернай у Ідолце перадала парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі цудадзейны абраз Маці Божай Друйскай. Ікона, напісаная напрыканцы XVII стагоддзя, на працягу апошніх 80-і гадоў захоўваўся ў Ідолце.

На ўрачыстую перадачу абраза ў Ідолту з парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі прыбылі вернікі на чале з пробашчам ксяндзом Сяргеем Сурыновічам. Парафіяне прыехалі ў Ідолту не з пустымі рукамі.

На знак удзячнасці за руплівае захоўванне абраза Маці Божай Друйскай яны перадалі парафіі ў Ідолце абраз Маці Божай Шкаплернай. Гэты абраз быў напісаны падчас VІІІ мастацкага пленэру, што ладзіўся ў Друі ў жніўні гэтага года.

Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч у сваім лісце з нагоды перадачы старадаўняга абраза ў Друю, а нованапісанага — парафіі ў Ідолце выказаў наступнае пажаданне: «Няхай гэтыя абразы спрыяюць пашырэнню Марыйнага культу ў гэтых парафіяльных супольнасцях. Няхай атрымаюць шматлікія Божыя ласкі тыя вернікі, якія прычыніліся да захавання старажытнага абраза і напісання новага», — напісаў іерарх.

З вялікай пашанай і радасцю ў сэрцы сустракалі абраз Маці Божай вернікі ў Друі. Пасля таго, як ён быў змешчаны на часовым, спецыяльна падрыхтаваным месцы, распачалася ўрачыстая святая Імша, у якой прынялі ўдзел святары Мёрскага і Браслаўскага дэканатаў. Узначаліў цэлебрацыю Эўхарыстыі біскуп Буткевіч.

У сваёй гаміліі, разважаючы над роляй Маці Божай ў жыцці Касцёла і жыцці кожнага чалавека, пастыр Віцебскай дыяцэзіі адзначыў: «Для нас як веруючых людзей Найсвяцейшая Панна Марыя — гэта так, як прысутнасць маці ў жыцці дзіцяці. Усе страхі, увесь неспакой, уся небяспека адыходзяць тады, калі мы адчуваем Яе матчыну блізкасць, адчуваем біццё Яе матчынага сэрца. Так будзе сёння ў гэтай парафіі.

Тая, якая была тут на працягу трохсот гадоў, якая атуляла апекай сваіх дзяцей, далей будзе прабываць сярод нас. Важна, каб мы адкрылі свае сэрцы на Яе матчыну ласку, на Яе матчыну любоў», — падкрэсліў біскуп Алег Буткевіч.

Цудадзейны абраз Маці Божай Друйскай быў прывезены ў Друю падчашым браслаўскім Пятром Казімірам Качаноўскім з Вільні напрыканцы XVІІ стагоддзя і першапачаткова знаходзіўся ў драўляным касцёле Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, які быў збудаваны па яго ж фундацыі ад 4 красавіка 1697 года.

Абраз Маці Божай ад самага пачатку сваёй прысутнасці ў Друі быў шанаваны вернікамі і славіўся шматлікімі цудамі.

Сведчанні, занатаваныя з 1755 года, падаюць наступныя звесткі пра друйскі цудадзейны абраз: «Людзей, што моляцца, сэрцы ўзмацняе, пабуджае да набажэнства і шанавання, таксама праз ахвяраваныя яму срэбныя шыльды аздоблены скіпетрам, сукенкаю, месяцам і анёламі ды срэбнымі каронамі».

Цудадзейны абраз Маці Божай Друйскай з’яўляецца спісам іконы Маці Божай з рымскай базылікі святой Марыі Вялікай (Santa Maria Maggiore), які з даўніх часоў ушаноўваецца вернікамі пад тытулам Salus Populi Romani — «Збаўленне рымскага народа», а на землях Рэчы Паспалітай вядомы таксама пад назваю Маці Божай Снежнай. Лічыцца, што ікона Марыі з Дзіцяткам Езусам на руках, якая захоўваецца ў Рыме, была напісана евангелістам Лукою.

Абраз Маці Божай Друйскай намаляваны на палатне і аздоблены металічнай шатай з каронамі (перад 1755 годам). Шырокія палі на дашчаным шчыце, прызначаныя для вотумаў, сведчаць пра папулярнасць абраза, асаблівы культ якога прыпадае на ХVІІІ стагоддзе.

Зафіксаваныя шматлікія сведчанні цудаў аздараўленняў і ацаленняў вернікаў, якія звярталіся ў сваіх патрэбах да Багародзіцы перад друйскім абразом Маці Божай.

Пасля пабудовы дамініканскага мураванага касцёла ў Друі пад тытулам Апекі Маці Божай і яго асвячэння ў 1779 годзе біскупам Феліксам Тавяньскім, суфраганам Беларускім, абраз быў змешчаны ў галоўным алтары новай святыні.

Шата і кароны абраза Маці Божай Друйскай былі зроблены з ахвяраваных шматлікіх вотумаў, што таксама з’яўляецца сведчаннем шырокага шанавання абраза Маці Божай Друйскай. Пасля закрыцця дамініканскага касцёла і кляштара царскімі ўладамі абраз перадалі ў касцёл Святой Тройцы: тут ён быў зафіксаваны перад вайной віленскімі даследчыкамі.

У 1943 годзе касцёл і кляштар Святой Тройцы быў адабраны нямецкімі захопнікамі і ператвораны ў сядзібу карных экспедыцый. 4 ліпеня 1944 года ў касцёл трапілі бомбы, а каля 1947 года савецкія ўлады гвалтоўна яго зачынілі. Прыблізна ў гэтым прамежку часу абраз Маці Божай Друйскай для яго бяспекі быў перавезены ў касцёл у Ідолце. Амаль праз 80 гадоў старадаўняя ікона вярнулася на сваё гістарычнае месца ў Друі, дзе перад ёю зможа памаліцца кожны ахвотны.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.