Пошук

05.09.2022 15:00   Тэкст: Ганна Камкова / Фота: Рыта Ляховіч / Catholic.by

З 3 па 4 верасня праходзіла 5-я пешая пілігрымка Магілёў – Бялынічы.

Яе ўдзельнікамі сталі вернікі Магілёва і Бабруйска, дзеці, моладзь, а таксама старэйшыя асобы.

Пілігрымка распачалася раніцай 3 верасня святой Імшой у катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава ў Магілёве.

Пасля Эўхарыстыі, атрымаўшы благаслаўленне, пілігрымы ў суправаджэнні святароў і сясцёр законных вырушылі насустрач Маці Божай Бялыніцкай са сваімі інтэнцыямі і думкамі, з надзеяй і верай.

Першы дзень пілігрымкі прайшоў у суправаджэнні айца Рамана Шульца ОР. Падчас пілігрымкі адбылася канферэнцыя, якую пад адкрытым небам правёў айцец Раман. Святар звярнуў увагу на тэму супакою, якая сустракаецца ў тэкстах Святога Пісання.

Пасля канферэнцыі пілігрымы вырушылі да месца вячэры і начлегу. У вёсцы Вялікі Нежкаў іх сустрэла сям’я Кротавых, якая ўжо пяты год прымае ў сваім доме пілігрымаў. Кожны з тых, хто ішоў да Маці Божай пешшу, змог адпачыць і скарыстацца з гасціннасці гаспадароў.

Вось што распавядаюць Віктар і Рэгіна Кротавы:

«Прымаць у доме пілігрыма — гэта значыць прымаць Хрыста. Мы з адкрытым сэрцам ужо пяты год адчыняем дзверы нашага дома. Канешне, мы вельмі хваляваліся, каб усім хапіла месца для добрага адпачынку, каб далей пілігрымы з радасцю працягнулі шлях да Маці Божай Бялыніцкай. Спадзяёмся, што ў нас атрымалася. Чакаем усіх у наступным годзе!»

Пасля начлегу пілігрымка, якую на другі дзень суправаджаў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, вырушыла далей.

У дарозе да Бялынічаў пілігрымы маліліся на Ружанцы, спявалі песні, а таксама мелі магчымасць паспавядацца і паразмаўляць з біскупам на духоўныя тэмы.

Ідучы да Маці Божай Бялыніцкай, пілігрымы падбадзёрвалі сябе словамі «крычалкі»: «Мы разам, нас многа, ідзём да Маці Бога». І сапраўды, пілігрымаў для ўсходняй часткі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі сабралося нямала: 60 асоб ішлі пешкі ў Бялынічы, а да іх духоўна далучыліся іншыя, якія дасылалі свае інтэнцыі і сачылі за пілігрымкай анлайн.

Вось з якімі інтэнцыямі і думкамі пілігрымы ішлі да Маці Божай Бялыніцкай:

Аляксандра, Магілёў, першая пілігрымка:

«Я пачала рухацца ў патрэбным кірунку духоўнага жыцця. Гэта новы ўзровень вызнавання веры, перамога над собой, адданне сябе».

Марям, Магілёў, 5-я пілігрымка:

«Пілігрымка — магчымасць данесці просьбы да Маці, зразумець тое, што ёсць у жыцці. Гэта магчымасць сустрэць новых людзей, распавесці сваё сведчанне бліжняму. Час, калі супольнасць аб’ядноўваецца».

Максім, Бабруйск, 4-я пілігрымка:

«Я іду, трымаючы пост на хлебе і вадзе, у інтэнціі родных, сяброў і знаёмых, а таксама супольнасці францішканаў на Беларусі і ўсіх католікаў. Яшчэ прашу Бога аб новай добрай працы».

Эльвіра Чаславаўна, Магілёў, першая пілігрымка:

«Я іду з інтэнцыяй аб навяртанні моладзі Беларусі, аб пашырэнні парафіі, узносячы малітвы за моладзь, за сына, за хросных дзяцей, за ўсіх памерлых. Гэта мая першая пілігрымка ў жыціі, і яна цяжкая. Калі ў мяне пытаюцца, ці цяжка ісці, я адказваю, што Езусу на крыжы было значна цяжэй. Чым бліжэй падыходжу да іконы Божай Маці, тым лягчэй. Мае цярпенні — гэта ахвяра».

Пілігрымы ўвайшлі ў Бялынічы ў добрым настроі, гучна і з песнямі. Прайшоўшы праз увесь горад, дайшлі да касцёла, у якім узялі ўдзел у адпустовай урачыстасці, скарысталіся з сакрамэнту споведзі, магчымасці памаліцца і адпачыць каля копіі іконы Маці Божай Бялыніцкай.

Мясцовыя парафіяне разам з пробашчам бялыніцкай парафіі ксяндзом Юзафам Сярпейкам цудоўна падрыхтавалі касцёл і навакольную тэрыторыю да сустрэчы пілігрымаў. Яны арганізавалі кірмаш, а таксама пачаставалі кавай і смачнай вячэрай.

 

Абноўлена 05.09.2022 15:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.