
Увечары 4 ліпеня на палявым алтары перад Нацыянальным санктуарыем Маці Божай Будслаўскай адбылася першая святая Імша сёлетняга фэсту, які праходзіць пад дэвізам: «Міласэрнасць Божая — давяраем Табе».
Цэлебрацыю для пілігрымаў, якіх сёлета толькі на роварах і пешкі прыбыло 2484 чалавекі, узначаліў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска. Для наймалодшага ў Беларусі каталіцкага іерарха гэтая Эўхарыстыя стала яго «біскупскай прыміцыяй» на Будслаўскім фэсце, хоць ён ужо цэлебраваў святую Імшу ў Нацыянальным санктуарыі падчас парафіяльнай урачыстасці 2 ліпеня.
Разам са сваім малодшым сабратам яе канцэлебравалі Старшыня ККББ арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, Генеральныя вікарыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупы Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB, найстарэйшы ўзростам біскуп эмэрыт Казімір Велікаселец, ардынарый дыяцэзіі святога Клеменса ў Саратаве біскуп Клеменс Піккель, а таксама Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. У канцэлебрацыі бралі ўдзел таксама дзясяткі святароў з усіх дыяцэзій Беларусі. Літургію ўпрыгожваў прыгожымі спевамі хор пілігрымкі Мінск-Будслаў.
На пачатку Імшы для пілігрымаў усіх прысутных прывітаў арцыбіскуп Станеўскі. У юбілейным 2025 годзе хрысціянства, які стаў годам канца пантыфікату Папы Францішка і пачатку пантыфікату Папы Льва XIV, іерарх нагадаў іншыя юбілеі, якія адначае Касцёл на Беларусі: 1700-годдзе Нікейскага сабору, 171-годдзе дагмату аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі, 100-годдзе Пінскай дыяцэзіі, 80-годдзе біскупа эмэрыта Казіміра Велікасельца, 90-годдзе Вяночка да Божай Міласэрнасці, 80-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, 50-годдзе з дня смерці благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі, апостала Божай Міласэрнасці, які нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Беларусі, 25-годдзе ўстанаўлення свята Божай Міласэрнасці, 20-годдзе з дня смерці святога Яна Паўла ІІ, які афіцыйна ўвёў у Касцёле культ Божай Міласэрнасці.
«А над усім гэтым — святло Божай Міласэрнасці, якое Бог пажадаў зноў даверыць свету праз харызму святой сястры Фаўстыны, якое будзе асвятляць шляхі чалавецтва ў трэцім тысячагоддзі»,
— прывёў словы Яна Паўла ІІ арцыпастыр.

Арцыбіскуп Станеўскі прывітаў прысутных біскупаў, прадстаўнікоў дзяржаўнай улады, традыцыйных рэлігій у Беларусі, дыпламатычных місій, святароў і кансэкраваных асоб, а таксама пілігрымаў, асабліва моладзь. Ён таксама адзначыў прысутнасць на Будслаўскім фэсце пілігрымаў з дыяцэзіі святога Клеменса ў Саратаве, якія разам са сваім біскупам Клеменсам Піккелем прайшлі пешшу ў Будслаў разам з пілігрымкай з Маладзечна. Іерарх сцвердзіў, што «ўсе мы прыбываем сюды, каб зачэрпнуць гэтай Божай, будслаўскай цішыні, і чым галасней мы будзем пляскаць у далоні і радавацца, тым большы плён дасць цішыня прабывання перад Маці Божай, якая нас вядзе да Езуса».
Галоўны цэлебрант святой Імшы — біскуп Зноска — назваў інтэнцыю, у якой ён складаў эўхарыстычную ахвяру: аб дары святароў для Пінскай дыяцэзіі, якіх, па яго словах, вельмі не хапае.
«Божа, дай нам ксяндзоў, дай нам сясцёр законных!»,
— усклікнуў іерарх.
У прамоўленай гаміліі біскуп Андрэй Зноска падзяліўся сваім досведам з яшчэ нядаўняга свайго служэння ў Гродзенскай дыяцэзіі, калі ён быў пробашчам адной з лідскіх парафій і арганізаваў парафіяльныя пілігрымкі у дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай, Каралевы нашых сем'яў у Тракелях (Радуньскі дэканат). Звяртаючы ўвагу на заплечнікі, з якімі прыйшлі пілігрымы, іерарх запытаўся: «Што вы прынеслі з сабою ў вашых заплечніках?» Пералічыўшы матэрыяльныя рэчы, якія там могуць знайсціся, ён далей запытаўся: «Ці ўзялі вы з сабой камень... камень страху, камень крыўды, камень грахоў сваіх?» Наступным пытаннем пастыра было: «Ці ўзялі вы сябе з сабою ў заплечнік?» Ён звярнуў увагу, што часта чалавек з-за сваіх праблем не мае часу сустрэцца з Богам, таму яму цяжка жыць паводле Божай ласкі. І апошнім пастаўленым пытаннем іерарха было: «Чаму мы збіраемся тут, у гэтым святым месцы?» І адразу даў адказ: «Гэта таямніца Божага выбару.
Бог выбраў гэтае месца. Тут неба бліжэй да зямлі».
Менавіта ў гэтае месца — Будслаўскі санктуарый — ён заклікаў вернікаў прыносіць усе свае клопаты, пытанні, усё тое, што ляжыць ім на сэрцы, і распавесці пра гэта Богу і Яго Маці.
Пасля малітвы вернікаў адбылася працэсія з дарамі, тэматыкай якой была надзея. Да алтара былі прынесены сімвалы надзеі: два белыя галубы, якар — сімвал непахіснасці, палаючы факел, паветраны шар у форме сэрца, скрутак Бібліі з тэкстам пра надзею, букет сланечнікаў — сімвал радасці і жыцця і хлеб з віном.
Напрыканцы святой Імшы, пасля пастырскага благаслаўлення, якое ўдзялілі прысутным біскупы, арцыбіскуп Станеўскі ўзгадаў пра Агульнабеларускія дні моладзі, якія прайшлі ў Гродне з 20 па 22 чэрвеня. Пасля пытання, хто з моладзі быў у Гродне на гэтай сустрэчы, ён заахвоціў іх быць «як кветкі на лузе», гэта значыць пераказваць інфармацыю пра рэлігійныя мерапрыемствы, якія Касцёл для іх арганізуе. Разам з Папам Францішкам іерарх заклікаў моладзь быць не толькі «пілігрымамі надзеі», але і «апосталамі надзеі», і, працягваючы сваю думку, прывёў словы Папы Льва XIV да моладзі: «Хопіць сядзець! Устаньце з канапаў! Закасвайце рукавы і да працы! Устаньце, не бойцеся!»
На заканчэнне арцыпастыр запытаўся маладых людзей: «Ці вы хочаце заўсёды быць маладымі?»
«Тады трымайцеся Езуса Хрыста, чытайце Божае слова і запрашайце Яго ў свае сэрцы, каб ніколі не састарыцца і не стаміцца душой!»
— узнёсла, як духоўны запавет для моладзі, прагучалі словы арцыбіскупа Станеўскага.
Арцыпастыр напрыканцы сваёй прамовы павіншаваў прысутных іерархаў з юбілеямі: біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB з 25-годдзем святарства і біскупа Казіміра Велікасельца з 80-годдзем жыцця. Пасля чаго адказны за моладзь Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз Андрэй Бурак прывёў статыстычныя лічбы па кожнай пешай і роварнай пілігрымцы, якія сёлета прыбылі ў Будслаў, а прэс-сакратар архідыяцэзіі ксёндз канонік Юрый Санько нагадаў прысутным далейшую праграму ўрачыстасці. Пасля чаго літургічная працэсія вырушыла у сакрыстыю, падбадзёрваючы маладых людзей сяброўскімі жэстамі.







































































































